Дзеі 8 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

А Саўл згаджаўся на забойства яго. Сталася ж у той дзень вялікае перасьледваньне царквы ў Ерусаліме. І ўсе, акрамя апосталаў, былі расьцярушаныя па ваколіцах Юдэі і Самарыі.
 
А Савел згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае пераследаванне супраць царквы, якая была ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэннем апосталаў, рассеяліся па Юдэі і Самарыі.

А Стэфана пахавалі мужы пабожныя і ўчынілі па ім галашэньне вялікае.
 
А богабаязныя людзі пахавалі Сцяпана і зрабілі вялікае галашэнне па ім.

Саўл жа нішчыў царкву, уваходзячы ў дамы, і, цягнучы мужчынаў і жанчынаў, аддаваў [іх] у вязьніцу.
 
Савел жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу.

А тыя, што расьцярушыліся, хадзілі, дабравесьцячы слова.
 
А тыя, што рассеяліся, хадзілі, несучы слова [дабравесця].

Філіп жа, зыйшоўшы ў горад Самаранскі, абвяшчаў ім Хрыста.
 
А Піліп, прыбыўшы ў горад Самарытанскі, прапаведаваў ім Хрыста.

І натоўпы прыслухоўваліся да ўсяго, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і бачачы знакі, якія ён чыніў.
 
І людзі аднадушна прымалі, што казаў Піліп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён учыняў:

Бо з многіх, якія мелі духаў нячыстых, яны выходзілі, крычучы моцным голасам, а шмат спараліжаваных і кульгавых былі аздароўленыя.
 
бо з многіх, што былі апанаваныя нячыстымі духамі, яны выходзілі, лямантуючы моцным голасам; і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена.

І сталася радасьць вялікая ў горадзе тым.
 
І сталася вялікая радасць у тым горадзе.

А быў раней у гэтым горадзе нейкі муж на імя Сымон, які чараваў і зьдзіўляў народ Самарыі, называючы сябе некім вялікім.
 
А ў горадзе быў адзін чалавек, на імя Сімон, які раней займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, кажучы, што ён нехта вялікі;

І прыслухоўваліся да яго ўсе ад малога да вялікага, кажучы: «Ён ёсьць вялікая моц Божая».
 
паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, кажучы: «Ён — моц Божая, што завецца вялікая».

Прыслухоўваліся ж да яго дзеля таго, што ён даволі часу чараваньнем зьдзіўляў іх.
 
І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.

А калі паверылі Філіпу, які дабравесьціў пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, былі ахрышчаны як мужчыны, так і жанчыны.
 
Але калі ўверылі Піліпу, які нёс добрую вестку пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прымалі хрост.

Дый Сымон і той паверыў, і, ахрысьціўшыся, трываў пры Філіпе. А бачачы знакі і цуды вялікія, што рабіліся, дзівіўся.
 
Тады і Сімон сам уверыў і па атрыманні хросту далучыўся да Піліпа; і дзівіўся ён надта, бачачы, якія знакі і  вялікія цуды ўчыняюцца.

Апосталы ж, што былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
 
Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру і Яна,

якія, прыйшоўшы, памаліліся за іх, каб атрымалі Духа Сьвятога,
 
і,калі яны прыбылі, то маліліся за іх саміх, каб атрымалі Духа Святога;

бо Ён ня быў на нікога з іх зыйшоўшы, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
 
бо не сыходзіў Ён яшчэ на ніводнага з іх, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.

Тады яны ўсклалі на іх рукі, і яны атрымалі Духа Сьвятога.
 
Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Святога.

Сымон жа, пабачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
 
Калі Сімон убачыў, што апосталамі праз ускладанне рук даецца Дух, прынёс ім грошы,

кажучы: «Дайце і мне гэткую ўладу, каб той, на каго ўскладу рукі, атрымаў Духа Сьвятога».
 
кажучы: «Дайце і мне гэтую ўладу, каб, калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Святога».

Пётар жа сказаў яму: «Няхай срэбра тваё будзе з табой на загубу, бо дар Божы ты думаў за грошы здабыць.
 
Пётра ж сказаў яму: «Хай срэбра тваё ідзе на пагібель разам з табой, бо ты меркаваў за грошы набыць дар Божы!

Няма табе часткі і жэрабя ў слове гэтым, бо сэрца тваё ня шчырае перад Богам.
 
Не  маеш ты ані часткі, ані долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё няшчырае перад Богам.

Дык навярніся ад гэтай ліхоты тваёй і прасі Бога, можа, будзе адпушчана табе задума сэрца твайго.
 
Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасць і малі Бога, можа, Ён даруе табе гэты намер сэрца твайго,

Бо бачу цябе ў гарчыні жоўці і ў вузьле няправеднасьці».
 
бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах сапсаванасці».

А Сымон, адказваючы, сказаў: «Маліцеся вы за мяне да Госпада, каб не прыйшло на мяне тое, што вы сказалі».
 
І, адказваючы, Сімон сказаў: «Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога з таго, што вы казалі».

Яны ж, засьведчыўшы і расказаўшы слова Госпада, вярнуліся ў Ерусалім, дабравесьцячы ў многіх мястэчках Самаранскіх.
 
І апосталы, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім і неслі добрую вестку ў многіх вёсках Самарытанскіх.

А анёл Госпада прамовіў да Філіпа, кажучы: «Устань і ідзі на поўдзень, на шлях, які зыходзіць з Ерусаліму ў Газу, той, які пусты».
 
І анёл Госпадаў сказаў Піліпу, кажучы: «Устань і ідзі на  поўдзень па дарозе, што ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна цалкам пустая».

І, устаўшы, ён пайшоў. І вось, муж Этыёпскі, эўнух, можны Кандакіі, валадаркі Этыёпаў, які быў над усімі скарбамі ейнымі і прыйшоў у Ерусалім пакланіцца,
 
І, падняўшыся, ён пайшоў; і вось, пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім муж Этыёпскі, еўнух, урадовец Кандацыі, царыцы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў,

вяртаўся назад, і сядзеў у калясьніцы сваёй, і чытаў прарока Ісаю.
 
і ён вяртаўся, седзячы ў сваім возе, і чытаў прарока Ісаю.

А Дух сказаў Філіпу: «Падыйдзі і прыстань да калясьніцы гэтай».
 
Дык Дух кажа Піліпу: «Падыдзі і далучыся да гэтага воза».

Прыбегшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш тое, што чытаеш?»
 
Калі Піліп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш, што чытаеш?»

Той жа сказаў: «Як жа я магу, калі нехта не растлумачыць мне?» І папрасіў Філіпа, узыйшоўшы, сесьці з ім.
 
Той гаворыць: «Як магу [разумець], калі ніхто мне не адкрыў?» І запрасіў Піліпа ўзлезці ў воз і сесці побач.

А ўрывак Пісаньня, які ён чытаў, быў гэткі: «Як авечку на зарэз, вялі Яго; і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ, гэтак Ён не адчыняе вуснаў Сваіх.
 
А месца Пісання, што ён чытаў, было гэткае: «Як авечка на зарэз вядзецца, ды як ягня безгалосае перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў Сваіх.

У паніжэньні Ягоным суд Ягоны ўзяты. А паходжаньне Ягонае хто распавядзе? Бо жыцьцё Ягонае будзе ўзята ад зямлі».
 
На прыніжэнні і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго».

Адказваючы, эўнух сказаў Філіпу: «Прашу цябе, пра каго прарок гаворыць гэтае? Пра самога сябе ці пра каго іншага?»
 
І, звяртаючыся да Піліпа, еўнух сказаў: «Прашу цябе, пра каго гэта кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго другога?»

А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад Пісаньня гэтага, дабравесьціў яму Ісуса.
 
Тады Піліп, адкрыўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісання гэтага, апавядаў яму добрую вестку пра Ісуса.

А як ехалі па дарозе, прыйшлі да вады; і кажа эўнух: «Вось вада. Што перашкаджае мне быць ахрышчаным?»
 
І калі ехалі па дарозе, пад’ехалі да нейкай вады, і гаворыць еўнух: «Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?» (37)

А Філіп сказаў: «Калі верыш з усяго сэрца, можна». Ён жа, адказваючы, сказаў: «Веру, што Ісус Хрыстос ёсьць Сын Божы».
 
І казаў затрымацца, і яны абодва, Піліп і еўнух, увайшлі ў ваду, і ахрысціў яго.

І загадаў спыніць калясьніцу. І зыйшлі абодва ў ваду, як Філіп, так і эўнух, і ахрысьціў яго.
 
А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Піліпа, і еўнух не бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.

Калі ж выйшлі яны з вады, Дух Госпада падхапіў Філіпа, і эўнух больш ня бачыў яго, бо паехаў у сваю дарогу, радуючыся.
 
А Піліп апынуўся ў Азоце, і, праходзячы праз усе гарады, нёс добрую вестку аж да Цэзарэі.

А Філіп апынуўся ў Азоце; і, праходзячы, дабравесьціў па ўсіх гарадах, пакуль прыйшоў у Цэзарэю.