Дзеі 27 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2003
Як пастаноўлена было плысьці нам да Італі, перадалі Паўлу й некатрых іншых вязьняў сотніку палку Аўґуставага, наймя Юль.
Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.
Тады, узышоўшы на караб адраміцкі, каб плысьці ля местаў аскіх, мы паплылі. З намі быў Арыстарх Македонянін із Салуня.
Селі мы на Гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, Мацэдонец з Тэсалонікі.
Назаўтрае прыбылі да Сыдону. Юль жа абходзіўся з Паўлам добра і дазваляў яму хадзіць да прыяцеляў, каб апекаваліся ім.
На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой.
І, выплыўшы стуль, плылі ля Кіпры, бо вятры былі праціўныя.
І, калі мы выправіліся адсюль, то паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры,
І, пераплыўшы мора супроці Кілікі а Памфілі, прыбылі да Міры Ліцкае.
і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі.
Там сотнік знайшоў караб аляксандрыскі, што плыў да Італі, і пасадзіў нас на яго.
І там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго.
І памалу плывучы шмат дзён, і ледзь даплыўшы супроці Кніда — вятры ня прыялі нам — мы даплылі аж да Крыту ля Сальмона.
І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны.
І, плывучы зь цяжкасьцяй міма яго, прыбылі на адно месца, званае Добрая Прыстань, ад каторае было блізка места Лясэя.
І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея.
І мінула шмат часу, і плаўба была ўжо небясьпечная, бо й пост ужо мінуў, дык Паўла радзіў,
Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх,
Кажучы ім: «Мужы, я бачу, што плаўба будзе із шкодаю а зь вялікаю стратаю ня толькі накладу а караблю, але таксама нашаму жыцьцю».
кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для груза і карабля, але і для нашых душ».
Сотнік, адылі, валей верыў штырніку а собсьніку карабля, чымся сказанаму Паўлам.
Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла.
А як Прыстань ня была прытарнавана да зімаваньня, бальшыня радзіла плысьці стуль, каб, калі магчыма, як-колечы дасягчы Фэніку Крыцкага, ськіраванага на паўночны ўсход і паўднявы ўсход, і перазімаваць.
А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.
А як лагодна павеяў паўднявы вецер, думалі, што дасяглі мэты, паднялі калатоўку й паплылі ўздоўж Крыту, блізка берагу.
І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта.
Але неўзабаве ўдырыў у яго гураґан, званы эўроклідон.
Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы аўраквілон.
І як караб схапіла, ён ня мог працівіцца ветру, і мы аддаліся яму й панесьліся.
Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла.
І, набегшы зь ветрам на абточак, званы Кляўда, мы ледзь маглі кіраваць, каб удзяржаць лодку;
Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Каўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку.
Сьцягнуўшы яе, ужывалі сяродкаў абвязаваць караб; тады, баючыся, каб не набегчы на Сырт, спусьцілі ветразі і гэтак насіліся.
Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з запасак, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас панесла.
І, як бура нас кідала, назаўтрае выкідаґлі наклад.
А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць [груз],
А пазаўтра сваімі рукамі выкідалі карабельныя снасьці.
а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.
Ані сонца, ані зоры не паказаваліся шмат дзён, і немалая бура напірала на нас; наапошку ўся надзея ратунку шчэзла.
Калі ж праз многа дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання.
І як доўга ўзьдзержаваліся ад ежы, тады Паўла, стаўшы пасярод іх, сказаў: «Мужы, надабе было паслухаць мяне і не адплываць ад Крыту, і ня мелі б гэтае шкоды ані страты.
А пост ужо вельмі зацягнуўся, і тады сказаў ім Паўла, стаўшы між іх: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.
А цяпер раджу вам асьмеліцца, бо ня будзе страты жыцьця каго-колечы з вас, адно карабля:
І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля.
Бо стаў ля мяне гэтае ночы Ангіл Бога, Чый я і Катораму служу, кажучы:
У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу,
"Ня бойся, Паўле, ты маеш стаць перад цэсарам, і вось, Бог падараваў цябе ўсімі тымі, што плывуць із табою".
кажучы: «Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою».
Затым, мужы, асьмельцеся, бо я веру Богу, што будзе так, як імне сказана.
Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.
Але мы маем наткнуцца на нейкі абток».
Напэўна, нас выкіне на які-небудзь востраў».
І як мінула чатырнанцатая ноч, як мы былі ношаны па Адры, каля поўначы, плаўбіты дапушчалі, што бліжацца да яко-колечы зямлі.
А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі.
І, памераўшы глыбіню, знайшлі дваццаць сажняў; а крыху далей, ізноў памераўшы, знайшлі пятнанцаць сажняў.
Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажаняў і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажаняў.
Баючыся, каб ня лучыць на скальныя меецы, кінулі із штырна чатыры калатоўкі і нецярпліва чакалі дня.
Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку.
Як жа плаўбіты, манючыся ўцячы з карабля, спусьцілі на мора лодку пад прыклепам, быццам хочуць кінуць калатоўкі зь пераду,
Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,
Паўла сказаў сотніку а жаўнерам: «Калі гэтыя не застануцца на караблю, вы ня можаце ўратавацца».
Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца».
Тады жаўнеры адцялі паварозы лодкі, і яна апала.
Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.
І на додніцы Паўла ўмаўляў іх ізьесьці, кажучы: «Сядні чатырнанцаты дзень, як вы, у спадзяваньню, застаіцеся бязь ежы, нічога не паспытаўшыся.
Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах.
Затым прашу вас ізьесьці: гэта паможа ратунку вашаму, бо ані волас із галавы вашае ні ў кога не загіне».
Дык прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе».
І, сказаўшы гэта, узяў хлеб, і, падзякаваўшы Богу, у прытомнасьці ўсіх разламіў, і пачаў есьці.
І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці.
Тады ўсі, асьмеліўшыся, пачалі есьці.
Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.
Было ж усіх нас на караблю дзьвесьце семдзясят шэсьць душ.
А было ўсіх нас на караблі дзвесце семдзесят шэсць чалавек.
І, пад’еўшы, палягчалі караб, выкідаючы пшонку ў мора.
І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.
І, як разаднела, зямлі не пазналі, адно ўгледзелі нейкую затоку із спусклястым берагам, да каторае й наважылі, калі магчыма, ськіраваць караб.
Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі давесці карабель.
І, выцягнуўшы калатоўкі, паплылі па мору; у тым самым часе, разьвязаўшы паварозы штырна і падняўшы малую ветразь ізь ветрам, ськіраваліся да берагу.
І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветру, скіраваліся да берага.
І як лучылі на тое месца, ідзе два моры сходзяцца, караб спыніўся на мельстыні. Пярэдні канец карабля, удырыўшыся, стаў нярухома, зад жа ламіўся сілаю хваляў.
Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль.
Жаўнеры зрадзіліся забіць вязьняў, каб хто-колечы, выплыўшы, ня ўцёк.
Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк.
Але сотнік, манячыся выратаваць Паўлу, забараніў ім гэты заме́р і казаў умеючым плаваць кінуцца першым, каб выплысьці на зямлю.
Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,
Засталыя ж некатрыя на дошках, некатрыя на кавалках карабля; і гэтак сталася, што ўсі выратаваліся на зямлю.
а астатнія — хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю.