Дзеі 22 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

«Мужы браты й айцове, паслухайце цяпер мае аправеньне перад вамі».
 
«Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданне».

Пачуўшы, што ён загукаў да іх гэбрэйскай моваю, яны яшчэ балей сьціхлі. А ён сказаў:
 
Пачуўшы, што ён гаворыць на гебрайскай мове, яны тым больш сціхлі. Ён жа сказаў:

«Я Жыд, радзіўся ў Тарсе Кіліцкім, а ўзгадаваны ў гэтым месьце ля ног Ґамаліеля, дакладна наўчаны Права айцоў, будучы рупатлівы дзеля Бога, як вы ўсі сядні;
 
«Я — Юдэй, народжаны ў Тарсе, з Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліэля атрымаў руплівае навучанне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры слуга Бога, як і вы ўсе сёння.

Каторы перасьледаваў гэтую Дарогу аж да сьмерці, вяжучы а дастаўляючы да вязьніцы мужчынаў і жанкі,
 
Пераследаваў я гэты шлях аж да  смерці, звязваючы і кідаючы ў вязніцы мужчын і жанчын,

Як пасьветча празь мяне найвышшы сьвятар а ўсі старцы, ад каторых і лісты адзяржаўшы да братоў, што жывуць у Дамашку, я падарожжаваў, каб тамашніх прывесьці ў зялезах да Ерузаліму, каб былі пакараны.
 
што могуць засведчыць пра мяне першасвятар і цэлая рада. Ад іх атрымаўшы лісты да братоў, я направіўся ў Дамаск, каб тых, што былі там, увязніўшы, прывесці ў Ерузалім для пакарання.

І сталася, як я падарожжаваў і бліжыўся да Дамашку, што каля паўдня разам агарнула мяне вялікая сьвятліня зь неба.
 
І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаска, апоўдні раптам агарнула мяне вялікае святло з неба.

І я паў на зямлю, і чуў голас, што казаў імне: "Саўле! Саўле! чаму ты перасьлядуеш Мяне?"
 
І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: «Савеле, Савеле, чаму ты пераследуеш Мяне?»

А я адказаў: "Хто Ты, Спадару?" І сказаў імне: "Я Ісус Назарэцкі, Каторага ты перасьлядуеш".
 
А я адказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» Ён сказаў мне: «Я — Ісус з Назарэта, Якога ты пераследуеш».

Тыя ж, што былі з імною, запраўды бачылі сьвятліню, але ня чулі голасу таго, што казаў імне.
 
Тыя ж, што былі са мною, бачылі, праўда, святло, але голасу Яго не чулі, які гаварыў са мной.

І я сказаў: "Спадару, што я маю рабіць?" І Спадар сказаў імне: "Устань і йдзі да Дамашку, і там скажуць тэ ўсе, што прызначана табе рабіць".
 
Дык я сказаў: «Што маю рабіць, Госпадзе?» Госпад жа сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, ды там скажуць усё, што табе прызначана рабіць».

А як я спабыў відзеньне ад славы сьвятліні тае, то былыя з імною за руку прывялі мяне да Дамашку.
 
І як я аслеп ад яркасці таго святла, дык, ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамаск.

І ведамны Ананя, муж набожны подле Права, маючы сьветчаньне ад усіх Жыдоў, што жыхарылі там,
 
І нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле закону, пра што сведчаць усе жывучыя там Юдэі,

Прышоў да мяне і, стаўшы, сказаў імне: "Саўле браце, глянь!" І я тае ж гадзіны празерыў і абачыў яго.
 
прыбыўшы да мяне і падышоўшы, сказаў мне: «Савеле, браце, праглянь!» І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.

Ён жа сказаў: "Бог айцоў нашых наканаваў цябе пазнаць волю Ягоную, і бачыць Справядлівага, і чуць голас із вуснаў Ягоных;
 
А ён сказаў: «Бог бацькоў нашых прадвыбраў цябе, каб пазнаў ты волю Яго і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,

Бо ты будзеш сьветкаю Яму ў вусіх людзёў праз тое, што ты бачыў а чуў.
 
бо будзеш сведкам Яму перад усімі людзьмі Яго пра тое, што ты бачыў і чуў.

Дык чаму адвалакаеш? Устань, і ахрысьціся, і абмый грахі свае, гукаючы імя Ягонае".
 
Дык чаму ж ты цяпер марудзіш? Прымі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Яго».

І сталася, як я зьвярнуўся да Ерузаліму й маліўся ў сьвятыні, што я быў у захапленьню,
 
І сталася, калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў святыні, апынуўся ў захапленні [духа]

І абачыў Яго, імне кажучага: "Сьпяшайся й выйдзі ўборзьдзе зь Ерузаліму, бо тут ня прыймуць твайго сьветчаньня празь Мяне".
 
і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: «Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузаліма, бо не  прымуць твайго сведчання пра Мяне».

Я ж сказаў: "Спадару, яны ведаюць, што я садзіў у вязьніцу і біў па бажніцах тых, што вераць у Цябе;
 
Я ж сказаў: «Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што верылі ў Цябе, замыкаў у вязніцах і бічаваў у сінагогах;

І як лілася кроў Сьцепана, сьветкі Твайго, я таксама там стаяў, і згаджаўся, і сьцярог адзецьці тых, што забівалі яго".
 
а калі пралівана была кроў Сцяпана, сведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся [на гэта] ды пільнаваў адзенне забойцаў яго».

І Ён сказаў імне: "Ідзі, Я пашлю цябе далёка да народаў"».
 
Ён жа сказаў мне: «Ідзі, бо Я цябе пашлю далёка да паганаў».

Дагэтуль слухалі яго, а па гэтым слове ўзьнялі крык, кажучы: «Вон ізь зямлі такога! ён ня мае жыць».
 
І слуxалі яны яго да гэтых слоў, і закрычалі, кажучы: «Вынішчы з зямлі такога, бо яму нельга жыць!»

Як жа яны верашчэлі, і шпурлялі адзецьцям сваім, і кідалі пыл у паветра,
 
А калі яны крычалі, і махалі адзеннем сваім, і кідалі пясок у паветра,

Тысячнік расказаў весьці яго да гораду, кажучы, што сьцёбаньням мае быць выпытаны, каб даведацца, зь якое прычыны яны так крычэлі на яго.
 
трыбун загадаў завесці яго ў крэпасць, кажучы бічаваннем  дазнацца, з якой прычыны так крычаць на яго.

Яле, як зьвязалі яго рэменямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў тут. «Ціж дазволена вам сьцёбаць Рымляніна, ды не засуджанага?»
 
І, калі яго звязалі рамянямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці  дазволена вам без суда бічаваць грамадзяніна Рымскага?»

Пачуўшы гэта, сотнік дабліжыўся да тысячніка і здаў лічбу, кажучы: «Глянь, што ты робіш? гэты ж чалавек Рымлянін».
 
Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і паведаміў яму, кажучы: «Што ты думаеш рабіць? Гэты ж чалавек — Рымлянін».

Тады тысячнік, дабліжыўшыся да яго, сказаў: «Скажы імне, ты Рымлянін?» Ён сказаў: «Але».
 
Трыбун падышоў і сказаў яму: «Скажы мне, ці ты — Рымлянін?» А Паўла сказаў: «Так».

І адказаў тысячнік: «Я за вялікую суму прыдбаў гэта грамадзянства». А Паўла сказаў: «А я й нарадзіўся таковы».
 
Трыбун адказаў: «Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства». А Паўла гаворыць: «Я маю яго ад нараджэння».

Тады зараз адступілі ад яго тыя, што хацелі выпытаваць яго. А тысячнік, даведаўшыся, што ён быў Рымлянін, спалохаўся, што зьвязаў яго.
 
Адразу таму адышлі ад яго тыя, што меліся дапытваць яго. А трыбун тады спалохаўся, як даведаўся, што Паўла  —  Рымлянін, а ён яго звязаў.

Назаўтрае ж, хочучы даведацца пэўна, у чым яго вінавалі Жыды, вывальніў яго, і расказаў зыйсьціся найвышшым сьвятаром а ўсяму сынэдрыёну, і, вывеўшы Паўлу, пастанавіў яго перад імі.
 
На другі дзень, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго Юдэі, ён развязаў яго, ды загадаў прыйсці першасвятарам і ўсёй радзе, і, прывёўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.