Адкрыцьцё 1 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць рабам Сваім, што мае быць неўзабаве. І Ён паказаў, паслаўшы яго праз Свайго анёла рабу Свайму Яну,
Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў слугам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы праз анёла Свайго, даў знак слузе Свайму Яну,
які сьведчыў пра слова Божае і сьведчаньне Ісуса Хрыста, і што сам бачыў.
які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.
Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі.
Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтваў ды захавае тое, што ў іх напісана; бо час блізкі.
Ян сямі цэрквам, якія ў Азіі: мілата вам і мір ад Таго, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад тронам Ягоным,
Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,
і ад Ісуса Хрыста, Які ёсьць сьведка верны, Першынец зь мёртвых і Ўладар цароў зямных; Яму, Хто палюбіў нас і адмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёю,
і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памёршых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых крывёю Сваёй,
і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму, слава і ўлада на векі вечныя, амін.
і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму хвала і валадарства на векі вечныя. Амін.
«Вось, ідзе з хмарамі; і ўгледзіць яго кожнае вока, і тыя, што «пракалолі Яго»; і заплачуць перад Ім усе плямёны зямныя». Так, амін.
Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амін.
Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, кажа Гасподзь, Які ёсьць, і быў, і прыйдзе, Усеўладны.
Я — Альфа і Амега, кажа Госпад Бог, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.
Я Ян, брат ваш і супольнік у скрусе і ў валадарстве і ў цярпеньнях Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмос, за слова Божае і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў цярпенні Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчання аб Ісусе.
Я быў у духу ў дзень нядзельны і чуў за сабою гучны голас, быццам трубны, які казаў: «Я ёсьць Альфа і Амэга, першы і апошні»;
Я быў у захапленні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
тое, што бачыш, напішы ў кнігу і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эфэс і ў Сьмірну, і ў Пергам і ў Фіятыру, і ў Сардыс, і ў Філядэльфію і ў Лаадыкію.
які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».
Я абярнуўся, каб убачыць, чый голас прамаўляў да мяне; і абярнуўшыся, убачыў сем залатых сьветачаў
Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
і, пасярод сямі сьветачаў, падобнага на Сына Чалавечага, ахінутага ў падыр і на грудзях аперазанага залатым пасам:
і паміж светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгую шату і падперазаны пад грудзі залатым поясам;
галава ў Яго і валасы белыя, як белая воўна, як сьнег; і вочы ў Яго — як полымя вогненнае;
галава ж Яго і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,
і ногі ў Яго падобныя да халкалівану, як распаленыя ў печы; і голас у Яго — як шум водаў вялікіх.
і ногі Яго падобны да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны на гук бурных вод,
Ён трымаў у правіцы Сваёй сем зорак, і з вуснаў ягоных выходзіў востры з двух бакоў меч; і аблічча ў Яго — нібы сонца, што зьзяе ў сіле сваёй.
і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.
І калі я ўбачыў Яго, дык ўпаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. І Ён усклаў на мяне правіцу Сваю і сказаў мне: ня бойся; Я ёсьць першы і апошні
І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я — Першы, і Апошні,
і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы пекла і сьмерці.
і жывы; і быў мёртвым, і вось жывы на векі вечныя, і маю ключы смерці і пекла.
Дык вось, напішы, што ты бачыў, і што ёсьць, і што будзе пасьля гэтага.
Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля.
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у правіцы Маёй, і сямі залатых сьветачаў: сем зорак — анёлы сямі цэркваў; а сем сьветачаў, якія ты бачыў, — сем цэркваў.
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў — гэта сем цэркваў.