Да Габрэяў 1 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў,
 
Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.

у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў.
 
У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі.

Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні,
 
Ён — водбліск славы і вобраз Яго істоты, Які трымае ўсё словам магутнасці Сваёй і, здзейсніўшы [праз Сябе] ачышчэнне грахоў, сядзіць праваруч велічы на вышынях,

будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя.
 
настолькі вышэйшы за анёлаў, наколькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.

Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
 
Бо каму з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Ты — Сын Мой, Я Цябе сёння спарадзіў»? Або зноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?

Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя».
 
А калі зноў уводзіць Першароднага ў свет, кажа: «І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы».

Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь».
 
А да анёлаў вось што кажа: «Ён творыць анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі полымя агню».

А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго — жазло праўды.
 
А да Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і скіпетр справядлівасці — скіпетр валадарства Твайго.

Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»;
 
Узлюбіў Ты справядлівасць і зненавідзеў беззаконне, таму намасціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх».

І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзеля рук Тваіх;
 
І: «Ты, Госпадзе, напачатку заснаваў зямлю, і неба — стварэнне рук Тваіх.

яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза,
 
Яны прападуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць,

і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца».
 
і, як шаты, скруціш іх, і яны пераменяцца. А Ты Той самы, і гады Твае не скончацца».

Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»?
 
Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль не пакладу ворагаў Тваіх да падножжа ног Тваіх»?

Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне?
 
Ці ж не ўсе яны ёсць паслугуючыя духі, пасланыя на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленне?