Да Габрэяў 13 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Браталюбства, між вамі няхай будзе.
 
Няхай трывае між вамі братняя любоў.

Гасьціннасьці да вандроўнікаў не забывайце; бо празь яе некаторыя, ня ведаючы, гасьцінна прынялі анёлаў.
 
Не забывайцеся пра гасціннасць, бо дзякуючы ёй некаторыя, не ведаючы, анёлам аказалі гасціннасць.

Памятайце вязьняў, як бы і вы зь імі былі ў кайданах, і пакутнікаў, бо і самі вы ў целе.
 
Памятайце пра вязняў, як быццам і вы разам з імі былі зняволенымі, і пра тых, што ў бедах і хваробах, бо і вы самі маеце цела.

Шлюб ва ўсіх няхай будзе пачэсны і ложак беззаганны; а распусьнікаў і пералюбцаў судзіць Бог.
 
Няхай ва ўсіх будзе ў пашане сужэнства і сужыццё беззаганнае, бо распуснікаў і чужаложнікаў судзіць будзе Бог.

Майце нораў несрэбралюбны, задавольвайцеся тым, што ёсьць. Бо Сам сказаў: «не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе»,
 
Хай будуць норавы без сквапнасці; будзьце задаволеныя тым, што маеце. Бо Ён сказаў: «Не адхінуся ад цябе і не пакіну цябе».

так што мы кажам адважна: «Гасподзь мне памочнік, і не збаюся: што зробіць мне чалавек?»
 
Дык трэба, каб з даверам казалі: «Госпад — Успаможца мой, не збаюся, бо што зробіць мне чалавек?»

Спамінайце настаўнікаў вашых, якія дабравесьцілі вам слова Божае, і, гледзячы на канец іхняга жыцьця, пераймайце іхнюю веру.
 
Памятайце пра настаўнікаў вашых, якія абвяшчалі вам слова Божае і, бачачы вынікі іх жыцця, будзьце [іх] пераймальнікамі ў веры.

Ісус Хрыстос учора і сёньня і навекі Той самы.
 
Ісус Хрыстос Той самы ўчора, сёння і навекі.

Вучэньнямі рознымі і чужымі не захапляйцеся; бо добра мілатою мацаваць сэрцы, а ня прысмакамі, ад якіх не атрымалі карысьці тыя, што іх спажывалі.
 
Не дайцеся звесціся рознымі чужымі вучэннямі. Найлепш бо мацаваць сэрца ласкаю, а не ежаю, якая не дапамагла тым, што ганяюцца за ёю.

Мы маем ахвярнік, зь якога ня маюць права карміцца слугі скініі.
 
Маем ахвярнік, з якога не маюць права есці тыя, што паслугуюць у палатцы.

Бо целы жывёлін, кроў зь якіх, на ачышчэньне грэху, уносіцца першасьвятаром у сьвяцілішча, спальваюцца за табарам, —
 
Бо целы тых жывёлін, кроў якіх за грахі прыносіцца першасвятаром у святое, паляцца за лагерам.

дык і Ісус, каб асьвяціць людзей Крывёю Сваёю, пацярпеў па-за брамаю.
 
Таму і Ісус, каб усвяціць народ Сваёй Крывёю, быў замучаны за брамаю.

Дык выйдзем жа да Яго за табар, нясучы Яго паганьбеньне;
 
Дык выйдзем жа і мы да Яго за лагер, пераносячы разам з Ім здзекі,

бо ня маем тут сталага горада, а шукаем будучага.
 
бо не маем тут трывалага горада, але шукаем будучага.

Дык будзем жа празь Яго няспынна прыносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыцца, плод вуснаў, якія славяць імя Ягонае.
 
Дык праз Яго заўсёды будзем складаць ахвяру хвалы Богу, гэта значыць плод вуснаў, праслаўляючых Яго імя.

Не забывайце таксама дабрачыннасьці і шчырай супольнасьці, бо такія ахвяры падабаюцца Богу.
 
не забудзьцеся пра дабрадзейнасць і супольнасць, бо такія ахвяры мілыя Богу.

Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівыя, бо яны нядрэмна рупяцца за вашыя душы, як абавязаныя даць адказ; каб яны рабілі гэта з радасьцю, а ня ўздыхаючы, бо гэта вам не карысна.
 
Слухайце старэйшых вашых і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над душамі вашымі, як абавязаныя разрахавацца. Дык няхай яны гэта з радасцю выконваюць, а не са стогнамі, бо гэта не на карысць вам.

Малецеся за нас; бо мы ўпэўненыя, што маем добрае сумленьне, бо ва ўсім хочам паводзіцца сумленна.
 
Маліцеся за нас, бо ўпэўненыя мы ў тым, што маем добрае сумленне, жадаючы добра ва ўсім рабіць.

Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй вернуты быў вам.
 
Асабліва прашу вас зрабіць так, каб чым хутчэй быў я вернуты вам.

А Бог згоды, Які ўзьнёс зь мёртвых Пастыра авечак вялікага Крывёю запавета вечнага, Госпада нашага Ісуса (Хрыста),
 
Бог жа супакою, Які ўваскрэсіў з мёртвых вялікага Пастыра авечак у Крыві вечнага запавету, Госпада нашага Ісуса,

хай удасканаліць вас у кожнай добрай дзеі, на выкананьне волі Ягонай, творачы ў вас заўгоднае Яму, празь Ісуса Хрыста. Яму слава на векі вечныя! Амін.
 
хай пакіруе вас да ўсякага дабра, каб спаўнялі вы Яго волю, выконваючы ў нас, што Яму падабаецца, праз Ісуса Хрыста, Якому хвала на векі вечныя. Амін.

Прашу вас, браты, прымеце гэтае слова ўмаўленьня; я ж няшмат і напісаў вам.
 
Прашу ж вас, браты, прыміце слова заахвоты, бо толькі трохі напісаў я вам.

Ведайце, што брат наш Цімафей вызвалены, і я разам зь ім, калі ён неўзабаве прыйдзе, пабачу вас.
 
Ведайце, што брат наш Цімафей выпушчаны; з ім разам, калі хутка прыбудзе, пабачу вас.

Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх сьвятых. Вітаюць вас Італійскія.
 
Прывітайце ўсіх вашых старэйшых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што ў Італіі.

Мілата з усімі вамі. Амін.
 
Ласка з вамі ўсімі.