Дзеі 25 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
Фэст, прыйшоўшы ў сваю правінцыю, праз тры дні ўзыйшоў з Цэзарэі ў Ерусалім.
Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.
А першасьвятары і першыя з Юдэяў выступілі перад ім супраць Паўла і малілі яго,
Там да яго звярнуліся першасвятары і значныя з Юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,
просячы ў яго ласкі, каб ён выклікаў [Паўла] ў Ерусалім, учыніўшы змову, каб забіць яго ў дарозе.
просячы ласкі ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.
Тады Фэст адказаў, што Паўла пільнуюць у Цэзарэі, а сам ён мае неўзабаве выйсьці [туды].
Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:
«Дык хто з вас можа, — кажа ён, — няхай ідуць [са мною], і, калі ёсьць нешта на чалавеку гэтым, няхай яго вінавацяць».
«Дык хай, хто з вас можа, гаворыць, пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за [гэтым] чалавекам ёсць якія злачынствы».
А прабыўшы ў іх больш за дзесяць дзён, зыйшоў у Цэзарэю і на заўтра, сеўшы на судовым пасадзе, загадаў прывесьці Паўла.
І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.
Калі ж той прыйшоў, абступілі яго Юдэі, якія прыйшлі з Ерусаліму, прыносячы супраць Паўла шмат цяжкіх абвінавачваньняў, якіх не маглі давесьці.
І, калі ён быў прыведзены, абступілі яго Юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў, якіх не маглі даказаць,
Ён жа адказваў, што ні ў чым не саграшыў ані супраць Закону Юдэйскага, ані супраць сьвятыні, ані супраць цэзара.
Паўла ж апраўдваўся: «Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».
А Фэст, хочучы зрабіць ласку Юдэям, адказваючы Паўлу, сказаў: «Ці хочаш, узыйшоўшы ў Ерусалім, там быць суджаны мною за гэта?»
А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»
А Павал сказаў: «Я стаю перад судовым пасадам цэзара, дзе я мушу быць суджаным. Юдэяў нічым я ня скрыўдзіў, як і ты добра ведаеш.
Паўла сказаў: «Стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.
Бо калі я зрабіў нейкую крыўду і нешта, вартае сьмерці, не адмаўляюся памерці; а калі няма нічога, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа выдаць ім мяне. Прызываю [суд] цэзара!»
Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»
Тады Фэст, пагутарыўшы з радаю, адказаў: «Прызываеш цэзара? Да цэзара пойдзеш».
Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».
А калі мінула некалькі дзён, валадар Агрыпа і Бэрніка прыйшлі ў Цэзарэю прывітаць Фэста.
І па прашэсці некалькіх дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.
Калі ж былі яны там шмат дзён, Фэст прадставіў валадару справу Паўла, кажучы: «Ёсьць нейкі чалавек, пакінуты Фэліксам як вязень,
Калі там прабылі многа дзён, Фэст далажыў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.
супраць якога, калі я быў у Ерусаліме, выступалі першасьвятары і старшыні юдэйскія, просячы прысуду на яго.
Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старшыні Юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.
Я адказаў ім, што ў Рымлянаў няма звычаю выдаваць нейкага чалавека на сьмерць перш, чым вінавачаны будзе мець перад абліччам [сваім] абвінавальнікаў і атрымае месца дзеля абароны ад абвінавачваньня.
Я ім адказаў, што Рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на смерць], калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчамасці бараніцца ад абвінавачанняў.
Дык калі яны зыйшліся, я, ня робячы аніякай затрымкі, на другі дзень, сеўшы на судовы пасад, загадаў прывесьці гэтага чалавека.
І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці [гэтага] чалавека.
Абвінавальнікі, абступіўшы яго, не прынесьлі супраць яго аніякае віны, якой я спадзяваўся,
І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.
а мелі яны з ім нейкія спрэчкі пра іхнюю рэлігію і пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Павал цьвердзіў, што Ён жывы.
Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.
Зьбянтэжаны гэтай спрэчкаю, я сказаў, ці хоча ён ісьці ў Ерусалім і там быць суджаным за гэта.
Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я казаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.
А як Павал запатрабаваў, каб яго пільнавалі дзеля разгляду Аўгуста, я загадаў пільнаваць яго, пакуль не пашлю яго да цэзара».
Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».
Агрыпа ж мовіў да Фэста: «Хацеў бы і я сам пачуць гэтага чалавека». А той кажа: «Заўтра пачуеш яго».
Агрыпа [сказаў] Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць [гэтага] чалавека». «Заўтра, адказаў, пачуеш яго».
Дык на заўтра, калі Агрыпа і Бэрніка прыйшлі з вялікай пышнасьцю і ўвайшлі ў судовую залю разам з тысячнікамі і найпаважнейшымі мужамі гораду, на загад Фэста быў прыведзены Павал.
На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загаду Феста ўведзены быў Паўла.
І прамовіў Фэст: «Валадару Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Вы бачыце таго, адносна якога ўсё мноства Юдэйскае прасіла мяне і ў Ерусаліме, і тут, крычучы, што не належыцца яму больш жыць.
І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыцца больш жыць.
Але я не спасьцярог, каб ён зрабіў нешта вартае сьмерці, і як ён сам прызваў Аўгуста, я судзіў паслаць яго.
Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць.
Ды ня маю нічога пэўнага напісаць гаспадару. Дзеля гэтага прывёў яго да вас, і асабліва да цябе, валадару Агрыпа, каб, учыніўшы допыт, я меў, што напісаць.
Дык не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.
Бо неразумным здаецца мне, пасылаючы вязьня, нават не пазначыць абвінавачваньня супраць яго».
Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».