Дзеі 11 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Пачулі Апосталы і браты́, якія былí ў Іудзеі, што і язычнікі прынялí сло́ва Божае.
 
Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што і пагане прынялі слова Божае.

І калі Пётр прыйшоў у Іерусалім, абрэ́заныя папрака́лі яго,
 
Калі ж Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,

ка́жучы: да людзей неабрэ́заных увахо́дзіў ты і еў з імі.
 
кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».

Тады пачаў Пётр апавяда́ць ім па пара́дку, ка́жучы:
 
Тады Пётра пачаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:

у горадзе Іаппíі я маліўся і ў захапле́нні бачыў відзе́нне: сыхо́дзіць нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно́, за чатыры канцы́ апу́шчанае з неба, і наблíзілася яно да мяне;
 
«Быў я ў горадзе Ёппе на малітве і ўбачыў у захапленні, як нейкі прадмет, падобны на вялікі абрус, за чатыры канцы спускаўся з неба, аж спусціўся каля мяне.

узіра́ючыся ў яго, я разгле́дзеў і ўба́чыў чатырохно́гіх зямны́х, і звяро́ў, і паўзуно́ў, і птушак нябе́сных.
 
І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ім чацвераногіх зямлі, звяроў і паўзуноў ды птушак нябесных.

І пачуў я голас, які казаў мне: «устань, Пётр, закалí і еж».
 
Ды пачуў я голас, які казаў мне: «Устань, Пётра, забівай і еш!»

Але я сказаў: «ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо нішто пага́нае ці нячы́стае ніколі не ўвахо́дзіла ў ву́сны мае́».
 
Я адказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны».

І адказаў мне голас з неба другі раз, ка́жучы: «тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным».
 
Але голас з неба азваўся паўторна: «Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!»

Так было́ тройчы; і ўзя́та было́ ўсё зноў на неба.
 
І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.

І вось, у той самы час падышлí да до́ма, у якім я быў, тры чалавекі, пасла́ныя з Кесары́і да мяне.
 
І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.

І сказаў мне Дух пайсці з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў, і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.
 
І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом [таго] чалавека.

І ён паве́даміў нам, што бачыў у доме сваім Ангела, які стаў і сказаў яму: «пашлі ў Іаппíю людзей і паклíч Сімана, якога завуць Пятром,
 
І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў: «Пашлі ў Ёппу і пакліч Сімона, званага Пётрам.

ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой».
 
Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».

Калі я пачаў прамаўля́ць, сышоў Дух Святы́ на іх, як і на нас у пача́тку.
 
Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.

І ўспо́мніў я сло́вы Госпада, як Ён казаў: «Іаан хрысцíў вадою, а вы будзеце ахры́шчаны Ду́хам Святы́м».
 
І прыпомніў я тады словы  Госпада, як Ён казаў: «Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым».

Дык вось, калі такі са́мы дар даў ім Бог, як і нам, якія ўве́равалі ў Госпада нашага Іісуса Хрыста, то хто я такі, каб мог перашко́дзіць Богу?
 
Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»

Вы́слухаўшы гэта, яны супако́іліся і ўсла́вілі Бога, ка́жучы: зна́чыць, і язы́чнікам Бог даў пакая́нне дзе́ля жыцця́.
 
Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на [вечнае] жыццё».

Між тым, рассе́яныя ў вы́ніку гане́ння, якое даты́чылася Сцяфана, прайшлі да Фінікíі, і Кіпра, і Антыяхíі, нікому не прапаве́дуючы сло́ва, акрамя́ Іудзеяў.
 
А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі Юдэям.

Былí ж некато́рыя з іх Кіпрыётамі і Кірыне́йцамі, якія, прыйшо́ўшы ў Антыяхíю, прамаўля́лі да Элінíстаў, прапаве́дуючы Госпада Іісуса.
 
З іх жа некаторыя былі Кіпрыйцы і  Цырэнейцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і Грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.

І была́ рука Гаспо́дняя з імі; і вялікая ко́лькасць, уве́раваўшы, звярну́лася да Госпада.
 
І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.

І дайшла вестка пра іх да царквы ў Іерусаліме, і паслалі Варна́ву ісці ў Антыяхíю;
 
І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

ён, прыйшоўшы і ўба́чыўшы блага́даць Божую, узра́даваўся і заахво́чваў усіх, каб застава́ліся з Госпадам шчы́рым сэ́рцам;
 
Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпадзе.

таму што ён быў чалавек добры і напо́ўнены Ду́хам Святы́м і вераю. І далучы́лася даволі многа наро́ду да Госпада.
 
А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.

Тады Варнава пайшоў у Тарс шука́ць Саўла, і, знайшо́ўшы яго, прывёў у Антыяхíю;
 
Пасля ён накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Савела.

і ста́лася так, што яны цэлы год збіра́ліся ў царкве і навуча́лі даволі шмат людзей; і вучні ў Антыяхíі ўпершыню́ пачалí называ́цца Хрысція́намі.
 
І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі  вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.

У тыя дні прыйшлí з Іерусаліма ў Антыяхíю прарокі;
 
У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.

і адзін з іх, па імені Ага́ў, устаўшы, прадказа́ў праз Ду́ха, што па ўсім свеце наста́не голад вялікі, такі, як быў пры ке́сары Кла́ўдзіі;
 
І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за Клаўдыем.

тады вучні вы́значылі, каб кожны з іх, паводле даста́тку свайго, паслаў дапамогу брата́м, якія жылí ў Іудзеі,
 
Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.

так яны і зрабілі, паслаўшы сабра́нае да прасвітараў праз Варнаву і Саўла.
 
Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу праз Барнабу і Савела.