Дзеі 25 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Фест, прыбы́ўшы ў правíнцыю, праз тры дні адправіўся з Кесары́і ў Іерусалім.
 
Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.

Тады першасвятары́ і зна́тныя Іудзеі зрабілі яму зая́ву су́праць Паўла і ўгаво́рвалі яго,
 
Там да яго звярнуліся першасвятары і значныя з Юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,

і прасілі зрабіць ла́ску і вы́клікаць яго ў Іерусалім, рыхту́ючы засаду, каб забіць яго ў дарозе.
 
просячы ласкі ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.

Але Фест адказа́ў, што Паўла трыма́юць пад ва́ртаю ў Кесары́і і што сам ён ма́е наме́р неўзаба́ве адпра́віцца туды;
 
Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:

дык няхай тыя з вас, хто можа, — сказаў ён, — по́йдуць са мною, і, калі ёсць што-небудзь зага́ннае ў гэтым чалавеку, няхай абвінава́чваюць яго.
 
«Дык хай, хто з вас можа, гаворыць, пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за [гэтым] чалавекам ёсць якія злачынствы».

І, правёўшы ў іх не больш дзесяці дзён, ён прыбы́ў у Кесары́ю; а на другі дзень, сеўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці Паўла.
 
І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.

Калі ён з’явіўся, Іудзеі, якія прыйшлі з Іерусаліма, сталі наво́кал і выка́звалі шмат ця́жкіх абвінава́чанняў су́праць Паўла, якіх не здо́лелі даказа́ць;
 
І, калі ён быў прыведзены, абступілі яго Юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў, якіх не маглі даказаць,

ён жа ў сваю абаро́ну сказаў: ні су́праць закону Іудзейскага, ні су́праць храма, ні су́праць ке́сара нічым я не саграшы́ў.
 
Паўла ж апраўдваўся: «Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».

А Фест, жада́ючы праявíць прыхíльнасць да Іудзеяў, прамо́віў Паўлу ў адказ: хочаш пайсцí ў Іерусалім, каб я там судзíў цябе за гэта?
 
А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»

Павел сказа́ў: я стаю́ перад судзíлішчам ке́саравым, дзе і нале́жыць мяне судзíць; Іудзеяў я нічым не пакры́ўдзіў, як і табе добра вядо́ма;
 
Паўла сказаў: «Стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.

калі ж я вінава́ты і нешта ва́ртае смерці зрабіў, то не адмаўля́юся паме́рці; а калі нічога такога няма, у чым яны абвінава́чваюць мяне, то ніхто не можа вы́даць мяне ім. Патрабу́ю суда́ ў ке́сара.
 
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»

Тады Фест, пагавары́ўшы з ра́даю, адказаў: ты патрабава́ў суда ў ке́сара, да ке́сара і по́йдзеш.
 
Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».

Праз некалькі дзён цар Агры́па і Вернíка прыбылí ў Кесары́ю, каб павіта́ць Феста.
 
І па прашэсці некалькіх дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.

І паколькі яны былí там многа дзён, Фест паве́даміў цару́ пра справу Паўлаву, ка́жучы: тут ёсць чалавек, пакíнуты Фе́ліксам пад ва́ртаю,
 
Калі там прабылі многа дзён, Фэст далажыў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.

на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі зая́ву першасвятары́ і старэ́йшыны Іудзейскія, патрабу́ючы яго асуджэ́ння.
 
Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старшыні Юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.

Я адказаў ім, што ў Ры́млян няма звы́чаю аддаваць якога-небудзь чалавека на смерць, перш чым абвінава́чаны не будзе мець перад сабою абвінава́ўцаў і не атрыма́е магчы́масці абараня́цца ад абвінава́чання.
 
Я ім адказаў, што Рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на смерць], калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчамасці бараніцца ад абвінавачанняў.

Калі ж яны прыйшлі сюды, то я без усякага адкла́ду, на наступны дзень, се́ўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці гэтага чалавека.
 
І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці [гэтага] чалавека.

Абступíўшы яго, абвінава́ўцы не назва́лі ніякай віны́ з тых, што я думаў;
 
І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.

але яны ме́лі з ім нейкія спрэ́чныя по́гляды нако́нт сваіх ве́раванняў і нейкага Іісуса паме́рлага, пра Якога Павел сцвярджа́ў, што Ён жывы́.
 
Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.

Не ве́даючы, што рабíць з гэтай справай, я сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзíлі за гэта?
 
Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я казаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.

Але, паколькі Павел патрабава́ў, каб яго пакінулі для прыня́цця рашэ́ння А́ўгустам, то я загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю да таго часу, як я пашлю́ яго да ке́сара.
 
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».

Агры́па сказаў Фесту: я хацеў бы і сам паслу́хаць гэтага чалавека. Заўтра, — адказаў той, — паслу́хаеш яго.
 
Агрыпа [сказаў] Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць [гэтага] чалавека». «Заўтра, адказаў, пачуеш яго».

На другі дзень, калі Агры́па і Вернíка прыбылí з вялікай пы́шнасцю і ўвайшлі ў судо́вую пала́ту з тысячанача́льнікамі і са́мымі зна́тнымі мужа́мі горада, то па зага́ду Феста быў прыве́дзены Павел.
 
На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загаду Феста ўведзены быў Паўла.

І сказаў Фест: цар Агры́па і ўсе прысу́тныя з намі мужы́! вы бачыце таго, з-за каго ўсё мноства Іудзеяў звярта́лася да мяне і ў Іерусаліме, і тут і крычала, што ён больш не павінен жыць;
 
І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыцца больш жыць.

але я перакана́ўся, што ён не зрабіў нічога ва́ртага смерці; паколькі ж ён сам патрабава́ў суда́ ў А́ўгуста, то я вы́рашыў паслаць яго туды;
 
Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць.

я не магу нічога пэ́ўнага напіса́ць пра яго ўладару́, таму я вы́веў яго да вас і перш за ўсё да цябе, цар Агры́па, каб пасля таго, як адбу́дзецца рассле́даванне, у мяне было́ што напіса́ць;
 
Дык не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.

бо мне здае́цца, неразу́мна пасыла́ць вя́зня і не паказа́ць абвінава́чанняў су́праць яго.
 
Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».