Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
На пача́тку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было ў Бога спрадве́ку.
Яно было на пачатку ў Бога.
Усё праз Яго ста́лася, і без Яго нічога ня было з таго, што ста́лася.
Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;
У Ім жыцьцё было, і жыцьцё было сьвятло́м для людзе́й.
у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,
І сьвятло́ ў це́мры сьве́ціць, і це́мра не агарнула яго.
і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
Быў чалаве́к, пасла́ны ад Бога; імя яго Іоан.
Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;
Ён прыйшоў дзеля сьве́дчаньня, каб сьве́дчыў аб сьвятле́, каб усе́ мелі ве́ру праз Яго.
ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.
Ня быў ён сьвятлом, але каб сьве́дчыў аб Сьвятле́.
Не быў ён святлом, але [прыйшоў], каб прадставіць сведчанне аб Святле.
Было Сьвятло́ праўдзівае, якое прасьвячае ўсякага чалаве́ка прыходзячы ў сьве́т.
Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, прыходзячы ў гэты свет.
Было Яно на сьве́це, і сьве́т праз Яго стаўся, і сьве́т Яго не пазнаў.
Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.
Да сваіх прыйшло, і свае́ Яго ня прыня́лі.
Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.
А тым, што прыня́лі Яго, ве́руючым у імя Яго, дало Яно ім сілу дзяцьмі Божымі ста́цца, тым, якія ве́руюць у імя Яго,
А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
тым, што не ад крыві, не ад жаданьня це́ла, не ад жаданьня мужа, але ад Бога нарадзіліся.
якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
І Слова це́лам ста́лася і пасялілася між нас, (і бачылі мы славу Яго, славу, як Адзінароднага ад Айца), поўнае ласкі і праўды.
І Слова сталася целам і пасялілася паміж намі, — і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
Іоан сьве́дчыць аб Ім і го́ласна кажа: Гэта Той, пра Якога я сказаў: Той, што пасьля мяне́ йдзе, Ён напе́радзе мяне́ стаў, бо ране́й за мяне́ быў.
Ян дае сведчанне аб Ім і паклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаўся, бо перш за мяне быў».
І ад поўнасьці Яго ўсе́ мы прынялі ласку на ласку;
І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;
бо закон быў да́дзены праз Майсе́я, ласка-ж і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, што ў улоньні Айца, Той зьявіў.
Бога ніхто ніколі не бачыў; адзінародны Бог, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам растлумачыў.
І вось сьве́дчаньне Іоана, як Жыды паслалі з Ерузаліму сьвяшчэньнікаў і лявітаў, каб спыталіся ў яго: хто ты?
І вось сведчанне Яна, калі Юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»
Ён сказаў і ня зрокся, і сказаў: я ня Хрыстос.
І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».
І пыталіся ў яго: дык хто-ж? ты Ільля? І сказаў: не́. Прарок? І адказаў: не́.
Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».
Дык сказалі яму: хто-ж ты? каб нам даць адказ тым, што нас паслалі: што́ ты кажаш аб самым сабе́?
Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»
І сказаў: я голас гука́ючага ў пустыні: Прастуйце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая (Ісая 40:3).
Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: «Рыхтуйце дарогу Госпаду», як сказаў прарок Ісая».
А пасланыя былі ад фарысэяў.
А пасланцы былі з фарызеяў,
І спыталіся ў яго: Дык што-ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ані Ільля, ані прарок?
і спыталіся ў яго: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»
Іоан сказаў ім у адказ: я хрышчу вадой, але паўстаў сярод вас, Каго вы ня ве́даеце;
Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,
гэта Той, што йдзе́ за мною, але напе́радзе мяне́ быў, Якому я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця Яго.
Які па мне прыйдзе, Якому я не варты развязаць рамень сандаляў Яго».
Ста́лася гэта ў Віфавары, за Іорданам, дзе хрысьціў Іоан.
Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.
На другі дзе́нь бачыць Іоан Ісуса ідучы да яго і кажа: вось Ягня Божае, што бярэ на Сябе́ грахі ўсяго сьве́ту.
Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грахі свету.
Гэта Той, аб Якім я сказаў: ідзе́ за мною Муж, Які стаў напе́радзе мяне́, бо ране́й за мяне́ быў;
Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаўся перада мной, бо быў раней за мяне.
і я ня ве́даў Яго; але, каб зьявіўся Ізраілю, прыйшоў я, хрысьцячы вадой.
І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».
І сьве́дчыў Іоан, кажучы: я бачыў Духа, зыходзячы з не́ба, як галуб, і стаў Ён над Ім.
І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як галуб, і застаўся на Ім;
І я ня ве́даў Яго; але Той, што паслаў мяне́ хрысьціць вадой, сказаў мне́: на каго угле́дзіш зыхо́дячы Духа, Гэты і ёсьць Той, што Духам Сьвятым хрысьціць.
і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: «На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым».
І я бачыў і засьве́дчыў, што гэты ёсьць Сын Божы.
І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».
На другі дзе́нь ізноў стаяў Іоан і двое з вучняў яго.
На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,
І, угле́дзіўшы, што йдзе Ісус, сказаў: вось Ягня Божае!
і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».
І пачулі двое з вучняў яго, як казаў гэтае, і пайшлі за Ісусам.
Дык пачулі два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.
Ісус жа, аглянуўшыся і ўгле́дзіўшы, што йдуць за Ім, кажа ім: чаго шука́еце? Яны адказалі Яму: Равві! (г. е. вучыцель) — дзе́ жыве́ш?
Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»
Кажа ім: пайдзе́це і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе́ Ён жыве́, і астава́ліся ў Яго гэты дзе́нь. Было-ж каля дзесятае гадзіны.
Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзесятай.
Адзін з двох, што чулі ад Іоана і пайшлі за Ісусам, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.
Ён пе́ршы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Мэсію (што азначае Хрыста).
Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,
І прывёў яго да Ісуса. Ісус жа, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Іонін, ты назаве́шся Кіфа, што значыць ка́мень (Пётр).
і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Цэфа, што значыць Пётра».
На другі дзе́нь Ісус хаце́ў ісьці ў Галіле́ю і знаходзіць Піліпа ды кажа яму: ідзі за Мною.
Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды напаткаў Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».
Піліп жа быў з Віфсаіды, з ме́ста Андрэя і Пятра.
А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсе́й у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпавага, што з Назарэту.
Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».
Але Натанаіл сказаў яму: ці-ж можа быць што́ добрае з Назарэту? Піліп кажа яму: пайдзі ды паглядзі.
І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрага з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».
Ісус, угле́дзіўшы Натанаіла, як ішоў да Яго, кажа аб ім: вось, запраўды, ізраільцянін, у якім няма няшчырасьці.
Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы Ізраэлец, у якім няма хітрасці».
Натанаіл кажа Яму: скуль ве́даеш мяне́? Ісус адказаў і сказаў яму: пе́рш, чым Піліп паклікаў цябе́, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю.
Натанаэль спытаўся ў Ісуса: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».
І кажа Яму Натанаіл: Равві! Ты Сын Божы! Ты — Цар Ізраіляў!
Адказаў яму Натанаэль: «Раббі, Ты — Сын Божы, Ты — Цар Ізраэля!»
Ісус у адказ сказаў яму: ве́рыш, бо Я сказаў табе: Я бачыў цябе́ пад смакоўніцаю; убачыш больш за гэтае.
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: «Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам», паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».
І кажа яму: запраўды́, запраўды́ кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць не́ба адчы́ненае і ангелаў Божых узыходзячы і сходзячы ўніз да Сына Чалаве́чага.
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».