Адкрыцьцё 17 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І прыйшоў адзін із сямёх Ангелаў — тых, што ме́лі се́м ча́раў, í прамовіў да мяне́, кажучы мне́: Хадзі, я пакажу табе́ суд над распусьніцай вялікай; што сядзіць над водамі многімі,
 
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Хадзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі,

з якою блудзілі цары зямныя, і віном распуснасьці яе́ ўпіваліся жыхары зямлі.
 
з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе».

І павёў мяне ў духу ў пустыню. І ўгле́дзіў я жанчыну, сядзючы́ на зьве́ру чырвоным, поўным імёнаў блюзьне́рскіх, з сямёма галовамі і дзесяцьма рагамі,
 
І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнерскіх, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.

І жанчына апрануўшыся ў порфіру і пурпур і аздобленая золатам і дарагім каме́ньнем ды пэрламі, маючы ў руцэ свае́й чару залатую, поўную агіды й бруду распусты яе́;
 
Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і пэрламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нячыстасці сваёй распусты,

і на лобе ў яе напісана слова: та́йна, Вавілён вялікі, маці распусьніц і агіды зямное.
 
і на сваім чале мела напісанае тайнае імя: «Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі».

І ўбачыў я, што жанчына ап’янела ад крыві сьвятых і ад крыві сьве́дкаў Ісусавых; і, ба́чучы яе́, дзівіўся я задзіўле́ньнем вялікім.
 
І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем.

І сказаў мне́ Ангел: Што́ ты дзівуешся? Я табе́ скажу тайну жанчыны і зьве́ра, што носіць яе́ ды мае се́м галоў і дзе́сяць рагоў.
 
І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.

Зьве́р, якога ты бачыў, быў і няма, і выйдзе з бяздоньня і пойдзе на пагібель; і задзíвяцца жы́хары зямлі (імёны якіх не запісаны ў кнігу жыцьця ад пачатку сьве́ту), бачучы зьве́ра, што быў і няма, хаця ёсьць.
 
Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця.

Тут розум, які ма́е мудрасьць. Се́м галоў ёсьць се́м гор, дзе́ жанчына сядзіць на іх, ды ёсьць се́м цароў:
 
Вось тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў — гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў.

пяць упалі, і адзін ёсьць, другі яшчэ ня прыйшоў; калі-ж прыйдзе, нядоўга ма́е быць.
 
Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў, і, калі прыйдзе, будзе дадзены яму кароткі час прабыць.

І зьве́р, які быў і няма, сам ёсьць восмы ды із сямех і на пагібель ідзе́.
 
І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.

І дзе́сяць рагоў, што ты бачыў, ёсьць дзе́сяць цароў, якія йшчэ царства не ўзялі, але возьмуць уладу, як цары, на адну гадзіну разам са зьве́рам;
 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам.

яны маюць адну думку і сілу ды ўладу сваю аддадуць зьве́ру.
 
У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу.

Яны будуць вясьці вайну з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Яно — Госпад валадароў і Цар цароў, і тыя, што з Ім, — пакліканыя і выбраныя і ве́рныя.
 
Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя.

І кажа мне́: Воды, што ты бачыў, дзе́ сядзіць распусьніца, ёсьць народы й грамады, і плямёны й языкі.
 
І кажа ён мне: «Вада, што ты бачыў, на якой сядзіць распусніца, — гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы.

І дзе́сяць рагоў, што бачыў ты на зьве́ру, тыя зьненавідзяць распусьніцу і спустошаць яе́ ды аголяць, і це́ла яе́ будзе зье́дзена, і спаляць яе́ ў вагнí;
 
Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём.

бо Бог даў у сэрца ім учыніць волю Ягоную ды ўчыніць аднадумна і даць царства іхняе зьве́ру, дакуль ня споўняцца словы Божыя.
 
Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя.

І жанчына, якую ты бачыў, ёсьць ме́ста вялікае, што ма́е царства над царамі зямнымі.
 
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі».