Дзеі 1 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
Пе́ршую кнігу, Фео́філе, напіса́ў я пра ўсё, што Іісус рабíў і чаму вучы́ў
Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць
ад пача́тку да таго́ дня, калі Ён ўзнёсся, да́ўшы праз Духа Свято́га настаўле́нні Апо́сталам, якіх Ён абра́ў,
аж да дня, у які быў узяты [у неба], даўшы даручэнні праз Духа Святога апосталам, якіх Ён выбраў.
пе́рад якíмі Ён і пасля́ паку́т Сваіх паказа́ў Сябе́ жывы́м у шматлíкіх до́казах, на праця́гу сарака́ дзён яўля́ючыся ім і гаво́рачы пра Царства Бо́жае;
Па Сваёй смерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.
і, сабра́ўшы іх, Ён загада́ў ім: з Іерусалíма не адлуча́йцеся, а чака́йце абяца́нага Айцо́м, пра што вы чу́лі ад Мяне́;
І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне,
бо Іаа́н хрысцíў вадо́ю, а вы бу́дзеце хры́шчаны Ду́хам Святы́м праз не́калькі дзён.
што Ян хрысціў вадою, а вось вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым».
Таму́ яны, сышо́ўшыся, пыта́ліся ў Яго́, ка́жучы: Го́спадзі, ці не ў гэты час аднаўля́еш Ты ца́рства Ізра́ілю́
Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраныя, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?»
Ён жа сказа́ў ім: не ва́ша спра́ва ве́даць часы́ і тэ́рміны, якíя Айце́ц устанавíў Сваёю ўла́даю;
Ён жа сказаў ім: «Не ваша [справа] ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,
але вы атрыма́еце сілу, калі сы́дзе Святы́ Дух на вас, і бу́дзеце Мне све́дкамі ў Іерусалíме, і ва ўсёй Іудзе́і і Самары́і, і аж да кра́ю зямлі.
але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі».
І, сказа́ўшы гэта, Ён узня́ўся, паку́ль яны глядзе́лі, і во́блака схава́ла Яго ад вачэ́й іх.
І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.
І калі яны ўзіра́ліся ў не́ба, як Ён аддаля́ўся, ра́птам паўста́лі перад íмі два мужы́ ў бе́лым адзе́нні,
Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось жа, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,
якія сказа́лі: мужы́ Галіле́йскія! чаго вы стаіце́, угляда́ючыся ў неба́ Гэты Іісус, Які ўзнёсся ад вас на неба, пры́йдзе такім са́мым чы́нам, як вы ба́чылі Яго, калі ўзыхо́дзіў на неба.
і сказалі яны: «Мужы Галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, што ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, узыходзячага ў неба».
Тады вярну́ліся яны ў Іерусалíм з гары́, называ́най Елео́н, што непадалёку ад Іерусалíма, на адле́гласці хады́ субо́тняга дня.
Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.
І, увайшо́ўшы, паднялíся ў святлíцу, дзе і застава́ліся яны: Пётр і Іа́каў, Іаа́н і Андрэ́й, Філíп і Фама́, Варфаламе́й і Матфе́й, Іа́каў Алфе́еў і Сíман Зіло́т, ды Іу́да Іа́каўлеў;
І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда Якубаў.
усе яны аднаду́шна трыва́лі ў малíтве і мале́нні ра́зам з жанчы́намі і Мары́яй, Маці Іісу́савай, і з брата́мі Яго.
Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго.
І ў дні тыя Пётр, ста́ўшы пасяро́д ву́чняў, —
У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, — а там быў людскі натоўп каля ста дваццаці чалавек, — Пётра сказаў:
а было́ сабра́ных каля́ ста дваццацí асо́б, — сказаў: мужы́ браты́! нале́жала здзе́йсніцца таму́, што ў Піса́нні прадказа́ў Дух Святы́ ву́снамі Давíда пра Іу́ду, які стаў павадыро́м тых, што ўзялí Іісуса;
«Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса,
бо ён быў залíчаны да нас і атрыма́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэ́тае;
што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні.
але ён набы́ў зямлю́ за ўзнагаро́ду няпра́ведную і, нізры́нуўшыся, разадра́ўся пасярэ́дзіне, і вы́валілася ўсё нутро́ яго;
Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго.
і гэта ста́ла вядо́ма ўсім жыхара́м Іерусалíма, так што была́ назва́на зямля́ та́я на іх ула́снай мо́ве Акелдама́, што зна́чыць «зямля́ крывí»;
І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць Поле крыві.
бо напíсана ў кнíзе псалмо́ў: «няха́й ста́не двор яго пусты́м, і няха́й ніхто́ не жыве́ ў ім», і: «паса́ду яго няха́й пры́ме íншы»;
Бо ў кнізе псалмаў напісана: «Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве», ды: «Хай пасаду яго атрымае хто іншы».
таму́ трэба, каб з тых мужо́ў, што хадзíлі з на́мі ўвесь час, — калі прыйшо́ў і знахо́дзіўся сяро́д нас Гаспо́дзь Іісус,
Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус,
пачына́ючы ад хрышчэ́ння Іаа́навага і да таго́ дня, як Ён узнёсся ад нас, — адзін стаў ра́зам з намі све́дкам уваскрасе́ння Яго.
пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго».
І паста́вілі дваіх: Іо́сіфа, называ́нага Варса́вам, які быў празва́ны Іу́стам, і Матфíя;
І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Матэя.
і, памалíўшыся, сказалі: Ты, Го́спадзі, Сэрцаве́дзе ўсіх, пакажы́ аднаго́, якога Ты вы́браў з гэтых двух,
І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў
каб ён прыня́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэтае і апо́стальства, ад якога адпа́ў Іу́да і пайшо́ў у сваё месца.
заняць месца той паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца».
І далí жэ́рабі ім, і вы́пала жэ́рабя на Матфíя, і ён быў прылíчаны да адзіна́ццаці Апо́сталаў.
І кінулі між іх жэрабя, і жэрабя выпала на Матэя, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.