Да Каласянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Паўла, з волі Божае апостал Хрыста Ісуса, а Цімох брат,
Паўла, з волі Божай апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей, брат,
Сьвятым а верным братом у Хрысту, каторыя ў Колосе: ласка вам а супакой ад Бога Айца нашага а Спадара Ісуса Хрыста.
тым святым і веруючым братам у Хрысце, што ў Калосах: ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага.
Дзякуем Богу а Айцу Спадара нашага Ісуса Хрыста, кажначасна молячыся за вас,
Дзякуем Богу Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас
Чуўшы празь веру вашу ў Хрысту Ісусу а празь міласьць, каторую вы маеце да ўсіх сьвятых
і чуючы пра веру вашу ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую маеце да ўсіх святых,
Дзеля надзеі, пакладзенай вам у нябёсах, праз што вы ўперад чулі ў слове праўды Дабравесьці,
дзеля надзеі, якая прыгатавана для вас на небе, аб якой чулі вы раней у слове праўды Евангелля,
Каторая прышла да вас, як і на ўвесь сьвет, даець плады й расьціць, як і памеж вас, з тога дня, калі вы пачулі й запраўды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
якая дайшла да вас, як і па ўсім свеце разышлася, і дае плады, і расце, як і ў вас ад таго дня, у якім вы пачулі ды пазналі ласку Божую ў праўдзе,
Як і навучыліся ад Епафры, любовага сунявольніка нашага і вернага слугачага Хрыстовага дзеля вас,
як вы навучыліся ад Эпафраса, супрацоўніка нашага найдаражэйшага, вернага для вас слугі Ісуса Хрыста,
Каторы і наказаў нам праз міласьць вашу ў Духу.
які таксама паведаміў нам пра вашую любоў у Духу.
Затым і мы з тога дня, як пачулі, не перастаем маліцца й прасіць за вас, каб вы напоўніліся запраўдным веданьням волі Ягонае ў вусёй мудрасьці й разуменьню духоўным;
Таму і мы ад таго дня, у якім гэта пачулі, не перастаём за вас маліцца і прасіць Бога, каб вы напоўніліся пазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і духоўным разуменні,
Каб хадзілі годна Спадара ў вусім годзячы, даючы плод у кажнай добрай працы і растучы праўдзівым знацьцём Бога,
і каб жылі дастойна Бога, ва ўсім падабаючыся [Яму], прыносячы плод у кожным добрым дзеянні і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,
Мацуючыся кажнай сілаю подле магутнасьці славы Ягонае ў вусёй трывалкосьці а цярплівосьці з радасьцяй,
дужэючы ўсякай сілаю паводле магутнасці славы Яго ва ўсякай цярплівасці і велікадушнасці, з радасцю
Дзякуючы Айцу, Каторы ўчыніў нас годнымі да ўчасьця ў дзелі сьвятых на сьвеце,
дзякуючы Айцу, Які ўчыніў вас дастойнымі ўдзельнічаць у лёсе святых у свеце,
Каторы выбавіў нас ад улады цемні і перавёў да гаспадарства ўмілаванага Сына Свайго,
Які вырваў нас з улады цемры і перанёс у Валадарства Сына ўлюбёнага Свайго,
У каторым мы маем адкупленьне, дараваньне грахоў,
у Якім атрымалі мы адкупленне, адпушчэнне грахоў.
Каторы ё абраз Бога нявідомага, народжаны ўперад за ўсе стварэньне;
Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першынец усяго стварэння,
Бо Ім створана ўсе, што на нябёсах і што на зямлі, відомае й нявідомае: ці пасады, ці спадарствы, ці князствы, ці ўлады, — усе Ім і дзеля Яго створана;
бо ў Ім заснавана ўсё, што ёсць у небе і на зямлі, бачнае і нябачнае, ці то троны, ці то валадаранні, ці начальствы, ці ўлады. Усё праз Яго і для Яго створана,
І Ён ёсьць уперад за ўсе, і ўсе Ім дзяржыцца.
і Ён ёсць перад усім, і ўсё ў Ім заключаецца.
І Ён галава цела царквы; Ён — пачатак, пяршак ізь мертвых, каб Ён меў пяршынство ў вусім;
І Ён — Галава цела Царквы; Ён — Пачатак, Першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён трымаў першынства,
Бо ўзьлюб было Айцу, каб у Ім жыхарыла ўся паўніня,
бо спадабалася [Богу], каб у Ім прабывала ўсякая поўня,
І каб пагадзіць Ім усе із Сабою, сьціхамірыўшы Ім, крывёй крыжа Ягонага, ці то земнае, ці то нябёснае.
каб праз Яго ўсё пагадзіць з Сабою, ці што на зямлі, ці што ў небе ёсць, робячы супакой крывёю крыжа Яго.
І вас, што калісь былі аддаленыя і непрыяцелі ў душы, робячы благія ўчынкі,
І вас, што былі калісьці чужымі і ворагамі праз схільнасць да ліхіх учынкаў,
Цяпер Ён пагадзіў целам Сваім перазь сьмерць, каб пастанавіць вас сьвятымі а беззаганнымі а бязупічнымі перад Сабою,
цяпер пагадзіў у целе смерцю цела Свайго, каб паставіць вас перад Сабою святымі, беззаганнымі і бездакорнымі,
Калі запраўды трываеце ў веры непахісныя а цьвярдыя і не адхінаецеся ад надзеі Евангелі, каторую вы чулі, каторая абяшчана ўсім стварэнцам пад небам, каторай я, Паўла, стаў слугачым.
калі толькі застанецеся моцнымі верай, стойкімі і непарушнымі ў надзеі Евангелля, якое вы чулі, якое абвяшчаецца ўсяму стварэнню, якое пад небам, якога я, Паўла, стаўся слугою.
Цяпер я цешуся зь цярпеньняў сваіх за вас і дапаўняю нястачу атугаў Хрыстовых на целе сваім за цела Ягонае, каторае ё Царква,
Цяпер радуюся я з цярпенняў за вас і дапаўняю тое, чаго нестае з пакут Хрыстовых, у сваім целе за Цела Яго, якім ёсць Царква,
Каторай я стаў слугачым подле загады Божае, данае імне ўзглядам вас, каб выпаўніць слова Божае,
якой я стаўся слугою за пастановай Божай, дадзенай мне адносна вас, каб я споўніў слова Божае,
Тайну, закрытую ад вякоў і пакаленьняў, але цяпер аб’яўленую сьвятым Ягоным,
тайну, схаваную ад вякоў і пакаленняў, а цяпер выяўленую Яго святым,
Каторым Бог зычыў наказаць, што за багацьце было б славутае тайны гэтае памеж народаў, каторая ё Хрыстос у вас, надзея славы,
якім захацеў Бог выявіць багацці хвалы гэтае тайны сярод паганаў. Гэта ёсць Хрыстос між вамі, надзея хвалы.
Каторага мы абяшчаем, перасьцерагаючы кажную людзіну і навучаючы кажную людзіну ўсяе мудрасьці, каб пастанавіць кажную людзіну дасканальнай у Хрысту;
Яго абвяшчаем мы, навучаючы кожнага чалавека ва ўсякай мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце.
Дзеля чаго я й працую, змагаючыся подле дзеяньня Ягонага, каторае дзее ў імне магутна.
Дзеля гэтага я і працую, ваюючы пры Яго садзеянні, якім Ён ува мне дзейнічае магутна.