Адкрыцьцё 5 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
І ўгле́дзіў я ў правіцы Сідзя́чага на пасадзе кнігу, запісаную ссярэдзіны і зьве́рху, запячатаную сямёма пячацямі.
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.
І ўгле́дзіў я Ангела дужога, абвяшчаючы голасам вялікім: Хто го́дзен разгарнуць кнігу і зьняць пячаці яе́?
І ўбачыў магутнага анёла, што правяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»
І ніхто ня здолеў на не́бе ані на зямлі, ані пад зямлёй разгарнуць кнігу й глянуць у яе́.
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І я ве́льмі плакаў, што не знайшлося нікога, годнага разгарнуць і прачытаць кнігу, ці глянуць у яе́.
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.
І адзін із старыкоў кажа мне́: Ня плач! Вось, ле́ў, што з роду Юдавага, карэ́нь Давідавы, перамог, каб разгарнуць кнігу й зьняць се́м пячацяў яе́.
І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось перамог Леў з пакалення Юды, корань Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».
І глянуў я, і вось пасярод пасаду й чатырох жывёлаў ды пасярод старыкоў Ягня́ стаіць, быццам заколенае, маючы се́м рагоў і се́м вачэй, што ёсьць се́м духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі, пасярод старых Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.
І прыйшло ды ўзяло кнігу з правіцы Сідзя́чага на пасадзе.
І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.
І, як узяло кнігу, чатыры жывёлы й дваццаць чатыры старыкі ўпалі прад абліччам Ягня́ці, маючы кожын гусьлі й чары залатыя, поўныя пахнідлаў, што ёсьць малітвы сьвятых;
І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,
і пяюць новую пе́сьню, мовячы: Ты годзен узяць кнігу ды зьняць пячаці з яе́, бо Цябе́ закалолі, і Ты Крывёю Свае́й адкупіў нас Богу із кожнага роду й языка і народу ды паганаў,
і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,
і зрабіў нас Богу нашаму царамі й сьвяшчэньнікамі; і будзем цары́ць на зямлі.
і ўчыніў нас царствам і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».
І глядзе́ў я, і чуў голас множства ангелаў навакол пасаду й жывёлаў і старыкоў; і лічба іх была мірыяды мірыядаў і тысячы тысячаў,
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,
мовячы голасам вялікім: Годна Ягнятка заколенае ўзяць сілу й багацьце, і мудрасьць, і моц, і чэсьць, і хвалу, і багаслаўле́ньне.
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і блаславенства».
І ўсякае стварэньне, што на не́бе й на зямлі, і пад зямлёй, і ў моры, дый усё, што ў іх, чуў я, мовячы: Сідзячаму на пасадзе й Ягняці багаслаўле́ньне і чэсьць, і хвала, і сіла на ве́чныя вякí.
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе бласлаўленне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».
І чатыры жывёлы гаварылі: Амін. І дваццаць чатыры старыкі ўпалі і сукланіліся Жывучаму на ве́чныя вякí.
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся.