2 да Карынфянаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат, — Царкве Божай, якая ў Карынфе, з усімі святымі па ўсёй Ахаіі:
 
Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат, Царкве Божай, што ў Карынце, з усімі святымі, што ва ўсёй Ахаі:

благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог ўсякага суцяшэння,
 
Бласлаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння,

Які суцяшае нас ва ўсякім горы нашым, каб мы маглі суцяшаць іншых ва ўсякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.
 
Які суцяшае нас у кожным нашым горы, каб мы самі маглі суцяшаць тых, што ў якой-колечы бядзе, суцяшэннем, якім самі суцяшаемся ад Бога.

Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і суцяшэнне наша.
 
Бо як у нас памнажаюцца цярпенні Хрыстовы, так і праз Хрыста павялічваецца суцяшэнне нашае.

І калі мы церпім гора, дык гэта дзеля суцяшэння вашага і спасення, якое здзяйсняецца праз трыванне тых самых пакут, што і мы церпім;
 
І, калі мы смуткуем, дык для суцяшэння вашага і для збаўлення; а калі мы суцяшаемся, дык для вашага суцяшэння, каб вы цярпліва пераносілі гэтыя самыя пакуты, якія і мы церпім.

і надзея наша адносна вас цвёрдая. І калі мы суцяшаемся, дык гэта дзеля вашага суцяшэння і спасення, паколькі ведаем, што вы супольнікі як пакут нашых, так і суцяшэння.
 
І надзея наша на вас цвёрдая, бо ведаем, што вы ёсць супольнікі як пакут, так і суцяшэння.

Бо мы не хочам пакінуць вас, браты, у няведанні пра гора наша, якое здарылася з намі у Асіі: было нам надзвычай цяжка, звыш нашых сіл, так што не спадзяваліся мы застацца жывымі.
 
Не хочам, браты, каб вы не ведалі пра наша гора, якое сталася ў Азіі, бо нас страшна прыціснула звыш сілы, так што не спадзяваліся жыць.

Але самі ў сабе адчувалі прысу́д на смерць, каб спадзявацца нам не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,
 
Але мы самі ў сабе мелі прысуд смерці, каб не пакладаліся на саміх сябе, але на Бога, Які ўваскрашае мёртвых.

Які ад такой смерці збавіў нас і збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць,
 
Ён і выбавіў нас ад такой смерці, і выбаўляе, і мы маем у Ім надзею, што і далей будзе выбаўляць,

пры садзейнічанні і вашай малітвы за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.
 
за дапамогай вашых малітваў за нас, каб за той дар, што мы маем ад многіх людзей, многія падзяку складалі за нас.

Бо ў тым пахвала наша, сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці перад Божай, не па плоцкай мудрасці, а па благадаці Божай паводзілі сябе ў свеце, асабліва ж у дачыненні да вас.
 
Бо пахвала наша — гэта сведчанне сумлення нашага, што ў прастаце ды ў шчырасці перад Богам, і не ў цялеснай мудрасці, але ў ласцы Божай жылі мы на свеце, асабліва ў вас.

І мы пішам вам не іншае што, а тое, што вы чытаеце і разумееце; і спадзяюся, што да канца зразумееце,
 
Не пішам вам нічога, як толькі тое, што вы чытаеце і што разумееце. Спадзяюся, што і да канца будзеце разумець.

як вы часткова і зразумелі нас, што мы будзем вашаю пахвалою, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 
Вы ўжо часткова зразумелі нас, што мы ёсць пахвала ваша, а вы — наша ў дзень Госпада нашага Ісуса.

І ў гэтай упэўненасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі благадаць,
 
І з такім даверам я ўжо раней хацеў прыбыць да вас, каб атрымалі вы паўторную ласку,

і ад вас перайсці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсці да вас, і каб вы правялі мяне ў Іудзею.
 
і ад вас прайсці ў Мацэдонію, а з Мацэдоніі зноў прыйсці да вас, каб вы правялі мяне ў Юдэю.

Маючы такое жаданне, хіба я зрабіў легкадумна́ Альбо тое, што я вырашаю, хіба па плоці вырашаю, так што ў мяне то «так, так», то «не, не»?
 
Калі я меў гэткі намер, ці рабіў гэта легкадумна? Ці тое, што я задумваю, паводле цела задумваю, каб было ў мяне: «так, так» і «не, не»?

Верны ж Бог, што слова наша да вас не было то «так», то «не».
 
Верны Бог, што слова нашае, якое было ў вас, — не было «так» і «не»!

Бо Сын Божы Іісус Хрыстос, прапаведаны сярод вас намі — мною, і Сілуанам, і Цімафеем, — не быў то «так», то «не», а ў Ім было «так»,
 
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы вам прапаведавалі, — я, і Сіліван, і Цімафей, — не быў: «так» і «не», але ў Ім было «так».

бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — «так» і ў Ім — «амінь» Богу на славу праз нас.
 
Бо колькі абяцанняў Божых, у Ім — «так». Таму таксама праз Яго «Амін» Богу на хвалу праз нас.

А Той, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і Хто памазаў нас, — Бог,
 
А Той, Хто нас умацоўвае разам з вамі ў Хрысце, ды Хто нас намасціў, ёсць Бог,

Які і паклаў на нас пячаць, і даў залог Духа ў сэрцы нашы.
 
Які палажыў на нас пячатку Сваю ды пакінуў заруку Духа ў сэрцах нашых.

Бога заклікаю як сведку душы́ маёй, што, шкадуючы вас, я больш не прыходзіў у Карынф;
 
Дык прызываю ў сведку Бога й душу маю, што, шкадуючы вас, я дасюль не прыходзіў у Карынт,

гэта не значыць, што мы ўладарым над вераю вашаю, а мы садзейнічаем радасці вашай; бо ў веры вы цвёрдыя.
 
не з-за таго, што мы валадарым над верай вашай, але мы памочнікі вашае радасці, бо ў веры вы трывалыя.