Да Філімона 1 разьдзел

Пасланьне да Філімона
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Паўла, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, — Філімону, нашаму ўмілаванаму і супрацоўніку,
 
Паўла, вязень Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, умілаванаму Талімону, супрацоўніку нашаму,

і Анфіі, умілаванай, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе́, і дамовай царкве́ твае́й:
 
і Апфіі, сястры найдаражэйшай, і Архіпу, таварышу нашаму ў змаганні, і царкве, якая ў тваім доме знаходзіцца:

Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы аб табе́ ў малітвах маіх,
 
Дзякую я заўсёды Богу майму, колькі разоў успамінаю цябе ў сваіх малітвах,

чуючы аб любві твае́й і ве́ры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
 
чуючы аб любові тваёй і веры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх святых,

каб супольнасьць ве́ры твае́й аказалася чыннай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце́ Ісусе.
 
каб супольнасць веры тваёй сталася бачнай у пазнанні ўсякіх даброццяў дзейнасці вашай, якія маем у Ісусе Хрысце.

Бо вялікую ма́ем радасьць і паце́ху ў любві твае́й, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
 
Бо вялікую радасць меў я, браце, і пацеху з любові тваёй, бо сэрцы святых супакоіліся праз цябе.

Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу прыказваць табе́, што трэба,
 
Хоць я і маю вялікую адвагу ў Хрысце загадаць табе, што да справы належыць,

праз любоў ле́пей прашу я, як гэты Паўла стары, цяпе́р-жа вязень Ісуса Хрыста.
 
усё ж такі дзеля любові лепш папрашу цябе я, Паўла, стары чалавек, а цяпер і вязень Ісуса Хрыста.

Прашу цябе́ за сына майго Анісіма, якога я спарадзіў у путах маіх,
 
Прашу цябе за майго сына, якога нарадзіў я ў кайданах, Анісіма,

што быў калісь бескарысны для цябе́, а цяпе́р карысны табе́ і мне́, якога я адаслаў,
 
які калісьці быў табе некарысны, а цяпер і мне, і табе карысны,

ты-ж яго, як маё сэрца, прымі.
 
якога я табе вяртаю. Дык ты прымі яго, як маё сэрца.

Хаце́ў я яго пры сабе́ трымаць, каб ён заме́ст цябе́ паслужыў мне́ ў путах за Эвангельле,
 
Хацеў я яго пры сабе затрымаць, каб мне за цябе паслужыў у кайданах дзеля Евангелля.

але без твае́ згоды нічога не хаце́ў зрабіць, каб дабро твае́ ня з прынукі было, а з добрае волі.
 
Але без парады з табою не хацеў зрабіць, каб часам не вымушаным было дабрадзейства тваё, але з добрае волі.

Бо можа ён дзеля таго на час адлучыўся, каб табе́ прыняць яго назаўсёды,
 
Можа быць, што ён адлучыўся ад цябе толькі на кароткі час, каб ты ўзяў яго навек, ужо не як нявольніка,

ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мяне́, а тым бале́й для цябе́ — і па це́лу, і ў Госпадзе.
 
але вышэй за нявольніка, як брата найдаражэйшага, асабліва мне, але тым больш табе, цялесна і ў Госпадзе.

Дык, калі маеш мяне́ за супольніка, прымі яго, як мяне́.
 
Дык калі маеш мяне за супольніка, прымі яго, як мяне.

Калі-ж ён чым скрыўдзіў цябе́, або вінен, лічы гэтае на мне́.
 
Калі ж ён у чым пакрыўдзіў цябе або што вінен, гэта на мяне залічы.

Я, Паўла, напісаў мае́ю рукою: я аддам; каб не казаць табе́, што ты і самым сабою мне́ вінны.
 
Я, Паўла, напісаў уласнаю рукою, што я сплачу табе; каб пры тым не казаць табе, што і ты сабою вінаваты мне.

Гэтак, браце, дай мне́ скарыстацца ад цябе́ ў Госпадзе; супакой мне́ сэрца ў Госпадзе.
 
Так яно, браце! Хачу я табою паслужыцца ў Госпадзе. Падтрымай маё жаданне ў Хрысце.

Спадзяючыся на паслухмянасьць тваю, я напісаў да цябе́, ве́даючы, што ты зро́біш і бале́й, чым кажу.
 
Спадзеючыся на тваю паслухмянасць, напісаў табе, ведаючы, што і больш таго, аб чым прашу, зробіш.

А разам прыгатуй для мяне́ і гаспо́ду; бо спадзяюся, што малітвамі вашымі буду вам падараваны.
 
Адначасова прашу, прыгатуй мне кватэру, бо спадзяюся, дзякуючы вашым малітвам, што буду вернуты вам.

Вітае цябе́ Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Ісуса,
 
Вітае цябе Эпафрас, вязень разам са мною ў Хрысце Ісусе,

Марка, Арыстарх, Дымас, Лука, супрацоўнікі маі.
 
Марк, Арыстарх, Дэмас і Лука, памочнікі мае.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.
 
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.