Дзеі 12 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2003
А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы,
У гэты час Ірад паслаў жаўнераў, каб пераследаваць некаторых з царквы.
а Якуба, брата Яна, забіў мячом.
І Якуба, брата Яна, забіў ён мячом.
І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў,
І, бачачы, што гэта спадабалася Юдэям, увязніў да таго ж і Пётру. А былі гэта дні праснакоў.
і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу.
Калі яго схапіў, укінуў у вязніцу, даручыўшы, каб чатыры [варты] па чацвёра жаўнераў пільнавалі яго, жадаючы па свяце Пасхі вывесці яго народу.
Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога.
І быў Пётра вартаваны ў астрозе. А ў царкве безупынна была малітва за яго да Бога.
Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу.
У ноч, па якой Ірад меўся вывесці яго, Пётра, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі астрог.
І вось, анёл Госпада стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі.
І вось, з’явіўся анёл Госпадаў, і святло заззяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок Пётры, абудзіў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І апалі ланцугі з рук яго.
Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і азуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною».
І сказаў яму анёл: «Падперажыся ды абуй сандалі твае!» І ён так зрабіў. І кажа яму: «Надзень вопратку тваю ды ідзі за мной».
І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж.
І, выйшаўшы, ішоў за ім, але не ведаў, ці гэта рэчаіснасць, што анёл робіць, ці, можа, бачыць прывід.
Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго.
Прамінуўшы першую і другую варту, яны дайшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл аддаліўся ад яго.
І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».
Тады Пётра, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла Свайго ды вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».
І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся.
Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маці Яна, званага Маркам, дзе пазбіраліся многія на малітве.
А калі Пётар грукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода,
І калі пастукаў у дзверы, прыбегла дзяўчына, на імя Рода, паслухаць, хто там.
і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі.
І, пазнаўшы голас Пётры, з радасці не адчыніла дзверы, але пабегла паведаміць, што Пётра стаіць перад дзвярамі.
Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны».
А яны сказалі ёй: «Дурніца!» Яна ж даказвала, што гэта так. Яны ж усе казалі: «Гэта анёл яго».
А Пётар працягваў грукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся.
А Пётра стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта здзівіліся.
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца.
Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з астрога, і сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.
А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром.
Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узнікла немалая трывога з-за таго, што сталася праз Пётру.
Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх [на сьмерць]. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў [там].
Ірад жа, калі спытаўся пра яго і не знайшоў, распытаўшы вартаўнікоў, загадаў пакараць іх смерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.
А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырыянаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае.
А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыра і Сідона. Але яны аднадушна прыбылі да яго і, схіліўшы на свой бок Бласта, палацавага царскага, прасілі супакою, бо іх край жывіўся ад царскіх запасаў.
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх,
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы царскія шаты, седзячы на пасадзе, прамаўляў да іх.
а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!»
А народ крычаў: «Гэта голас бога, а не чалавека!»
А анёл Госпада адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр.
І адразу ж ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.
А слова Божае расло і памнажалася.
Слова ж Госпадава расло і памнажалася.
А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам.
А Барнаба і Савел, выканаўшы сваё даручэнне, вярнуліся ў Ерузалім, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.