Адкрыцьцё 11 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003
І дадзена мне трысьціна, падобная да жазла, і сказана: устань, абмерай храм Божы і ахвярнік, і тых, што пакланяюцца ў ім;
І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і алтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.
а зьнешні двор храма выключы і не абмярай яго, бо ён дадзены язычнікам: яны будуць таптаць сьвяты горад сорак два месяцы.
А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.
І дам двум сьведкам Маім, і яны будуць прарочыць тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён, апранутыя ў вярэту.
І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».
Гэта — дзьве масьліны і два сьветачы, што стаяць прад Богам зямлі.
Яны — дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам зямлі.
І калі хто захоча іх скрыўдзіць, дык вагонь выйдзе з вуснаў іхніх і зжарэ ворагаў іхніх; калі хто захоча іх скрыўдзіць, той мусіць быць забіты.
І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб ня падаў дождж на зямлю ў дні прарочаньня іхняга, і маюць уладу над водамі — ператварыць іх у кроў і пабіваць зямлю рознымі пошасьцямі, калі толькі захочуць.
Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю ўсякія бедствы, якія толькі захочуць.
І калі закончаць яны сьведчаньне сваё, зьвер, які выходзіць зь бездані, павядзе бітву зь імі, і пераможа іх, і заб’е іх,
І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.
і трупы іхнія пакіне на вуліцы вялікага горада, які духоўна называецца Садома і Егіпет, дзе і Гасподзь наш укрыжаваны.
І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садома і Егіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.
І многія з народаў і каленаў, і родаў і плямёнаў будуць глядзець на трупы іхнія тры дні з палавінаю і не дазволяць пакласьці трупы іхнія ў магілы.
І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.
І насельнікі зямныя будуць радавацца з гэтага і весяліцца, і пашлюць дарункі адно аднаму, бо два прарокі гэтыя мучылі насельнікаў зямлі.
І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.
Але праз тры дні з палавінаю ўвайшоў у іх дух жыцьця ад Бога, і яны абодва ўсталі на ногі свае; і вялікі страх агарнуў тых, што глядзелі на іх.
І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.
І пачулі яны зь неба гучны голас, які казаў ім: узыдзеце сюды. І яны ўзышлі на неба на хмары, і глядзелі на іх ворагі іхнія.
І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Падыміцеся сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.
І ў тую самую хвіліну стаўся вялікі землятрус, і дзясятая частка горада зруйнавалася, і загінула пры землятрусе сем тысяч імёнаў чалавечых; а астатнія былі апанаваныя жудасьцю і ўзьнесьлі славу Богу Нябеснаму.
І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрушылася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі славу Богу на небе.
Другое гора прайшло; вось, ідзе неўзабаве трэйцяе гора.
Гора другое мінула; вось, трэцяе прыйдзе неўзабаве.
І сёмы анёл затрубіў, і залуналі на небе гучныя галасы, якія казалі: царства сьвету зрабілася Царствам Госпада нашага і будзе валадарыць ва векі вечныя.
І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: «Сталася валадарства гэтага свету [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».
І дваццаць чатыры старцы, што сядзелі перад Госпадам на тронах сваіх, упалі ніцма і пакланіліся Богу,
І дваццаць чатыры старыя, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,
кажучы: дзякуем Табе, Госпадзе Божа Ўсеўладны, Які ёсьць і быў і прыйдзеш, што Ты прыняў сілу Тваю вялікую і заваладарыў.
усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ўзяў сілу Сваю магутную і запанаваў.
І раз’юшыліся язычнікі; і прыйшоў гнеў твой і час судзіць мёртвых і даць адплату рабам Тваім, прарокам і сьвятым і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і пагубіць тых, што губілі зямлю.
І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой, і гадзіна судзіць памёршых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».
І расчыніўся храм Божы на небе, і зьявіўся каўчэг запавету Ягонага ў храме Ягоным; і ўчыніліся маланкі і галасы, і грымоты і землятрусы і вялікі град.
І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачна стала арка запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.