Яна 8 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Ісус жа пайшоў на гару Аліўную.
 
Затым Ісус пайшоў на Аліўную гару.

Нара́ніцы-ж ізноў прыйшоў у царкву, і ўве́сь народ ішоў да Яго. Ён се́ў і навучаў іх.
 
А на світанні вярнуўся зноў у святыню, і ўвесь народ падышоў да Яго, і, сеўшы, Ён навучаў іх.

Тут кніжнікі і фарысэі прывялі да Яго жанчыну, злоўленую на чужало́жстве, і, паставіўшы яе́ пасярэдзіне,
 
Тут прывялі кніжнікі і фарызеі жанчыну, схопленую на чужаложстве, і паставілі яе на сярэдзіне

сказалі Яму: Настаўнік, гэта жанчына злоўлена на чужаложстве,
 
ды кажуць Яму: «Настаўнік, гэтую жанчыну схапілі толькі што на чужаложстве.

а Майсе́й у законе загада́ў нам пабіваць гэткіх каме́ньнем. Ты-ж што скажаш?
 
Майсей у законе загадаў нам такіх каменаваць. Дык Ты што скажаш?»

Гаварылі-ж гэта спакушаючы Яго, каб знайсьці што-не́будзь дзеля абвінава́чаньня Яго. Але Ісус, нагнуўшыся, пісаў пальцам на зямлі.
 
Казалі ж гэта, выпрабоўваючы Яго, каб мець магчымасць абвінаваціць яго. А Ісус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.

Калі-ж яны не пераставалі пытацца ў Яго, то, падняўшыся, сказаў ім: хто з вас бязгрэшны, пе́ршы кінь ка́мень у яе́.
 
Калі, аднак, не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: «Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень».

І, зноў нагнуўшыся, пісаў на зямлі.
 
І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

Яны-ж, пачуўшы гэтае і дакара́ныя сумле́ньнем, павыходзілі адзін за адным, пачынаючы ад старшых аж да апошніх; застаўся адзін Ісус і жанчына, што стаяла пасярэдзіне.
 
Пачуўшы гэта, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшых, ды застаўся толькі Ён адзін і жанчына, стоячы на сярэдзіне.

Ісус, падняўшыся і ня бачучы нікога апрача жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе́ тваі абвініцелі? Ніхто не асудзіў цябе́?
 
Падняўшыся, Ісус сказаў ёй: «Жанчына, дзе ж яны? Ніхто цябе не асудзіў?»

Яна адказала: ніхто, Госпадзе! Ісус жа сказаў ёй: і Я не асуджаю цябе́: ідзі і больш не грашы́.
 
Адказала яна: «Ніхто, Госпадзе». Дык Ісус сказаў: «І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы».

Зноў кажа Ісус да народу: Я сьвятло́ сьве́ту; хто пойдзе за Мною, той ня будзе хадзіць у це́мры, але ме́ціме сьвятло́ жыцьця.
 
Затым зноў пачаў прамаўляць ім Ісус, кажучы: «Я святло свету, хто ідзе за Мной, не ходзіць у поцемках, але будзе мець святло жыцця».

Тады фарысэі сказалі Яму: Ты Сам аб Сабе́ сьве́дчыш, ды непраўдзівае сьвядоцтва Тваё.
 
Дык сказалі Яму фарызеі: «Ты Сам аб Сабе сведчыш; сведчанне Тваё непраўдзівае».

Адказаў ім Ісус і сказаў: калі Я і Сам аб Сабе́ сьве́дчу, то сьвядоцтва Маё справядлівае, бо Я ве́даю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ве́даеце, адкуль Я і куды іду.
 
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Калі нават  Я сведчу пра Сябе, праўдзівае ёсць сведчанне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы не ведаеце, адкуль прыходжу або куды іду.

Вы судзіце па це́лу; Я ня суджу нікога.
 
Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.

А калі і суджу Я, то суд Мой справядлівы, бо Я не адзін, але Я і Аце́ц, што паслаў Мяне́.
 
А калі суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.

І ў законе-ж вашым напісана, што сьве́дчаньне двох чалаве́к справядлівае (Другазаконьне 19:15).
 
Дый у законе вашым напісана, што сведчанне двух людзей ёсць праўдзівае.

Я Сам сьве́дчу аб Сабе́ і сьве́дчыць аба Мне́ Аце́ц, Які паслаў Мяне́.
 
Я Той, Хто Сам аб Сабе сведчыць, і сведчыць пра Мяне Айцец, Які Мяне паслаў».

Тады сказалі Яму: дзе́ Аце́ц Твой? Ісус адказаў ім: вы ня ве́даеце ні Мяне́, ні Айца Майго. Калі-б вы ве́далі Мяне́, ве́далі б і Айца Майго.
 
Дык сказалі Яму: «А дзе ж Твой Айцец?» Адказаў Ісус: «Вы ані Мяне не ведаеце, ані Айца Майго; бо калі б вы Мяне ведалі, ведалі б і Айца Майго».

Гэтыя словы гаварыў Ісус ля скарбніцы, калі вучыў у царкве́; і ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ ня прыйшоў час яго.
 
Гэтыя словы выказаў Ён, навучаючы ў святыні пры скарбоне; і ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надышла гадзіна Яго.

І ізноў сказаў ім Ісус: Я адыходжу, і будзеце шукаць Мяне́; і паўміраеце ў грэху сваім. Куды іду Я, вы прыйсьці ня мо́жаце.
 
І зноў сказаў Ён ім: «Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памрэце ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсці не можаце».

Жыды-ж гаварылі: ці не заб’е́ Ён Сябе́ Сам, што кажа: куды Я іду, вы ня мо́жаце прыйсьці?
 
Дык казалі Юдэі: «Няўжо Ён заб’е Сам Сябе, што кажа: Куды Я іду, вы не можаце пайсці?»

І сказаў ім: вы ад нізу, Я-ж з вышыні; вы з гэтага сьве́ту, Я ня з гэтага сьве́ту;
 
І Ён адказаў ім: «Вы — ад нізу, а Я — з вышыні; вы — з гэтага свету, а Я — не з гэтага свету.

сказаў жа Я вам, што паўміраеце ў грахох вашых; бо калі не паве́рыце, што гэта Я, то памрэцё ў грахох вашых.
 
Вось чаму Я вам сказаў, што памрэце ў вашых грахах; бо, калі не паверыце, што Я ёсць, — памрэце ў грахах вашых».

Яны-ж сказалі Яму: хто-ж Ты? І сказаў ім Ісус: Адпача́тны, як і кажу вам;
 
Дык казалі Яму: «Хто Ты?» Сказаў ім Ісус: «Адпачатны, менавіта так вам і гавару.

многа ма́ю гаварыць аб вас і судзіць; але Той, што паслаў Мяне́, справядлівы, што Я чуў ад Яго, тое й кажу сьве́ту.
 
Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць; але Той, Хто Мяне паслаў, праўдзівы, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю свету».

Не зразуме́лі, што Ён гаварыў ім аб Айцу.
 
Аднак не зразумелі, што гаварыў Ён ім пра Айца.

І сказаў ім Ісус: як падыймеце Сына Чалаве́чага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што нічога ня ро́блю ад Сябе́, але як наўчыў Мяне́ Аце́ц Мой, так і гавару.
 
Сказаў ім тады Ісус: «Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсць, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое абвяшчаю, чаму Мяне навучыў Айцец.

І са Мною Той, што паслаў Мяне́: Аце́ц не пакінуў Мяне́ аднаго, бо Я заўсёды ро́блю тое, што падабаецца Яму.
 
Той, Хто Мяне паслаў, ёсць са Мной; не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю заўсёды тое, што Яму падабаецца».

Калі Ён гаварыў гэтае, многія ўве́равалі ў Яго.
 
Калі Ён гэта казаў, многія паверылі ў Яго.

Тады сказаў Ісус уве́раваўшым у Яго Жыдом: калі астанецёся ў слове Маім, дык запраўды́ вы вучні Маі.
 
Казаў затым Ісус да тых Юдэяў, якія ў Яго паверылі: «Калі вы вытрываеце ў слове Маім, станецеся сапраўды Маімі вучнямі

І пазна́еце праўду, і праўда зробіць вас вольнымі.
 
і пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць».

Яму адказалі: мы се́мя Аўраама і нікому ніколі ня былі рабамі; як жа Ты кажаш: ста́нецеся вольнымі.
 
Адказалі Яму: «Мы — патомства Абрагама, і мы ніколі нікому не служылі. Як жа Ты кажаш: «Будзеце свабодныя?»

Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: усякі, хто грашы́ць, ёсьць нявольнік грэху.
 
Адказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: кожны, хто чыніць грэх, ёсць нявольнік.

Але раб ня жыве́ ў доме ве́чна: сын астае́цца ве́чна.
 
Але нявольнік не жыве ў доме вечна; Сын жа жыве вечна.

Дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то запраўды́ вольнымі будзеце.
 
Таму, калі Сын вас вызваліць, сапраўды свабоднымі будзеце.

Ве́даю, што вы се́мя Аўраама, аднак жа шука́еце, каб забіць Мяне́, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас.
 
Ведаю, што вы — патомства Абрагама; але імкнецеся Мяне забіць, таму што словы Мае не дасягаюць вас.

Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.
 
Я абвяшчаю тое, што Я бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што вы чулі ад бацькі вашага».

Яны адказалі Яму і сказалі: аце́ц наш — Аўраам. Ісус сказаў ім: калі-б вы былі дзе́ці Аўраама, то рабілі бы ўчынкі Аўраамавы.
 
Адказалі яны і сказалі Яму: «Бацька наш ёсць Абрагам». Кажа ім Ісус: «Калі б вы былі сыны Абрагама, рабілі б справы Абрагама.

А цяпе́р шука́еце, як забіць Мяне́, чалаве́ка, што сказаў вам праўду, якую чуў ад Бога; Аўраам гэтага не рабіў.
 
А вы імкняцеся цяпер Мяне забіць, Чалавека, Які вам абвяшчаў праўду, якую пачуў ад Бога; гэтага Абрагам не рабіў!

Вы робіце ўчынкі айца вашага. На гэтае сказалі Яму: мы не з распусты роджаны; аднаго Айца ма́ем, Бога.
 
Але вы робіце справы бацькі вашага». Сказалі тады Яму: «Мы — не народжаныя ў чужаложстве: аднаго маем Айца — Бога».

Ісус сказаў ім: калі-б Бог быў ваш Аце́ц, то вы любілі-б Мяне́, бо Я з Бога выйшаў і прыходжу; бо Я ня Сам ад Сябе́ прыйшоў, але Ён паслаў Мяне́.
 
Сказаў ім Ісус: «Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне; бо Я ад Бога выйшаў і іду, і не Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.

Чаму вы не разуме́еце гутаркі Мае́? Бо ня можаце слышаць слова Майго.
 
Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы не здольны слухаць словы Мае.

Ваш аце́ц д’ябал, і вы хочаце выпаўняць жаданьні айца вашага. Ён быў душагуб ад пачатку і ня ўстоіў у праўдзе; бо яе́ няма ў ім. Калі ён гаворыць брахню, гаворыць сваё, бо ён брахун і бацька ілжы.
 
Вы — ад бацькі д’ябла і жаданні бацькі вашага выконваць хочаце. Ён быў забойцам ад пачатку і ў праўдзе не вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусню, гаворыць ад сябе, бо ён — хлус і бацька хлусні.

А як Я праўду гавару, то ня ве́рыце Мне́.
 
А як Я праўду кажу, не верыце Мне.

Хто з вас дака́жа Мой грэх? Калі-ж Я гавару праўду, чаму вы ня ве́рыце Мне́?
 
Хто з вас абвінаваціць Мяне ў граху? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне не верыце?

Хто ад Бога, той слухае словы Божыя; вы затым ня слухаеце, што вы не ад Бога.
 
Хто з Бога, той словы Божыя слухае; а вы таму не слухаеце, што вы не з Бога».

На гэтае адказалі Яму Жыды і сказалі: ці-ж няпраўду мы кажам, што Ты Самаранін, і што злы дух у Табе́?
 
Адказалі Юдэі і сказалі Яму: «Ці ж не добра мы кажам, што Ты — Самарытанін і дэмана маеш?»

Ісус адказаў: у ва Мне́ чарта́ няма; але Я паважаю Айца Свайго, а вы зьняважа́еце Мяне́.
 
Адказаў Ісус: «Я дэмана не маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зневажаеце.

Дый Я-ж ня шукаю сла́вы для Мяне́; ёсьць Той, што шукае і судзіць.
 
Я не шукаю Сваёй славы; але ёсць Той, Хто шукае і судзіць.

Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто выпаўняе слова Маё, ня ўгле́дзіць сьме́рці даве́ку.
 
Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі хто зберажэ словы Мае, не ўбачыць смерці вечна».

Жыды сказалі Яму: цяпе́р даве́даліся мы, што ў Табе́ чорт. І Аўраам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: хто вы́паўніць слова Маё, той не спазнае сьме́рці даве́ку.
 
Дык Юдэі сказалі Яму: «Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: «Калі хто зберажэ словы Мае, не пакаштуе смерці вечна».

Няўжо-ж Ты большы за айца нашага Аўраама, які ўмёр? і прарокі ўмярлі: за каго Ты Сябе́ выдае́ш?
 
Няўжо Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. Кім Ты Сам Сябе робіш?»

Ісус адказаў: калі Я Сам Сябе́ выслаўля́ю, то сла́ва Мая нішто. Мяне́ выслаўля́е Аце́ц Мой, аб каторым вы гаворыце, што Ён Бог ваш.
 
Адказаў Ісус: «Калі Я Сам Сябе слаўлю, слава Мая — нішто; ёсць Айцец Мой, Які Мяне славіць, і аб Якім вы кажаце: «Ён — Бог наш!»,

І вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго, і калі скажу, што ня знаю Яго, то буду падобны да вас брахун. Але Я знаю Яго і выпаўняю слова Яго.
 
але вы не зразумелі Яго. Ды Я Яго ведаю. І, калі б Я сказаў: «Не ведаю Яго», быў бы падобным вам хлусам; але ведаю Я Яго і словы Яго берагу.

Аўраам, аце́ц ваш, рад быў бачыць дзе́нь Мой; і ўгле́дзіў і ўце́шыўся.
 
Абрагам, бацька ваш, шукаў, каб убачыць дзень Мой, і ўбачыў, і ўсцешыўся».

На гэтае сказалі Яму Жыды: Табе́ няма яшчэ пяцідзесяцёх гадоў, і Ты бачыў Аўраама?
 
Сказалі Яму Юдэі: «Пяцьдзесят гадоў яшчэ не маеш і бачыў Абрагама?»

Ісус адказаў ім: запраўды́, запраўды́ кажу вам: пе́рш, чымся нарадзіўся Аўраам, быў Я.
 
Сказаў ім Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: перш чым Абрагам быў, Я ёсць».

Тады ўзялі каме́ньні, каб кінуць у Яго, але Ісус укрыўся і выйшаў з царквы, прайшоўшы між імі; і пайшоў дале́й.
 
Дык Юдэі схапілі камяні, каб кідаць у Яго, але Ісус скрыўся і выйшаў са святыні.