Дзеі 1 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Першы нарыс, о Хахілю, уклаў я праз усе, што Ісус пачаў заразом чыніць і навучаць,
 
Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць

Аж да тога дня, каторага Ён узьнёсься, даўшы Сьвятым Духам расказаньне апосталам, каторых Ён абраў,
 
аж да дня, у які быў узяты [у неба], даўшы даручэнні праз Духа Святога апосталам, якіх Ён выбраў.

Перад каторымі й стаў жывы, па замучаньню, зь бесьпярэчнымі довадамі, будучы бачаны імі на працягу сараку дзён і кажучы праз гаспадарства Божае.
 
Па Сваёй смерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.

І, зьбершы, расказаў ім не адхінацца ад Ерузаліму, але «чакайце абяцанага ад Айца, што вы чулі ад Мяне;
 
І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне,

Бо Яан запраўды хрысьціў у вадзе, а вы будзеце хрышчаны за колькі дзён Сьвятым Духам».
 
што Ян хрысціў вадою, а вось вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым».

Затым яны, зышоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: «Спадару, ці ня гэтага часу Ты адновіш гаспадарства Ізраелю?»
 
Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраныя, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?»

Ён жа сказаў ім: «Ня вам знаць часы альбо поры, каторыя Айцец паклаў у ўладзе Сваёй;
 
Ён жа сказаў ім: «Не ваша [справа] ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,

Але вы прыймеце магутнасьць, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Імне сьветкамі ў Ерузаліме а ў вусёй Юдэі а ў Самары а аж да канца зямлі».
 
але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі».

І, сказаўшы гэта, як яны глядзелі, Ён быў узяты, і булак прыняў Яго ад ачоў іхных.
 
І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.

І як яны ўцяміліся ў неба, як Ён узыходзіў, і вось, два мужы сталі перад імі ў белым адзецьцю,
 
Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось жа, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,

І каторыя сказалі: «Мужы Ґалілейскія, чаго вы стаіце, гледзячы на неба? Гэта Ісус, узяты ад вас на неба, такім парадкам прыйдзе, як вы бачылі ўзыходзячага Яго на неба».
 
і сказалі яны: «Мужы Галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, што ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, узыходзячага ў неба».

Тады яны зьвярнуліся да Ерузаліму з гары, званае Аліўнаю, што ля Ерузаліму, маючы сыботняга дня дарогу.
 
Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.

І, увыйшоўшы, узышлі да верхняга пакою, ідзе перабывалі разам Пётра а Яан а Якаў а Андрэй, Піліп а Хама, Баўтрамей а Мацьвей, Якаў Алфеенак а Сымон Зылот а Юда, брат Якаваў.
 
І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда Якубаў.

Гэтыя ўсі перабывалі згодна, кажначасна ў малітве із жанкамі а Марыяй, Маці Ісусавай, а з братамі Ягонымі.
 
Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго.

І тымі днямі Пётра, стаўшы пасярод братоў, — груду наймя разам было каля сту дваццацёх, —сказаў:
 
У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, — а там быў людскі натоўп каля ста дваццаці чалавек, — Пётра сказаў:

«Мужы браты, належыла выпаўніцца Пісьму, што Дух Сьвяты прарок вуснамі Давіда празь Юду, каторы стаў правадыром тых, што ўзялі Ісуса;
 
«Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса,

Бо ён лічыўся меж нас і адзяржаў дзель у службе гэтай.
 
што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні.

Дык гэты купіў поле заплатаю за бяспраў’е і, стрымгалоў паўшы, раськяпіўся пасярэдзіне, і выпаў увесь нутр ягоны.
 
Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго.

І гэта стала ведама ўсім жыхарам Ерузаліму, так што тое поле было названа ў нарэччу іхным собскім Акельдама, значыцца, поле крыві.
 
І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць Поле крыві.

Бо напісана ў кнізе псальмаў: "Няхай дамова ягоная будзе пустая, і няхай ня будзе жывучага ў ёй", а "Урад ягоны вазьмі іншы".
 
Бо ў кнізе псалмаў напісана: «Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве», ды: «Хай пасаду яго атрымае хто іншы».

Дык належыцца, каб із мужоў, што прапушчалі нас увесь час, у каторым Спадар Ісус уходзіў і выходзіў памеж нас,
 
Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус,

Пачынаючы ад хрысту Яанавага аж да дня, як быў узяты ад нас, каб адзін із тых стаў сьветкаю з намі ўскрысеньня Ягонага».
 
пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго».

І яны пастанавілі двух: Язэпа, званага Вараваю, каторага мянушка была Юст, і Мацьвея.
 
І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Матэя.

І, молячыся, сказалі: «Ты, Спадару, усіх сэрцаў ведамча, пакажы з гэтых двух аднаго, каторага Ты абраў,
 
І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў

Заняць месца ў службе гэтай і апосталства, ад каторага Юда адпаў, каб ісьці на месца свае».
 
заняць месца той паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца».

І кінулі на жэрабя на іх, і пала жэрабя на Мацьвея, і ён быў залічаны да адзінанцацёх апосталаў.
 
І кінулі між іх жэрабя, і жэрабя выпала на Матэя, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.