Дзеі 28 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
І, уратава́ўшыся, тыя, хто быў з Паўлам, даведаліся, што востраў называ́ецца Мелíт.
Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Меліта.
Тузе́мцы праявілі да нас надзвыча́йнае чалавекалю́бства, бо яны, раскла́ўшы вогнішча, прынялí ўсіх нас, паколькі быў дождж і холад.
Тутэйшыя ж выявілі да нас немалую людскасць; распалілі агонь дзеля таго, што церушыў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было халодна.
Калі ж Павел сабраў мноства галля́ і паклаў на во́гнішча, тады змяя́, уцяка́ючы ад жа́ру, прычапíлася да яго рукí.
Калі Паўла назбіраў бярэмя ламачча і ўсклаў на агонь, тады гад, вылезшы ад гарачыні, прычапіўся да яго рукі.
Тузе́мцы, уба́чыўшы га́да, што павіс на яго руцэ́, гаварылі паміж сабою: пэўна, чалавек гэты — забойца, калі яму, уратава́наму з мо́ра, багіня справядлíвасці не дазваля́е жыць.
Калі тутэйшыя ўбачылі гада, што звісаў з яго рукі, гаварылі паміж сабой: «Гэты чалавек хіба забойца, бо, хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць».
Але ён, скíнуўшы га́да ў агонь, не зазна́ў нія́кай шко́ды.
А ён абтрос гада ў агонь і не дазнаў нічога благога.
Яны ж чака́лі, што ў яго будзе запале́нне ці ён раптоўна ўпадзе́ мёртвым; аднак, доўга чака́ючы і ба́чачы, што нічога кепскага з ім не зда́рылася, яны перамянілі меркава́нне і гавары́лі, што ён бог.
Яны думалі, што ён пачне пухнуць, і раптам упадзе і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога не робіцца, змяніўшы думкі, гаварылі, што ён — бог.
Навокал таго месца былí ўлада́нні нача́льніка вострава па íмені Пу́блій, які прыня́ў нас і тры дні прыя́зна частава́ў.
Каля таго месца быў маёнтак гаспадара таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас ласкава, і мы тры дні гасцілі ў яго.
І сталася, што бацька Пу́блія ляжаў, хворы на гара́чку і дызентэры́ю; Павел зайшоў да яго, памаліўся і, ускла́ўшы на яго ру́кі, ацалíў яго.
Бацька ж Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Паўла пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.
Калі гэта зда́рылася, тады і іншыя на востраве, хто меў хваробы, прыхо́дзілі і ацаля́ліся;
Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя, што былі на востраве, ды аздараўляліся.
яны вы́явілі да нас вялікую паша́ну і, калі мы адпраўля́ліся, далí тое, што было́ патрэбна.
Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, далі нам усяго, у чым [мы] мелі патрэбу.
Праз тры месяцы мы адплылí на Александры́йскім караблí з выя́ваю Дыяску́раў, які зімаваў на гэтым востраве,
Па трох месяцах на Александрыйскім караблі, які зімаваў на востраве і быў пазначаны Кастарам, мы адплылі.
і, прыплы́ўшы ў Сіраку́зы, застава́ліся там тры дні;
Даплыўшы ў Сіракузы, прабылі мы там тры дні.
паплыўшы адтуль, дабра́ліся да Ры́гіі; і паколькі праз дзень падзьму́ў паўднёвы вецер, на другі дзень мы прыбылí ў Путэо́л,
Адплыўшы адтуль, прыбылі мы ў Рэгію праз адзін дзень, і, калі падзьмуў паўднёвы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Путэолі.
дзе знайшлі братоў і былí ўпро́шаны пабыць у іх сем дзён; і так мы ішлі ў Рым.
Там спаткалі братоў і па іх просьбе забавіліся ў іх на сем дзён. І нарэшце прыбылі мы ў Рым.
І адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насу́страч нам да А́піевай пло́шчы і Трох Гасцíніц; уба́чыўшы іх, Павел падзя́каваў Богу і ўзбадзёрыўся.
Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіевай плошчы і Трох Гасцініц. Убачыўшы іх, Паўла падзякаваў Богу і набраўся адвагі.
Калі ж мы прыйшлі ў Рым, то сотнік перада́ў вя́зняў военача́льніку, а Паўлу было́ дазво́лена жыць асо́бна, з воінам, які пільнава́ў яго.
Калі ж прыбылі мы ў Рым, дазволена Паўлу было жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.
І сталася, што праз тры дні Павел склíкаў знатне́йшых з Іудзеяў і, калі тыя сышлíся, казаў ім: мужы́ браты́! я, не зрабіўшы нічога су́праць народа ці айцоўскіх звы́чаяў, быў як вя́зень перада́дзены з Іерусаліма ў ру́кі Ры́млян,
Па трох днях запрасіў Паўла да сябе знатнейшых Юдэяў. І, калі яны сабраліся, казаў ім: «Мужы браты! Не зрабіў я нічога ані супраць народа, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліма ў рукі Рымлянаў,
якія, учынíўшы мне до́пыт, хацелі адпусцíць, бо ніякай віны, ва́ртай смерці, не было́ на мне;
якія, учыніўшы мне допыт, хацелі мяне выпусціць, бо не было ўва мне ніякай смяротнай віны.
але паколькі Іудзеі пярэ́чылі, то я вы́мушаны быў патрабава́ць суда́ ў кесара, аднак не для таго, каб абвінава́ціць у чым-небудзь мой народ;
Калі, аднак, Юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў апеляваць да цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свой народ.
вось па гэтай прычыне я і паклíкаў вас, каб уба́чыцца і пагаварыць, бо за надзею Ізра́іля я закава́ны ў гэтыя кайданы́.
Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзявання Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі».
Яны ж сказалі яму: мы і лістоў пра цябе не атры́млівалі з Іудзеі, і ніхто з братоў, прыйшоўшы, не паве́даміў і не сказаў нічога ке́пскага;
А яны сказалі яму: «Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога благога не сказаў пра цябе.
але мы жада́ем пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо нам вядома, што наконт вучэ́ння гэтага ўсюды спрача́юцца.
Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай секце, што ўсюды працівяцца ёй».
І, прызна́чыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў дом; і ён з ра́нку да вечара прамаўля́ў да іх, све́дчачы пра Царства Божае і даво́дзячы ім пра Іісуса на падставе закона Маісе́евага і прарокаў.
І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў гатэль. І ён ім выкладаў, сведчачы пра Валадарства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх пра Ісуса на падставе Майсеевага закону і прарокаў.
І адных перако́нвала ска́занае, а другія не ве́рылі.
І адны верылі таму, што гаварыў, а другія не верылі.
Не ма́ючы згоды паміж сабою, яны сталі адыхо́дзіць пасля таго, як Павел сказаў наступныя словы: добра Дух Святы́ прамо́віў айцам нашым праз прарока Іса́ію,
І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адысці. Тады Паўла сказаў ім адно слова: «Добра Дух Святы сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю,
ка́жучы: «ідзі да народа гэтага і скажы: слы́хам пачу́еце — і не зразуме́еце, узіра́ючыся глядзе́ць будзеце — і не ўба́чыце;
кажучы: «Ідзі да народа гэтага і скажы ім: пільна слухайце — і не зразумееце, пільна ўглядайцеся — і не ўбачыце.
бо агрубе́ла сэ́рца народа гэтага, і вуша́мі ледзь чу́юць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўба́чыць вачы́ма, і не пачу́ць вуша́мі, і не ўразуме́ць сэ́рцам, і не навярну́цца, каб Я ацалíў іх».
Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў».
Дык вось, няхай вам будзе вядома, што язы́чнікам пасла́на спасе́нне Божае; яны і пачу́юць.
Дык няхай будзе вам вядома, што гэта збаўленне Божае паслана паганам, і яны будуць слухаць». (29)
Калі ён гэта сказаў, Іудзеі пайшлі ад яго, моцна спрача́ючыся паміж сабою.
Ён жа цэлых два гады пражываў у нанятай кватэры і прымаў усіх, хто да яго прыходзіў,
І жыў Павел цэлыя два гады́ на ўла́сным утрыма́нні і прыма́ў усіх, хто прыхо́дзіў да яго,
абвяшчаючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагай без перашкод.
прапаве́дуючы Царства Божае і ву́чачы пра Госпада Іісуса Хрыста з усёю адва́гаю бесперашко́дна.