2 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Паўла а Сілван а Цімох — царкве Салунскай у Богу, Айцу нашым, а Спадару Ісусу Хрысту:
 
Паўла, і Сіліван, і Цімафей Тэсалонскай царкве ў Богу, Айцу нашым, і Госпадзе Ісусе Хрысце:

Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста.
 
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.

Мы маем заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, як належа, бо вера ваша вельма расьцець, і міласьць кажнага з усіх вас аднаго да аднаго множыцца;
 
Дзякаваць павінны мы заўсёды Богу за вас, браты, як і належыцца, бо вера вашая вельмі ўзрастае ды ўзаемная любоў між вамі ўзмацняецца,

Так што мы самы хвалімся вамі ў цэрквах Божых трывалкосьцяй вашай і вераю ў вусіх перасьледаваньнях а атугах, каторыя вы пераносіце.
 
так што мы самі хвалімся вамі ў цэрквах Божых дзеля вашай цярплівасці і веры ва ўсіх пераследаваннях вашых і прыгнётах, якія пераносіце,

Гэта яўны довад справядлівага суду Божага, каб вы былі годныя гаспадарства Божага, дзеля каторага церпіце.
 
на доказ справядлівага суда Божага, каб аказаліся вартымі Валадарства Божага, дзеля якога і церпіце.

Бо запраўды справядліва ў Бога адплаціць немарасьцяй тым, каторыя вас немарасьцяць,
 
Бо справядліва ёсць у Бога адгадзіць прыгнётам тым, якія вас прыгнятаюць,

А вам, немарашчаным, супачынак із намі ў часе зьяўленьня Спадара Ісуса зь неба, з ангіламі магутнасьці Ягонае,
 
і вам, якія прыгнёт пераносіце, даць супачынак з намі ў час аб’яўлення з неба Госпада нашага Ісуса з анёламі магутнасці Яго,

У палаючым агню, імсьцячыся тым, каторыя ня знаюць Бога, і тым, каторыя не паддаюцца Дабравесьці Спадара нашага Ісуса Хрыста,
 
у полымі агню, несучы адплату тым, што не ведаюць Бога і не слухаюць Евангелля Госпада нашага Ісуса.

Каторыя будуць плаціць кару вечнае загубы, ад віду Спадаровага і ад славы магутнасьці Ягонае,
 
Яны атрымаюць пакаранне вечнай пагібеллю ад аблічча Госпада і славы магутнасці Яго,

Як Ён прыйдзе таго дня ўславіцца ў сьвятых Сваіх, і захопяцца Ім усі верачыя, бо паверылі сьветчаньню нашаму вам.
 
калі Ён прыйдзе праславіцца ў Сваіх святых ды ў той дзень здзівіць усіх, якія паверылі, бо вы паверылі нашаму сведчанню ў гэты дзень.

Дзеля гэтага мы заўсёды молімся за вас, каб Бог наш учыніў вас годнымі пагуканьня і споўніў усе зычэньне дабрыні і ўчынак веры ў магутнасьці,
 
Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб Бог наш зрабіў вас годнымі Свайго паклікання і напоўніў вас магутнасцю ва ўсякім жаданні добрага і ўчынках веры,

Так што ўславіцца імя Спадара нашага Ісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, подле ласкі Бога нашага а Спадара Ісуса Хрыста.
 
каб праславілася ў вас імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Госпада Ісуса Хрыста.