2 да Карынфянаў 6 разьдзел

Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Мы ж, як суработнікі Яго, просім вас, каб не марна прынялí вы благадаць Божую.
 
Як супрацоўнікі, мы заклікаем, каб вы не прымалі дарэмна Божай ласкі.

Бо ска́зана: «у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень спасення дапамог табе». Вось цяпер час добраспрыяльны, вось цяпер дзень спасення.
 
Бо Ён кажа: «У час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень збаўлення дапамог табе». Вось цяпер час спрыяльны, вось цяпер дзень збаўлення.

Мы нікому ні ў чым не даём нагоды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нараканняў на служэнне,
 
Мы нікому ні ў чым не даём спатыкацца, каб не знайшлося заганы ў нашым служэнні,

але ва ўсім праяўляем сябе як служыцелі Божыя: у вялікім цярпенні, у горасцях, у нястачах, у бедах,
 
але ва ўсім выяўляем сябе як слугаў Божых: у вялікай цярплівасці, у турботах, у патрэбе, ва ўціску,

пад ударамі, у цямніцах, у сму́тах, у цяжкай працы, у няспа́нні, у паста́х,
 
пад ударамі, у вязніцах, у хваляваннях, у працы, у чуванні, у посце,

у чысціні, у разважлівасці, у доўгацярплівасці, у добрасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай,
 
у чыстасці, у пазнанні, у велікадушнасці, у ласкавасці, у Духу Святым, у некрывадушнай любові,

у слове ісціны, у сіле Божай, са зброяю праведнасці ў правай і ў левай руцэ,
 
у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй справядлівасці ў правай і ў левай руцэ,

у славе і ганьбе, пры знявагах і пахвала́х; нас лíчаць ашуканцамі — а мы праўдзівыя,
 
праз славу і бясслаўе, праз ганьбу і прызнанне. Мы нібы ашуканцы, але праўдзівыя;

лічаць невядомымі — а нас ведаюць, лічаць памерлымі — а мы, вось, жывыя; нас караюць — а мы не паміраем;
 
нібы невядомыя, але нас пазнаюць; нібы паміраючыя, але вось мы жывём; нібы пакараныя, але не забітыя;

нас засмуча́юць — а мы заўсёды радуемся, мы бедныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім валодаем.
 
нібы засмучаныя, але заўсёды радуемся; нібы ўбогія, але многіх узбагачаем; нібы нічога не маем, але ўсім валодаем.

Вусны нашы адкрыты да вас, Кары́нфяне, сэрца наша расшы́рана.
 
Вусны нашыя адкрыліся перад вамі, карынцяне, і сэрца нашае сталася шырокім.

Вам не цесна ў нас, а цесна вам унутры вас.
 
Вам не цесна ў нас, але вашае нутро цеснае.

Адкажыце нам узаемнасцю, — як дзецям кажу, — шырока адкрыйцеся і вы.
 
Адплаціце тым жа. Кажу, як дзецям, адкрыйцеся і вы.

Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо разам з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Або што агульнага ў святла з цемраю?
 
Не хадзіце пад чужым ярмом з няверуючымі! Бо якая лучнасць справядлівасці з беззаконнем? Што агульнага паміж святлом ды цемраю?

І якая згода паміж Хрыстом і Веліярам? Або які саўдзел вернага з няверным?
 
Што за згода паміж Хрыстом і Бэліарам? Што яднае веруючага з няверуючым?

Якая сумяшчальнасць храма Божага з ідалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: «усялюся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.
 
Што святыня Бога мае агульнага з ідаламі? Мы — святыня жывога Бога, як сказаў Бог: «Пасялюся ў іх і буду хадзіць,і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

Таму выйдзіце з асяроддзя іх і аддзяліцеся, кажа Гасподзь, і не дакранайцеся да нечыстаты́, і Я прыму вас;
 
Таму выйдзіце ад іхі адлучыцеся, — кажа Пан, —і не дакранайцеся да нячыстага,і Я прыму вас,

і буду вам Айцом, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Уседзяржыцель».
 
і буду вам Айцом,а вы будзеце Мне сынамі і дочкамі», —кажа Усемагутны Пан.