Дзеі 2 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І калі наступíў дзень Пяцідзеся́тніцы, былí ўсе яны аднаду́шна ра́зам.
 
І, калі спаўняўся дзень Сёмухі, усе былі разам у тым жа месцы.

І ра́птам пачу́ўся з неба шум, бы́ццам ад пары́ву бу́йнага ве́тру, і напо́ўніў уве́сь дом, дзе яны сядзе́лі;
 
І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

і явíліся ім падзе́леныя языкí, нíбы во́гненныя, і апусцíліся па адны́м на ко́жнага з іх.
 
І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;

І напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м, і пачалí гавары́ць на іншых мо́вах, як Дух дава́ў ім прамаўля́ць.
 
і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.

Знахо́дзіліся ў Іерусалíме Іудзе́і, мужы́ набо́жныя, з уся́кага наро́да, што пад не́бам.
 
Жылі тады ў Ерузаліме Юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;

Калі ж пачу́ўся шум гэты, сышо́ўся шматлíкі люд і збянтэ́жыўся, бо ко́жны чуў, што яны прамаўля́юць яго ўла́снай гаво́ркаю.
 
і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.

І былí ўра́жаны ўсе і здзіўля́ліся, ка́жучы адзін аднаму́: хіба́ ўсе яны, што прамаўля́юць, не Галіле́яне́
 
Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж вось гэтыя усе, што прамаўляюць, не Галілейцы?

чаму ж мы чу́ем ко́жны сваю ўла́сную гаво́рку, у якой нарадзíліся, —
 
Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?

Парфя́не, і Мíдзяне, і Еламíты, і жыхары́ Месапата́міі, Іудзе́і і Кападакíі, По́нта і Асíі,
 
Парты і Мэды, Эламіты і жыхары Мэзапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,

Фры́гіі і Памфíліі, Егіпта і ча́стак Лíвіі, суме́жных з Кірыне́яй, і прыйшо́ўшыя з Ры́ма, Іудзе́і і празелíты,
 
Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,

Кры́цяне і АравíцІяне, — чуем, што яны прамаўля́юць на нашых мо́вах пра ве́ліч Бо́жую?
 
а таксама Юдэі і празеліты, Крыцяне і Арабы, — чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».

І былí ўра́жаны ўсе і недаўмява́лі, гаво́рачы адзін да аднаго́: што́ гэта можа быць?
 
І слупянелі ўсе і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»

Іншыя ж здзе́кліва каза́лі: яны напілíся сало́дкага віна́.
 
А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»

Тады Пётр, ста́ўшы з адзіна́ццаццю, узвы́сіў го́лас свой і прамо́віў да іх: мужы́ Іудзе́йскія і ўсе жыхары́ Іерусалíма! няха́й гэта вам ста́не вядо́ма, і ўслу́хайцеся ў сло́вы мае́:
 
Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, падняў голас свой і сказаў ім: «Мужы Юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!

яны не п’я́ныя, як ду́маеце вы, бо яшчэ то́лькі трэ́цяя гадзíна дня;
 
Бо гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,

але гэта тое, што прадка́зана праро́кам Іаíлем:
 
але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:

«і бу́дзе ў апо́шнія дні, — ка́жа Гаспо́дзь, — вы́лію ад Духа Майго́ на ко́жную плоць, і бу́дуць праро́чыць сыны́ ва́шы і до́чкі ва́шы; і юнакí ва́шы відзе́нні бу́дуць ба́чыць, і ста́рцам ва́шым бу́дуць снíцца сны;
 
«І будзе: у апошнія дні, — кажа Бог, — выллю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашыя і дочкі вашыя, і юнакі вашыя будуць бачыць з’явы, і старыя вашыя будуць бачыць сны.

і на рабо́ў Маіх і на рабы́нь Маіх вы́лію ў тыя дні ад Духа Майго, і яны бу́дуць праро́чыць;
 
І на слуг Маіх і на служак выллю ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.

і дам цу́ды на небе ўгары́ і знаме́нні на зямлí ўнізе, кроў, і агонь, і куро́дым;
 
І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе, кроў і агонь, і слупы дыму;

сонца ператво́рыцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым наста́не дзень Гаспо́дні, вялíкі і сла́ўны;
 
сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.

і будзе: ко́жны, хто прызаве́ імя́ Гаспо́дняе, спасе́цца».
 
І будзе: кожны, хто будзе прызываць імя Госпада, будзе збаўлены».

Мужы́ Ізра́ільскія! вы́слухайце сло́вы гэ́тыя: Іісуса Назарэ́я, Му́жа, засве́дчанага вам ад Бога сíламі, і цу́дамі, і знаме́ннямі, якія зрабіў праз Яго Бог сяро́д вас, як і са́мі вы ве́даеце,
 
Мужы Ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса з Назарэта, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,

Яго, вы́дадзенага па вы́значанай заду́ме і прадве́данню Бо́жаму, вы ўзялí і, рука́мі беззако́нных прыбíўшы цвіка́мі, забíлі;
 
Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных укрыжаваўшы, забілі,

але Бог уваскрасíў Яго, вы́зваліўшы з пу́таў сме́рці, таму што немагчы́ма было́ ёй утрыма́ць Яго.
 
але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.

Бо Давід ка́жа пра Яго: «ба́чыў я Госпада перад сабо́ю заўсёды, бо Ён правару́ч мяне́, каб я не пахісну́ўся;
 
Бо Давід кажа адносна Яго: «Стаяў я перад Богам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.

таму ўзвесялíлася сэ́рца маё і ўзра́даваўся язык мой, ды і плоць мая́ супако́іцца ў надзе́і,
 
Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё, і ўзвесялілася душа мая;звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.

бо не пакíнеш Ты душы́ маёй у пе́кле і не дасí свято́му Твайму ўба́чыць тле́нне;
 
Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.

Ты даў мне спазна́ць шляхí жыцця́; Ты напо́ўніш мяне́ ра́дасцю перад аблíччам Тваім».
 
Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго».

Мужы́ браты́! дазво́льце мне сказа́ць вам адкры́та пра праайца́ Давíда, што ён і памёр, і пахава́ны, і магíла яго ў нас да гэ́тага дня;
 
Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.

бу́дучы ж праро́кам і ве́даючы, што Бог кля́тваю пакля́ўся яму́ з пато́мства яго ўздзвíгнуць Хрыста́ ў пло́ці і пасадзíць на яго прасто́ле,
 
Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што [Адзін] ад плода сцёгнаў яго засядзе на пасадзе яго,

ён, прадба́чыўшы, сказа́ў пра ўваскрасе́нне Хрыста, што не пакíнута душа́ Яго ў пе́кле і це́ла Яго не ўбачыла тле́ння.
 
і, прадбачачы будучыню, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што Ён не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.

Гэ́тага Іісуса Бог уваскрасíў, і ўсе мы све́дкі таго́.
 
Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, а мы ўсе — сведкі гэтага.

Дык вось, правíцаю Бо́жаю ўзне́сены і атрыма́ўшы ад Айца абяца́нне Святога Духа, Ён вы́ліў то́е, што вы цяпер ба́чыце і чу́еце.
 
Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як  вы бачыце і чуеце.

Бо Давід не ўзышо́ў на нябёсы, але сам ён ка́жа: «сказа́ў Гаспо́дзь Го́спаду майму: сядзí правару́ч Мяне́,
 
Бо Давід не ўзышоў на неба; аднак ён кажа: «Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне,

паку́ль не пакладу́ во́рагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх».
 
аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».

Дык няхай жа цвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізра́ілеў, што Го́спадам і Хрысто́м Бог зрабіў Яго, Таго́ Іісуса, Яко́га вы распя́лі.
 
Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».

Пачу́ўшы гэта, яны ўра́жаны былí сэ́рцам і сказа́лі Пятру́ і аста́тнім Апо́сталам: што́ нам рабíць, мужы́ браты́?
 
Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»

Пётр жа прамо́віў да іх: пака́йцеся, і няха́й ахры́сціцца кожны з вас у імя́ Іісуса Хрыста дзе́ля адпушчэ́ння грахо́ў, і атрыма́еце дар Святога Духа;
 
А Пётра [сказаў] ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;

бо вам нале́жыць абяца́нне і дзе́цям ва́шым, і ўсім да́льнім, колькі іх паклíча Гаспо́дзь Бог наш.
 
бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».

І шмат якíмі íншымі сло́вамі ён све́дчыў і перако́нваў іх, ка́жучы: рату́йцеся ад роду гэ́тага разбэ́шчанага.
 
І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».

Тады́ ты́я, што ахво́тна прынялí сло́ва яго, былí ахры́шчаны; і далучы́лася ў той дзень каля трох ты́сяч душ;
 
Дык тыя, прыняўшы яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень былі далучаны каля трох тысяч душ.

і яны пастая́нна знахо́дзіліся ў вучэ́нні Апо́сталаў, і ў супо́льнасці, і пераламле́нні хле́ба, і ў малíтвах.
 
І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.

І з’явіўся страх ў кожнай душы́; і многа цу́даў ды знаме́нняў дзе́ялася праз Апо́сталаў у Іерусалíме.
 
І страх быў у кожнай душы; бо апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.

Страх жа вялікі быў ва ўсіх. Усе ве́руючыя былí ра́зам, і ўсё ў іх было́ супо́льнае;
 
Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,

і прадава́лі ўла́снасць і маёмасць, і дзялíлі на ўсіх, колькі каму трэ́ба было́;
 
і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе паміж тымі, у каго якая была патрэба;

і кожны дзень яны аднаду́шна знахо́дзіліся ў хра́ме, і, пераламля́ючы хлеб па дама́х, прыма́лі ежу ў радасці і прастаце́ сэ́рца,
 
і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,

хва́лячы Бога і адчува́ючы добразычлíвасць усяго народа. Гасподзь жа штодзень далучаў да Царквы тых, што спаса́ліся.
 
славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў тых, што мелі быць збаўлены.