Яна 7 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003
Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо Жыды шукалі, як бы забіць Яго.
І пасля таго Ісус хадзіў па Галілеі, бо Ён не хацеў хадзіць па Юдэі, бо Юдэі імкнуліся забіць Яго.
Блізка-ж было сьвята жыдоўскае кучкі.
І быў паблізу Юдэйскі святочны дзень палатак.
Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.
Сказалі затым Яму браты Яго: «Адыдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія робіш.
Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;
Бо ніхто не робіць чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы Сябе свету».
бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.
Бо і браты Яго не верылі ў Яго.
Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час;
Кажа ім тады Ісус: «Яшчэ не надышоў Мой час, а ваш час заўсёды.
вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.
Вас свет не можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.
Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.
Вы ідзіце на свята, а Я не пайду на гэтае свята, бо час Мой яшчэ не споўніўся».
І, сказаўшы гэтае ім, астаўся ў Галіле́і.
І, калі сказаў гэта, Сам застаўся ў Галілеі.
Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшо́ў на сьвята, ня яўна, але як-быццам пата́йна.
Але калі браты Яго адправіліся на свята, то і Ён пайшоў, не яўна, але быццам употай.
Жыды-ж шукалі Яго на сьвяце й пыталіся: дзе́ Ён?
А ў час свята шукалі Яго Юдэі і казалі: «Дзе Ён?»
І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не́, бо зводзіць народ.
І шмат гамонкі пра Яго было ў натоўпе. Адны казалі: «Ён добры!»; а другія казалі: «Не, Ён зводзіць людзей».
Але-ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся Жыдоў.
Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна з-за боязі перад Юдэямі.
У палове-ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.
І ўжо а палове святочнага дня Ісус увайшоў у святыню і стаў навучаць.
І дзівіліся Жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучы́ўшыся?
А Юдэі дзівіліся, кажучы: «Адкуль Ён ведае Пісанне, хаця не вучыўся?»
Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;
Дык адказаў ім Ісус і казаў: «Мая навука не Мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.
хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.
Калі хто хоча выконваць волю Яго, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я Сам ад Сябе гавару.
Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той пра́ведны, і няма ў ім няпраўды.
Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй хвалы шукае, але Хто шукае хвалы Таго, Хто Яго паслаў, Той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконня.
Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?
Ці не Майсей даў вам закон? Але ніхто з вас не робіць па закону. Чаму імкнецеся Мяне забіць?»
Народ адказаў: ці ня чорт у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?
Адказалі людзі, кажучы: «Дэмана маеш! Хто імкнецца Цябе забіць?»
Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Я зрабіў адну справу, а ўсе дзівіцеся.
Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абраза́еце чалаве́ка;
Вось, Майсей перадаў вам абразанне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.
калі ў суботу абраза́ецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною, што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?
Калі чалавек прымае абразанне ў суботу і не парушаецца закон Майсея, дык чаму злуецеся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
Ня судзіце па вы́гляду, але судзіце судом справядлівым.
Дык не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом».
Іншыя-ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
Дык некаторыя з ерузалімцаў казалі: «Ці гэта Той, Якога імкнуцца забіць?
Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
Бо вось яўна прамаўляе, і нічога Яму не кажуць. Ці сапраўды пераканаліся кіраўнікі, што Ён — Хрыстос?
Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.
Але мы ведаем Яго, адкуль Ён родам, а калі прыйдзе Хрыстос, ніхто не ведае, адкуль Ён прыйдзе».
І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце;
А Ісус, навучаючы ў святыні, усклікнуў, кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце, адкуль Я. І Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы не ведаеце.
Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне́.
Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».
І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.
Дык імкнуліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго гадзіна.
Многія-ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, няўжо-ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?
І многія з людзей паверылі ў Яго, і яны казалі: «Ці ж, калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў учыніць, чым Ён учыніў?»
Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі й архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.
А калі фарызеі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарызеі і першасвятары слуг, каб Яго ўзяць.
Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі, і пайду да Паслаўшага Мяне́.
Сказаў тады Ісус: «Кароткі толькі час буду з вамі, і пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.
Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
Будзеце Мяне шукаць і не знойдзеце, і дзе Я буду, вы туды не можаце прыйсці».
І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць Грэкаў?
Дык сказалі Юдэі адзін аднаму: «Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго не знойдзем? Няўжо Ён пойдзе ў расцярушанне да Грэкаў ды будзе Грэкаў навучаць?
Што́ маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?»
Што ж гэта за слова, якое сказаў: «Шукаць Мяне будзеце і не знойдзеце», ды: «Туды, дзе Я, вы не можаце прыйсці»?
У апошні-ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу ма́е, ідзі да Мяне́ і пі.
А ў апошні вялікі дзень свята стаў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п’е;
Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні, з жывата пацякуць рэкі вады́ жывое.
хто верыць у Мяне. Як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з нутра яго».
Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ на іх Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус усла́ўлены.
А так казаў аб Духу, Якога мелі атрымаць тыя, што вераць у Яго. І не было яшчэ [на іх] Духа, бо Ісус не быў яшчэ ўслаўлены.
Многія з народу, чуўшы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.
І многія з тых людзей, калі пачулі гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок»;
Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?
іншыя ж казалі: «Гэта Хрыстос»; а яшчэ іншыя гаварылі: «Ці ж Хрыстос прыходзіць з Галілеі?
Ці-ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?
Ці ж Пісанне не сказала: «З роду Давіда, з селішча Бэтлегэм, адкуль быў Давід, прыходзіць Хрыстос»?
Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.
І ўзнікла спрэчка наконт Яго ў натоўпе.
Некато́рыя-ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.
І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?
Прыйшлі затым слугі да першасвятароў і фарызеяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы Яго не прывялі?»
Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалаве́к.
Слугі адказалі: «Ніводзін чалавек так не гаварыў, як Ён».
Фарысэі сказалі ім: няўжо-ж і вас зьвялі?
Дык адказалі ім фарызеі: «Ці і вы Ім зведзены?
Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?
Ці ўверыў у Яго хоць хто з начальнікаў або фарызеяў?
Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.
А гэты натоўп, які не ведае закону, пракляты».
Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:
Кажа ім Нікадэм, той, што прыйшоў да Яго раней і што быў адным з іх:
ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня вы́слухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?
«Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не спазнае, што ён робіць?»
На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.
Адказалі яму і сказалі: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што прарок не паўстае з Галілеі».
І разыйшліся да дому.
Ды вярнуліся кожны ў свой дом.