Юда 1 разьдзел
Пасланьне Юды
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
Юда, слуга Ісуса Хрыста, брат Якуба, — тым, што пакліканы, умілаваны ў Богу Айцу і захаваны для Ісуса Хрыста:
міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
хай памножыцца вам міласэрнасць, і супакой, і любоў.
Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне — паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
Каханыя, прыкладаючы ўсю стараннасць, каб напісаць вам пра супольнае наша збаўленне, я палічыў неабходным напісаць вам, каб заахвоціць змагацца за веру, раз і назаўсёды дадзеную святым.
Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Пралезлі бо да вас нейкія людзі, якія здаўна прызначаны на гэтае асуджэнне, бязбожныя, каторыя ласку Бога нашага замяняюць на распусту, і выракаюцца адзінага Валадара і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
Хачу вам прыпомніць, хоць вы ўсё ведаеце, што Госпад найперш вызваліў народ з зямлі Егіпецкай, а пасля выгубіў тых, што не верылі;
і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
анёлаў жа, што не збераглі сваёй дастойнасці, але пакінулі сваё жыллё, звязаных вечнымі путамі, затрымаў у цемрадзі да вялікага суднага дня.
Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, —
Таксама Садом, і Гамора, і суседнія гарады, што падобным чынам аддаваліся жарсцям і ўлягалі за чужым целам, сталіся прыкладам, церпячы кару вечнага агню.
гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
Падобна будзе і тым легкадумным, што паганяць цела, зневажаюць улады ды блюзняць супраць славы [нябеснай].
Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
Калі арханёл Міхал, дыспутуючы, спрачаўся з д’яблам пра цела Майсея, не адважыўся кінуць блюзнерскага асуджэння, але сказаў: «Хай Госпад цябе пакарае».
А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
Яны ж блюзнераць на тое, чаго не ведаюць, а што натуральным спосабам пазнаюць, як неразумныя жывёліны, гэтым самі сябе знішчаюць.
Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
Гора ім, бо пайшлі яны дарогай Каіна, і паддаліся ашуканству за плату, як Балаам, і ў бунце, як Кор, загінулі.
Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта — бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
Яны — ганьба на вашых агапах, што банкетуюць у вас без страху і пасвяць саміх сябе; воблакі без вады, што ветрам гоняцца, дрэвы асеннія бясплодныя, двойчы мёртвыя, выкарчаваныя,
раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
раз’юшаныя віры марскія, што пеняцца сваёю брыдотаю, блукаючыя зоркі, для якіх бясконцасць цемрадзі навек захавана.
Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх —
Вось жа, пра іх праракаваў Энох, сёмы па Адаме, кажучы: «Вось ідзе Госпад з мноствам Сваіх святых,
чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
каб учыніць суд над усімі ды абвінаваціць кожную душу ва ўсіх яе нягодных учынках, у якіх яны чынілі бязбожнасць, і ва ўсіх ліхіх [словах] супраць Яго, якія яны, бязбожныя грэшнікі, прамаўлялі».
Гэта — наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
Яны наракаюць і жаляцца на свой лёс ды жывуць згодна сваёй пажадлівасці, і вусны іх гавораць напышліва, і дзеля карысці бываюць прадузятыя да людзей.
Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
Вы ж, каханыя, майце ў памяці словы, сказаныя апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста,
яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
што яны казалі вам: «У апошні час аб’явяцца насмешнікі, якія будуць жыць паводле бязбожнай пажадлівасці сваёй».
Гэта — людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
Яны быццам жывёлы, што аддзяляюцца ад статку, яны не маюць Духа.
А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
Вы ж, каханыя, грунтуючыся на найсвяцейшай веры вашай, молячыся ў Духу Святым,
захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
у любові Божай захоўвайце саміх сябе, чакаючы міласэрнасці Госпада нашага Ісуса Хрыста на жыццё вечнае.
і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
Да тых, што сумняваюцца, будзьце міласэрнымі,
а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
іх ратуйце, вырываючы з агню, да іншых будзьце міласэрнымі з бояззю, брыдзячыся нават тым апаганеным адзеннем, якое ёсць на целе.
А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
А Таму, Хто можа ўсцерагчы вас ад граху і паставіць беззаганнымі і ў радасці на віду Сваёй славы,
адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.
адзінаму Богу, Збаўцы нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, — слава, веліч, магутнасць ды ўлада перад усімі вякамі, і цяпер, і ў векі вечныя. Амін.