2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Мы ж, як суработнікі Яго, просім вас, каб не марна прынялí вы благадаць Божую.
 
Мы, як супрацоўнікі, заклікаем вас, каб вы не надарма прынялі ласку Божую,

Бо ска́зана: «у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень спасення дапамог табе». Вось цяпер час добраспрыяльны, вось цяпер дзень спасення.
 
бо Ён кажа: «У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўлення ўспамог табе». Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўлення!

Мы нікому ні ў чым не даём нагоды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нараканняў на служэнне,
 
Не даючы нікому магчымасці спатыкнення, каб не глуміліся са служэння,

але ва ўсім праяўляем сябе як служыцелі Божыя: у вялікім цярпенні, у горасцях, у нястачах, у бедах,
 
ва ўсім мы яўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасці, у горы, у нястачы, ва ўцісках,

пад ударамі, у цямніцах, у сму́тах, у цяжкай працы, у няспа́нні, у паста́х,
 
пад ударамі, у вязніцах, у бунтах, у спрацаванасці, у недаспаннях, у пастах,

у чысціні, у разважлівасці, у доўгацярплівасці, у добрасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай,
 
у чыстасці, у мудрасці, у вялікадушнасці, у дабраце, у Духу Святым, у непадробнай любові,

у слове ісціны, у сіле Божай, са зброяю праведнасці ў правай і ў левай руцэ,
 
у слове праўды, у магутнасці Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і левай руцэ,

у славе і ганьбе, пры знявагах і пахвала́х; нас лíчаць ашуканцамі — а мы праўдзівыя,
 
у пашане і ў ганьбе, у знеслаўленні і ў добрай славе; нібы ашуканцы, ды праўдамоўныя,

лічаць невядомымі — а нас ведаюць, лічаць памерлымі — а мы, вось, жывыя; нас караюць — а мы не паміраем;
 
быццам няведамыя, ды вядомыя,быццам паміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не забітыя насмерць,

нас засмуча́юць — а мы заўсёды радуемся, мы бедныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім валодаем.
 
як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога не маюць, а ўсім валодаюць.

Вусны нашы адкрыты да вас, Кары́нфяне, сэрца наша расшы́рана.
 
Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карынцяне, нашае сэрца пашырылася.

Вам не цесна ў нас, а цесна вам унутры вас.
 
Вам не цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.

Адкажыце нам узаемнасцю, — як дзецям кажу, — шырока адкрыйцеся і вы.
 
Адгадзіце нам тым самым спосабам, як да сваіх дзяцей кажу: адкрыйцеся і вы.

Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо разам з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Або што агульнага ў святла з цемраю?
 
Не запрагайцеся з няверуючымі ў адно ярмо. Бо што мае агульнага справядлівасць з несправядлівасцю? Або якая супольнасць святла з цемраю?

І якая згода паміж Хрыстом і Веліярам? Або які саўдзел вернага з няверным?
 
Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веруючага з няверуючым?

Якая сумяшчальнасць храма Божага з ідалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.
 
Або якое суладдзе святыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсць святыня Бога жывога, як кажа Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

Таму выйдзіце з асяроддзя іх і аддзяліцеся, кажа Гасподзь, і не дакранайцеся да нечыстаты́, і Я прыму вас;
 
Таму выйдзіце ад іх і адлучыцеся з іх асяроддзя, кажа Госпад, і не дакранайцеся да нячыстага, і Я вас прыму,

і буду вам Айцом, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Уседзяржыцель».
 
і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Госпад Усемагутны».