Дзеі 5 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

А не́йкі муж, па íмені Ана́нія, з жонкаю сваёю Сапфíраю прада́ў маёмасць
 
А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў зямлю

і адкла́ў сабе ад прыбы́тку, з ве́дама жо́нкі сваёй, і, прынёсшы не́йкую ча́стку, пакла́ў да ног Апо́сталаў.
 
ды, з ведама жонкі, адклаў сабе частку атрыманых грошай, а рэшту, прынёсшы, паклаў ля ног апосталаў.

Пётр жа сказаў: Ана́нія! чаму напо́ўніў сатана́ сэ́рца тваё так, што ты салга́ў Ду́ху Свято́му і адкла́ў сабе ад прыбы́тку за зямлю́?
 
Пётра ж сказаў: «Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца, каб ты падмануў Духа Святога і адабраў частку атрыманых за поле грошай?

хіба́ не тваё было́ тое, што ты меў, і набы́тае ад про́дажу хіба́ ж не ў тваёй ўла́снасці было́? чаму ж ты заду́маў справу гэтую ў сэ́рцы сваім? ты салга́ў не лю́дзям, а Богу.
 
Ці ж не ў тваёй гэта ўладзе — пакінуць або прадаць? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў не людзям, але Богу!»

Пачу́ўшы сло́вы гэ́тыя, Ана́нія ўпаў і вы́пусціў дух; і страх вялікі ахапíў усіх, хто чуў пра гэта.
 
Выслухаўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і сканаў; і стаўся страх вялікі з усімі, хто чулі.

Юнакí ж уста́лі, абгарну́лі яго палатно́м і, вы́несшы, пахава́лі.
 
А некалькі юнакоў, устаўшы, загарнулі яго і, вынесшы, пахавалі.

І ста́лася гадзíны праз тры пасля гэтага: прыйшла́ і жонка яго, не ве́даючы, што зда́рылася.
 
Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, не ведаючы, што здарылася.

Звярну́ўся да яе Пётр: скажы мне, ці за столькі вы аддалí зямлю́? Яна ж адказа́ла: так, за столькі.
 
Звярнуўся да яе Пётра: «Скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю?» А яна адказала: «Так, за столькі».

Пётр жа сказаў ёй: чаму́ вы змо́віліся вы́прабаваць Ду́ха Гаспо́дняга́ вось, за дзвяры́ма крокі тых, што пахава́лі му́жа твайго; яны вы́несуць і цябе́.
 
Пётра ж ёй: «Навошта вы змовіліся, каб выпрабоўваць Духа Госпадавага? Вось, у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынесуць яны і цябе».

І яна адразу ўпа́ла каля́ ног яго і вы́пусціла дух; а юнакі, увайшо́ўшы, знайшлí яе мёртвай і, вы́несшы, пахава́лі побач з му́жам яе.
 
І яна зараз жа ўпала да ног яго і сканала. Юнакі, уваходзячы, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.

І ахапíў страх вялікі ўсю царкву́ і ўсіх, хто чуў пра гэта.
 
І стаўся страх вялікі над усёй царквой ды з усімі, хто аб гэтым пачулі.

Рука́мі ж Апосталаў рабíлася многа знаме́нняў і цу́даў у народзе; і знахо́дзіліся аднаду́шна ўсе ў прытво́ры Саламо́навым,
 
Рукамі ж апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламонавым.

з іншых жа ніхто не адва́жваўся далуча́цца да іх; але народ праслаўля́ў іх.
 
І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.

І ўсё больш станавíлася ве́руючых у Госпада, мно́ства мужчы́н і жанчы́н;
 
І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, што верылі ў Госпада,

так што і на ву́ліцы выно́сілі хворых і кла́лі на пасце́лях і ло́жках, каб, калі прахо́дзіў Пётр, хоць цень яго ўпаў на каго-не́будзь з іх.
 
так што людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб, калі пройдзе Пётра, хоць цень яго ўпаў на якога з іх.

Сыхо́дзіліся ў Іерусалім і многія з навако́льных гарадоў, несучы́ хворых і нячы́стымі ду́хамі апанава́ных, якія і ацаля́ліся ўсе.
 
Таксама з суседніх гарадоў збягалася ў Ерузалім многа народа, прыносячы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.

Падня́ўся тады першасвята́р і ўсе, што з ім былí, якія нале́жалі да е́расі садуке́йскай, напо́ўніліся за́йздрасцю
 
Тады першасвятар і ўсе, што былі з ім, герэзія садуцэйская, напоўніліся зайздрасцю,

і накла́лі ру́кі свае на Апосталаў, і пасадзíлі іх у грама́дскую цямнíцу.
 
і ўсклалі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх у грамадскую вязніцу.

Ангел жа Гасподні ўначы́ адчынíў дзве́ры цямнíцы і, вы́веўшы іх, сказаў:
 
А ўночы анёл Госпадаў адчыніў дзверы вязніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

ідзíце і, ста́ўшы ў хра́ме, прамаўля́йце наро́ду ўсе сло́вы жыцця́ гэ́тага.
 
«Ідзіце і вясціце ў святыні народу ўсе словы жыцця гэтага».

Вы́слухаўшы гэта, яны ўвайшлí пад ра́ніцу ў храм і вучы́лі. А першасвята́р і тыя, што былí з ім, прыйшо́ўшы, склíкалі сінедрыён ды ўсіх старэ́йшын з сыноў Ізра́ілевых і пасла́лі ў цямнíцу, каб прыве́сці іх.
 
Пачуўшы гэта, яны на світанні ўвайшлі ў святыню і навучалі. Тым часам першасвятар і тыя, што былі з ім, прыйшоўшы, склікалі раду ды ўсіх старшынь сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывесці іх.

Слугі ж, пайшо́ўшы, не знайшлí іх у цямнíцы, вярну́ліся і паве́дамілі,
 
Але слугі, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязніцы, а вярнуўшыся, паведамілі,

ка́жучы: цямнíцу знайшлí мы замкнёнай вельмі надзе́йна і вартавы́х, якія стаялі перад дзвяры́ма; але, адчынíўшы, усярэ́дзіне ніко́га не знайшлі.
 
кажучы: «Знайшлі мы вязніцу вельмі старанна замкнёную, ды вартаўнікоў, што стаялі перад дзвярамі; адчыніўшы ж, у сярэдзіне не знайшлі мы анікога».

Калі ж пачу́лі тыя словы першасвята́р, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і іншыя першасвятары́, то недаўмява́лі што б гэта магло быць?
 
Калі начальнік варты святыні і першасвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што гэта з імі сталася.

І нехта, прыйшоўшы, паве́даміў ім, кажучы: вось, мужы́, якіх вы пасадзíлі ў цямнíцу, стая́ць у хра́ме і ву́чаць народ.
 
У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім: «Вось, людзі, якіх вы замкнулі ў вязніцы, стаяць у святыні і навучаюць народ».

Тады пайшоў нача́льнік ва́рты са слу́гамі і прывёў іх без прыму́су, бо бая́ліся народу, каб не пабíлі іх каме́ннем;
 
Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не ўкаменаваў іх саміх.

і, прывёўшы, паста́вілі іх у сінедрыёне, і спыта́ў у іх першасвята́р, ка́жучы:
 
І, калі яны прывялі іх, то паставілі перад радай. І першасвятар спытаўся ў іх,

хіба́ мы строга не забаранíлі вам навуча́ць у імя́ гэтае́ і вось, вы напо́ўнілі Іерусалім вучэ́ннем вашым ды хо́чаце наве́сці на нас кроў Таго Чалавека.
 
кажучы: «Хіба не забаранілі мы вам строга, каб вы не навучалі ў гэта імя? А вось, вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзвесці на нас кроў гэтага Чалавека».

Але Пётр і Апосталы прамо́вілі ў адка́з: больш трэ́ба падпарадко́ўвацца Богу, чым лю́дзям;
 
У адказ Пётра і апосталы сказалі: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.

Бог айцо́ў нашых уваскрасíў Іісуса, Якога вы ўмярцвíлі, паве́сіўшы на дрэ́ве;
 
Бог нашых бацькоў уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, прыбіўшы да дрэва,

Яго як Правадыра́ і Спасіцеля ўзвы́сіў Бог правíцаю Сваёю, каб даць Ізра́ілю пакая́нне і адпушчэ́нне грахо́ў;
 
Бог узвысіў Яго правіцай Сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навяртанне ды адпушчэнне грахоў.

і све́дкі Яму́ ў спра́вах гэтых мы і Дух Святы́, Якога Бог даў тым, што падпарадко́ўваюцца Яму́.
 
І мы — сведкі гэтых падзей, як і Дух Святы, Якога Бог даў паслухмяным Яму».

Яны ж, вы́слухаўшы, раз’ю́шыліся і заду́малі забіць іх.
 
Калі яны гэта пачулі, то раззлаваліся і хацелі іх забіць.

Але ўстаў у сінедрыёне адзін фарысе́й, па íмені Гамаліíл, законавучы́цель, паважа́ны ўсім народам, і загада́ў ненадо́ўга вы́весці Апосталаў,
 
Тады адзін фарызей у радзе, на імя Гамаліэль, заканазнаўца, паважаны ўсім народам, устаўшы, загадаў на нейкі час вывесці людзей

а ім сказаў: мужы́ Ізра́ільскія! до́бра ўзва́жце са́мі сабе́ нако́нт гэтых людзе́й, што́ вы збіра́ецеся рабíць;
 
і прамовіў да іх: «Мужы Ізраэльцы! Добра абдумайце, што вы будзеце рабіць з гэтымі людзьмі.

бо перад гэ́тымі дня́мі з’явíўся Фе́ўда, выдаючы́ сябе́ за каго́сьці зна́чнага, і да яго далучы́лася каля чатырохсо́т чалаве́к; але ён быў забíты, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму́, паразыхо́дзіліся і знíклі;
 
Бо нядаўна ў нас выступіў Тэўда, кажучы, што ён — нехта незвычайны, і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў, і быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расцярушыліся, і след іх прапаў.

пасля гэтага ў дні пе́рапісу з’явіўся Іуда Галіле́янін і павёў за сабою даво́лі шмат людзе́й; але і той загíнуў, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму, рассе́яліся;
 
Потым у дні перапісу выступіў Юда Галілеец, і пацягнуў за сабой людзей; і ён згінуў сам, і ўсе яго прыхільнікі рассеяліся.

і цяпер, кажу́ вам, адступíцеся ад гэтых людзе́й і пакíньце іх; бо, калі ад людзе́й заду́ма гэтая ці спра́ва гэтая, то яна знíшчыцца,
 
І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей, і пакіньце іх у супакоі, і адпусціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасць ад людзей паходзіць, будзе знішчана,

а калі ад Бога, то не здо́лееце знíшчыць яе, каб самíм не аказа́цца багабо́рцамі.
 
а калі ад Бога, дык вы не  зможаце іх знішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам». Паслухалі яго

Яны паслу́халіся яго, паклíкалі Апосталаў, і, пабíўшы, забаранілі ім прамаўля́ць у імя́ Іісуса, і адпусцíлі іх.
 
і, паклікаўшы апосталаў і пабіўшы, сурова папярэдзілі, каб не прамаўлялі ў імя Ісуса, і адпусцілі.

Яны ж пайшлі з сінедрыёна, ра́дуючыся, што за імя́ Госпада Іісуса ўдасто́іліся прыня́ць знява́гу;
 
І яны выходзілі ад аблічча рады, усцешаныя, што дзеля імя Ісуса цярпелі знявагу,

і кожны дзень у хра́ме і до́ма яны не перастава́лі вучы́ць і дабраве́сціць пра Іісуса Хрыста́.
 
і, не перастаючы, штодзень у святыні і па дамах навучалі і вясцілі добрую вестку аб Ісусе Хрысце.