Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
 
Паўла, слуга Божы і апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,

у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
 
у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,

а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
 
і аб’явіў у свой час Сваё слова, даручаючы мне вясціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага,

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 
Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: ласка і супакой ад Бога Айца і Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.

На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
 
Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:

калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
 
калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.

Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
 
Належыцца бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не авантурнік, не сквапны да нажывы,

а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
 
але гасцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, святы, старанны,

павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
 
які трымаецца праўдзівай навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі нават тых, якія выступаюць супраць.

Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
 
Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абрэзаных,

якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
 
каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысці.

Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
 
Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».

Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
 
Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,

ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
 
не звяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.

У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
 
Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.

Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
 
Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасці няздатныя.