Адкрыцьцё 5 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І ўба́чыў я ў пра́вай руцэ́ Таго, Хто сядзíць на прасто́ле, кнігу, напíсаную ўсярэ́дзіне і зво́нку, запяча́таную сямю́ пяча́цямі.
 
І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.

І ўба́чыў я А́нгела мо́цнага, Які ўскліка́ў гу́чным го́ласам: хто́ дасто́йны разгарну́ць гэтую кнігу і зняць пяча́ці яе?
 
І ўбачыў магутнага анёла, што правяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»

І ніхто — ні на не́бе, ні на зямлí, ні пад зямлёю — не мог ані разгарну́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе.
 
І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.

І я многа пла́каў, таму што не знайшло́ся нікога дасто́йнага ані разгарну́ць і чыта́ць кнігу, ані зазірну́ць у яе.
 
І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.

І адзін са ста́рцаў ка́жа мне: не плач — вось, леў з кале́на Іу́давага, ко́рань Давíдаў, перамо́г, каб разгарну́ць кнігу і зняць сем пяча́цяў яе.
 
І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось перамог Леў з пакалення Юды, корань Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».

І я ўба́чыў: вось, паміж прасто́лам і чатырма́ жывёламі і паміж ста́рцамі стаíць А́гнец, нíбы зако́латы, Які ма́е сем раго́ў і сем вачэ́й, — гэта сем ду́хаў Божых, пасла́ных на ўсю зямлю́.
 
І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі, пасярод старых Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

І Ён падышо́ў і ўзяў кнігу з пра́вай рукí Таго, Хто сядзе́ў на прасто́ле.
 
І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.

І калі Ён узяў кнігу, тады чаты́ры жывёлы і два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі перад А́гнцам, і кожны з іх меў гу́слі і залаты́я ча́шы, поўныя фімія́му, — гэта малíтвы святы́х;
 
І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,

і спява́юць новую песню, ка́жучы: Ты дасто́йны ўзяць кнігу і зняць пяча́ці яе; бо Ты быў зако́латы, і Крывёю Сваёю Ты вы́купіў нас для Бога з кожнага кале́на, і ро́ду, і наро́да, і пле́мені,
 
і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,

і зрабіў нас цара́мі і свяшчэ́ннікамі Богу нашаму; і мы будзем ца́рстваваць на зямлі.
 
і ўчыніў нас царствам і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».

І ба́чыў я, і чуў голас мно́ства А́нгелаў вакол прасто́ла, і жывёл, і ста́рцаў, і была́ колькасць іх — вялікае мно́ства і ты́сячы ты́сяч;
 
І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,

яны гавары́лі гу́чным го́ласам: А́гнец зако́латы дасто́йны прыня́ць сíлу, і бага́цце, і му́драсць, і моц, і паша́ну, і сла́ву, і благаславе́нне.
 
што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і блаславенства».

І кожнае стварэ́нне, якое ёсць на не́бе, і на зямлі, і пад зямлёю, і на мо́ры, і ўсё, што ў іх, чуў я, каза́ла: Таму, Хто сядзíць на прасто́ле, і А́гнцу — благаславе́нне, і паша́на, і сла́ва, і сіла на ве́кі вяко́ў.
 
Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе бласлаўленне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».

І чаты́ры жывёлы каза́лі: амíнь. І два́ццаць чаты́ры ста́рцы ўпа́лі і пакланíліся Таму, Хто жыве́ ў ве́кі вяко́ў.
 
І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся.