Марка 1 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,
Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
як напíсана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою».
Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
«Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму».
Голас таго, хто кліча ў пустыні: прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму».
З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.
З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і вешчучы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалíмляне, і хрысцíліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.
І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы сваёй і еў акры́ды і дзікі мёд.
Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падперазаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах, і еў саранчу і дзікі мёд.
І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілíўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;
І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, схіліўшы галаву, развязаць рамень пасталоў Яго.
я хрысцíў вас вадою, а Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым.
Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысцíўся ад Іаана ў Іардане.
І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.
І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы, ды Духа, як галуба, што сыходзіў на Яго.
І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.
І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.
І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.
І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага
А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку Божую
і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.
і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сíмана і Андрэя, брата Сíманавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былí рыбаловы.
І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.
І сказаў ім Ісус: «Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.
І адразу, пакінуўшы сеці, яны пайшлі за Ім следам.
І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;
І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеевага і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
і адразу паклíкаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.
І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.
І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.
І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,
І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.
кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.
Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з чалавека!»
І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.
І нячысты дух, раздзіраючы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?
І задзівіліся ўсе ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.
І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сíмана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.
І, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі адразу ў дом Сімона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
А це́шча Сíманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.
І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.
І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.
А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных дэманамі;
І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.
і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.
І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
І паспяша́ліся ўслед Яму Сíман і тыя, што былí з ім.
Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.
І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.
А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя вёскі, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.
Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.
І прыступіўся да Яго пракажоны і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Іісус жа, злíтаваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.
І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.
І адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,
І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.
кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.
Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.