Адкрыцьцё 22 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І паказаў мне чыстую раку вады жыцьця, сьветлую, як крышталь, якая выплывала ад трона Бога і Ягняці.
 
І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, ззяючую, светлую, як быццам крышталь, выцякаючую з пасада Бога і Ягняці.

Пасярод вуліцы яго, і па той бок ракі і па гэты, дрэва жыцьця, якое дванаццаць разоў родзіць плады, дае на кожны месяц плод свой; і лісьце дрэва — на ацаленьне народаў.
 
На сярэдзіне вуліцы [горада] і паабапал ракі было дрэва жыцця, што прыносіць дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісце дрэва — для лячэння народаў.

І нічога ўжо ня будзе праклятага; а трон Бога і Ягняці будзе ў ім, і рабы Ягоныя будуць служыць Яму.
 
І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і слугі Яго Яму служыць будуць,

І ўгледзяць аблічча Ягонае, і імя Ягонае будзе на лобе ў іх.
 
і будуць аглядаць аблічча Яго, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.

І ночы ня будзе там, і ня будуць мець патрэбы ні ў сьветачы, ні ў сьвятле сонечным, бо Гасподзь Бог асьвятляе іх; і будуць валадарыць ва векі вечныя.
 
І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асветліць іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.

І сказаў мне: гэтыя словы слушныя і праўдзівыя; і Гасподзь Бог сьвятых прарокаў паслаў анёла Свайго паказаць рабам Сваім тое, што мае быць неўзабаве.
 
І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў Свайго анёла, каб паказаць слугам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.

Вось, прыйду неўзабаве: дабрашчасны той, хто трымаецца словаў прароцтва кнігі гэтае.
 
І вось, прыходжу скора. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі».

Я, Ян, бачыў і чуў гэта. Калі ж пачуў і ўбачыў, прыпаў да ног анёла, які мне паказваў гэта, каб пакланіцца яму;
 
І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.

але ён мне сказаў: глядзі, не рабі гэтага; бо я — саслужнік табе і братам тваім прарокам і тым, хто трымаецца прароцтва кнігі гэтае: Богу пакланіся.
 
І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».

І сказаў мне: не запячатвай слова прароцтва кнігі гэтай; бо час блізкі.
 
І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.

Няправеднік хай яшчэ робіць няпраўду; нячысты хай яшчэ апаганьваецца; праведнік хай творыць праўду яшчэ, і сьвяты хай асьвячаецца яшчэ.
 
Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць [сваю], і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.

Вось, прыйду неўзабаве, і адпомста Мая са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.
 
Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.

Я ёсьць Альфа і Амэга, пачатак і канец, першы і апошні.
 
Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.

Дабрашчасныя тыя, якія захоўваюць запаведзі Ягоныя, каб мець ім права на дрэва жыцьця і ўвайсьці ў горад брамаю.
 
Шчасныя, што мыюць вопраткі свае, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.

А звонку — сабакі і чарадзеі, і любадзейнікі — забойцы, і ідаласлужнікі і кожны, хто любіць і ўчыняе няпраўду.
 
За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.

Я, Ісус, паслаў анёла Майго засьведчыць вам гэта ў цэрквах. Я ёсьць корань і нашчадак Давідаў, зорка сьветлая і золкавая.
 
Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я — корань і род Давідаў, яснеючая ранішняя зорка».

І Дух і нявеста кажуць: прыйдзі! Спрагнены хай прыходзіць, і, хто жадае, няхай бярэ ваду жыцьця задарам.
 
І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай кажа: «Прыйдзі!» І хто смягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.

І я таксама сьведчу кожнаму, хто чуе словы прароцтва кнігі гэтай: калі хто дадасьць што да іх, на таго накладзе Бог пошасьці, пра якія напісана ў кнізе гэтай:
 
Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,

і калі хто адыме што ад словаў кнігі прароцтва гэтага, у таго адбярэ Бог удзел у кнізе жыцьця і ў сьвятым горадзе і ў тым, што напісана ў кнізе гэтай.
 
і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з дрэва жыцця і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.

Той, Хто сьведчыць гэта, кажа: вось, прыйду неўзабаве! Амін. Так, прыйдзі, Госпадзе Ісусе,
 
Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» «Амін. Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!»

Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Госпада Ісуса з усімі.