Да Каласянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Значыцца, калі вы суўскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце гарыннага, ідзе Хрыстос сядзіць паправе Бога.
 
Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога,

Праз гарыннае думайце, а не празь земнае.
 
пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.

Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу.
 
Бо вы — памёршыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу!

Як жа Хрыстос зьявіцца, жыцьцё нашае, тады й вы зьявіцеся зь Ім у славе.
 
Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё вашае, тады і вы аб’явіцеся з Ім у хвале.

Дык памярцьвіце земныя чаланы вашыя: бязулства, нечысьціню, жарсьць, нягодную жадлівасьць а гальлівасьць, каторая балвахвалства,
 
Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства,

За каторыя гнеў Божы прыйдзе на сыноў непаслухменства,
 
праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей недаверства,

У каторых вы калісь абарачаліся, як жылі ў іх.
 
сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі.

Але цяпер і вы адкладзіце ўсе: абурэньне, гнеў, злоснасьць, блявузґаньне, брыдкую мову з вуснаў сваіх.
 
Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзнерствы і брыдкія словы з вуснаў вашых.

Не маніце адны адным, зьдзеўшы старую людзіну з учынкамі ейнымі,
 
Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі

І адзеўшыся ў новую, што аднаўляецца ў супоўным знацьцю подле абраза Таго, Каторы стварыў яе,
 
і прыадзеліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзору Таго, Які яго стварыў,

Ідзе няма Грэка ані Жыда, абразаньня ані неабразаньня, барбара, ськіта, нявольніка, вольніка, але ўсе і ў вусім Хрыстос.
 
дзе ўжо няма Грэка і Юдэя, абрэзанага ці неабрэзанага, іншаземца, Скіта, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.

Дык адзеньцеся, як абранцы Божыя, сьвятыя а любовыя, у нутр міласэрдзя, дабрыню, пакору, лагоднасьць, цярплівосьць,
 
Дык адзеньцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, цярплівасць,

Маючы выбачнасьць адно аднаму і даруючы адно аднаму, калі хто мае жалабу на каго: як Хрыстос, запраўды дараваў вам, таксама й вы.
 
церпячы адны адных і прабачаючы самім сабе, калі хто да каго мае спачуванне; як Госпад дараваў вам, так і вы.

А над усім гэтым майце любосьць, каторая ё зьвязак дасканальнасьці.
 
А над усім адзеньцеся ў тую любоў, якая ёсць вузел дасканаласці.

І няхай супакой Хрыстоў мае правод у сэрцах вашых, да каторага вы й пагуканы ў вадным целе, і будзьце ўдзячныя.
 
А супакой Хрыстовы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.

Слова Хрыстова няхай жыхара ў вас багата, з усёй мудрасьцяй, навучаючы а дамяняючы адно аднаму псальмамі, гімнамі, духоўнымі песьнямі, з ласкаю пяючы ў сэрцах сваіх Богу.
 
Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Богу ў сэрцах вашых спявалі вы псалмы, гімны і песні духоўныя.

І што-колечы вы робіце словам альбо ўчынкам, рабіце ўсе ў імя Спадара Ісуса, дзякуючы перазь Яго Богу Айцу.
 
І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу.

Жонкі, будзьце падданыя мужом, як прыходна ў Спадару.
 
Жонкі, будзьце паслухмянымі мужам, як належыцца ў Госпадзе.

Мужы, любіце жонкі свае і не дапушчайце да сябе гарчэлі да іх.
 
Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі.

Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у вусім, бо гэта люба Спадару.
 
Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.

Бацькі, не квяліце дзяцей сваіх, каб яны не безахоціліся.
 
Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам.

Слугі, слухайце ў вусім гаспадароў сваіх подле цела, ня дзеля вока, як угоднікі людзкія, але ў прасьціні сэрца, баючыся Спадара.
 
Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, каб людзям падабацца, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.

Што-колечы робіце, рабіце шчыра, як Спадару, а ня людзём,
 
Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям,

Ведаючы, што ад Спадара адзяржыце заплату спадку: Спадару Хрысту вы служыце.
 
ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.

Бо крыўднік адзяржыць подле тога, што ён крыўдзіў, бо няма прыяньня асобам.
 
Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо ў Бога няма зважання на асобы.