Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
І ўбачыў я ў правіцы ў Таго, Хто сядзіць на троне, кнігу, напісаную ўсярэдзіне і звонку, запячатаную на сем пячатак.
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.
І ўбачыў я анёла магутнага, Які абвяшчаў гучным голасам: хто варты разгарнуць гэтую кнігу і зьняць пячаткі зь яе?
І ўбачыў магутнага анёла, што правяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»
І ніхто ня мог, ні на небе, ні на зямлі, ні пад зямлёю, разгарнуць гэтую кнігу, ні зірнуць у яе.
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І я моцна плакаў па тым, што не знайшлося вартага разгарнуць і чытаць гэтую кнігу, і нават зірнуць у яе.
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І адзін старац сказаў мне: ня плач, вось, леў з калена Юдавага, корань Давідаў, перамог і можа разгарнуць гэтую кнігу і зьняць сем пячатак яе.
І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось перамог Леў з пакалення Юды, корань Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».
І я глянуў, і вось, пасярод трона і чатырох жывых істотаў і сярод старцаў стаяла Ягня нібы заколатае, і мела сем рагоў і сем вачэй, якія ёсьць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі, пасярод старых Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І Ён прыйшоў і ўзяў кнігу з правіцы Таго, Хто сядзеў на троне.
І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.
І калі Ён узяў кнігу, тады чатыры жывыя істоты і дваццаць чатыры старцы ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гусьлі і залатыя чары, поўныя фіміяму, якія ёсьць малітвы сьвятых;
І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,
і сьпяваюць новую песьню, кажучы: Ты варты ўзяць кнігу і зьняць зь яе пячаткі; бо Ты быў заколаты, і Крывёю Сваёю Ты адкупіў нас Богу з кожнага калена і роду, і народу і племені,
і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,
і зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу нашаму; і мы будзем валадарыць на зямлі!
і ўчыніў нас царствам і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».
І бачыў я, і чуў голас многіх анёлаў вакол трона і жывых істотаў, і старцаў, і лікам іх было процьма цьмы і тысячы тысячаў,
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
якія гаварылі гучным голасам: вартае Ягня заколатае прыняць сілу і багацьце, і мудрасьць і моц, і гонар і славу і дабраславеньне!
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і блаславенства».
І кожнае стварэньне, якое ёсьць на небе і на зямлі, і пад зямлёю і на моры, і ўсё, што ў іх, чуў я, казала: Таму, Хто сядзіць на троне, і Ягняці дабраславеньне і гонар, і слава і сіла на векі вечныя!
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе бласлаўленне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».
І чатыры жывыя істоты казалі: амін! І дваццаць чатыры старцы пакланіліся Таму, Хто жыве ва векі вечныя.
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся.