Яна 14 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Няхай не сумляваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ве́руйце ў Мяне́.
Хай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце.
У доме Айца Майго многа сьвятліц; каб жа ня гэтак было, сказаў бы Я вам: іду прырыхтаваць вам ме́сца.
У доме Айца Майго жытла многа; калі б было менш, сказаў бы Я вам, бо іду прыгатаваць вам месца.
І, калі пайду і прыгатую вам ме́сца, прыйду ізноў і вазьму вас да Сябе́, каб і вы былі, дзе́ Я.
І калі адыду ды прыгатую вам месца, зноў прыйду і прыму вас да Сябе, каб і вы былі там, дзе Я буду.
І куды йду, ве́даеце, і дарогу ве́даеце.
І куды Я іду, вы дарогу ведаеце».
Кажа Яму Хама́: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзе́ш; дык як можам ве́даць дарогу?
Сказаў Яму Тамаш: «Госпадзе, не ведаем, куды ідзеш; а як жа можам ведаць дарогу?»
Ісус сказаў яму: Я і дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто ня прыходзе да Айца, калі не цераз Мяне́;
Кажа яму Ісус: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі праз Мяне.
калі-б вы пазналі Мяне́, пазналі-б і Айца Майго; і ад сяньня ве́даеце Яго і бачылі Яго.
Калі вы Мяне пазналі, то і Айца Майго таксама ведаеце; і адгэтуль вы ведаеце Яго і бачыце Яго».
Кажа яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Айца, і годзе з нас.
Кажа Яму Піліп: «Госпадзе, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
Кажа яму Ісус: гэтулькі часу я з вамі, і ты не пазнаў Мяне́, Піліп? Хто бачыў Мяне́, бачыў Айца; як жа ты кажаш: пакажы нам Айца?
Кажа яму Ісус: «Ужо так доўга Я з вамі, і вы не пазналі Мяне, Піліп? Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца. Як жа ты кажаш: «Пакажы нам Айца»?
Ці ж ты ня ве́рыш, што Я ў Айцу і Аце́ц у-ва Мне́? Словы, што кажу вам Я, ад Сябе́ не кажу. Аце́ц, што ў-ва Мне́, Ён робіць дзе́лы.
Не верыце, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне? Словы, якія Я вам кажу, не ад Сябе Самога кажу; Айцец, Які заўсёды ўва Мне, робіць справы Свае.
Ве́рце Мне́, што Я ў Айцу, і Ён у-ва Мне; калі-ж не́, ве́рце Мне́ па самых учынках.
Верце Мне, што Я — у Айцу, а Айцец — ува Мне, а як не, дык дзеля саміх учынкаў верце.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, будзе рабіць учынкі, якія Я ро́блю, дый большыя за іх зробіць: бо Я да Айца Майго іду.
Сапраўды, сапраўды, кажу вам: хто верыць у Мяне, той будзе рабіць справы, якія Я раблю, а нават большыя за тыя ўчыніць, бо Я іду да Айца.
І чаго папросіце ў імя Маё, тое зро́блю, каб уславіўся Аце́ц у Сыне.
І пра што толькі прасіць будзеце Айца ў імя Маё, зраблю гэта, каб Айцец быў праслаўлены ў Сыне;
Чаго папросіце ў імя Маё, Я зроблю.
калі Мяне аб чым прасіць будзеце ў імя Маё, Я зраблю.
Калі любіце Мяне́, спо́ўніце Мае́ за́паведзі.
Калі Мяне любіце, захоўвайце пыказанні Мае;
І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Пацяшы́целя, каб быў з вамі даве́ку,
і Я буду прасіць Айца, і іншага Суцяшальніка дасць вам, каб заставаўся з вамі навек,
Духа праўды, Якога сьве́т ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго, а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць і ў вас будзе.
Духа праўды, Якога свет не можа прыняць, бо Яго не бачыць і не ведае. Вы Яго ведаеце, бо сярод вас Ён застаецца ды ў вас будзе.
Не пакіну вас сіротамі: прыйду да вас.
Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
Яшчэ трохі, і сьве́т ужо ня ўбачыць Мяне́, а вы ўбачыце Мяне́, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
Яшчэ трохі, і свет Мяне ўжо не ўбачыць; але вы Мяне ўбачыце, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
У той дзе́нь даве́даецеся, што Я ў Айцу, і вы ў-ва Мне́, і Я ў вас.
Вось у той дзень пазнаеце, што Я — у Айцу Маім, і вы — ува Мне, і Я — у вас.
Хто мае за́паведзі Мае́ і выпаўняе іх, той любіць Мяне́, а таго, хто любіць Мяне́, любіцімець Аце́ц Мой, і Я палюблю Яго і зьяўлюся яму Сам.
Хто мае прыказанні Мае і беражэ іх,— гэта той, хто Мяне любіць; а хто Мяне любіць, таго любіць будзе Айцец Мой, і Я яго любіць буду, і аб’яўлю яму Сябе Самога».
Кажа Яму Юда (не Іскарыёт): Госпадзе, чаму гэта Ты хочаш зьявіць Сябе́ нам, а ня сьве́ту?
Кажа Яму Юда, не той Іскарыёт: «Госпадзе, што гэта сталася, што Ты маеш аб’явіцца нам, а не свету?»
І адказаў яму Ісус і сказаў: хто любіць Мяне́, той спаўняе слова Маё; і Аце́ц Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго.
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Калі хто Мяне любіць, будзе берагчы слова Маё, і Айцец Мой палюбіць яго, і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго;
Хто ня любіць Мяне́, не выпаўняе слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, што паслаў Мяне́.
хто Мяне не любіць, не беражэ слова Майго. А слова, якое чуеце, не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне, Айца.
Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
Гэта вам сказаў, між вас знаходзячыся.
Пацяшыцель жа, Дух Сьвяты, Якога пашле́ Аце́ц у імя Маё, навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я казаў вам.
А Суцяшальнік, Дух Святы, Якога Айцец пашле ў імя Маё, Ён вас усяму навучыць ды прыпомніць вам усё, што Я вам казаў.
Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; даю-ж вам ня так, як сьве́т дае́: няхай не сумлява́ецца сэрца вашае і не баіцца.
Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; не як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае, і няхай не ведае страху.
Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі-б вы любілі Мяне́, то ўце́шыліся бы, што Я сказаў: іду да Айца, бо Аце́ц Мой большы за Мяне́.
Чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыходжу да вас. Калі б вы Мяне любілі, сапраўды цешыліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец большы за Мяне.
І сказаў Я вам цяпе́р — пе́рш, чым ста́лася, каб вы паве́рылі, як ста́нецца.
І цяпер сказаў Я вам, перш чым станецца тое, каб, калі станецца, паверылі.
Ужо нямнога Мне́ гаварыць з вамі; бо йдзе́ князь гэтага сьве́ту і ў-ва Мне́ ня ма́е нічога.
Шмат ужо не буду вам гаварыць, надыходзіць ужо князь [гэтага] свету, але ён не мае нічога ўва Мне,
Але, каб сьве́т ве́даў, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне́ Аце́ц, так ро́блю, — устаньце, пойдзем адгэтуль.
але, каб свет пазнаў, што Я люблю Айца ды, як Айцец Мне даў загад, так раблю. Падыміцеся, пойдземце адсюль.