Адкрыцьцё 11 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003
І да́дзена была́ мне трысцíна, падо́бная да жазла́, і ска́зана: устань і зме́рай храм Божы і ахвя́рнік, і палічы́ тых, што пакланя́юцца ў ім;
І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і алтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.
а зне́шні двор хра́ма абмінí і не ме́рай яго, бо ён да́дзены язы́чнікам: яны будуць тапта́ць святы́ го́рад со́рак два ме́сяцы.
А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.
І дам двум све́дкам Маім, і яны будуць праро́чыць ты́сячу дзве́сце шэсцьдзяся́т дзён, апра́нутыя ў валасянíцу.
І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».
Яны — дзве маслíны і два свяцíльнікі, што стая́ць перад Богам зямлí.
Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам зямлі.
І калі хто хоча прычынíць ім шко́ду, то агонь выхо́дзіць з ву́снаў іх і пажыра́е во́рагаў іх; і калі хто захо́ча прычынíць ім шко́ду, то яму нале́жыць так загíнуць.
І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.
Яны ма́юць ула́ду зачынíць не́ба, каб не ішоў дождж на зямлю́ ў дні праро́цтва іх; і ма́юць ула́ду над во́дамі ператвара́ць іх у кроў і паража́ць зямлю́ ро́знымі бе́дствамі столькі, колькі яны захо́чуць.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю ўсякія бедствы, якія толькі захочуць.
І калі зако́нчаць яны све́дчанне сваё, звер, што выхо́дзіць з бе́здані, усту́піць у бітву з імі, і перамо́жа іх, і заб’е́ іх,
І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.
і тру́пы іх пакíне на ву́ліцы вялікага го́рада, які духо́ўна называ́ецца Садо́м і Егíпет, дзе і Гасподзь наш быў распя́ты.
І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садома і Егіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.
І мно́гія з наро́даў, і кале́н, і моў, і плямёнаў будуць глядзе́ць на тру́пы іх тры з пало́ваю дні і не дазво́ляць пакла́сці тру́пы іх у магíлу.
І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.
І жыхары́ зямлí будуць ра́давацца гэтаму і весялíцца, і будуць пасыла́ць падару́нкі адзін аднаму; таму што два праро́кі гэтыя му́чылі жыхаро́ў зямлí.
І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.
Але праз тры з пало́ваю дні ўвайшо́ў у іх дух жыцця́ ад Бога; і яны або́два ўста́лі на но́гі свае, і вялікі страх напа́ў на тых, што глядзе́лі на іх.
І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.
І пачу́лі яны з не́ба гу́чны го́лас, які каза́ў ім: узыдзíце сюды. І яны ўзышлí на не́ба на во́блаку; і глядзе́лі на іх во́рагі іх.
І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Падыміцеся сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.
І ў той самы час адбыло́ся землетрасе́нне вялікае, і дзяся́тая ча́стка го́рада абры́нулася, і загíнула ад землетрасе́ння сем тысяч імён чалаве́чых; а аста́тнія былí ахо́плены стра́хам і ўзне́слі сла́ву Богу Нябе́снаму.
І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрушылася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі славу Богу на небе.
Друго́е го́ра прайшло́; вось, надыхо́дзіць неўзаба́ве трэ́цяе го́ра.
Гора другое мінула; вось, трэцяе прыйдзе неўзабаве.
І сёмы А́нгел затрубíў, і пачу́ліся на не́бе гу́чныя галасы́, якія каза́лі: ца́рства све́ту ста́ла ца́рствам Госпада нашага і Хрыста Яго, і Ён будзе ца́рстваваць на ве́кі вяко́ў.
І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: «Сталася валадарства гэтага свету [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».
І два́ццаць чаты́ры ста́рцы, што сядзе́лі перад Богам на прасто́лах сваіх, упа́лі на аблíччы свае́ і пакланíліся Богу,
І дваццаць чатыры старыя, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,
ка́жучы: дзя́куем Табе, Госпадзі Божа Уседзяржы́цель, Які ёсць, і быў, і ма́еш прыйсці, што Ты прыня́ў сíлу Тваю вялікую і стаў ца́рстваваць.
усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ўзяў сілу Сваю магутную і запанаваў.
І разгне́валіся язы́чнікі; і прыйшо́ў гнеў Твой і час судзíць мёртвых і даць узнагаро́ду раба́м Тваім, праро́кам, і святы́м, і тым, што бая́цца íмені Твайго, малы́м і вялíкім, і знíшчыць тых, хто знішча́е зямлю́.
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой, і гадзіна судзіць памёршых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».
І адчынíўся храм Божы на не́бе, і стаў ба́чны каўчэ́г запаве́ту Яго ў хра́ме Яго; і былí мала́нкі, і гу́кі, і грамы́, і землетрасе́нні, і град вялікі.
І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачна стала арка запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.