Адкрыцьцё 2 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Анёлу Эфэскай царквы напішы: так кажа Той, Хто трымае сем зорак у правіцы Сваёй, Хто ходзіць сярод сямі залатых сьветачаў:
 
Анёлу царквы, што ў Эфесе, напішы: Вось што кажа Той, Які трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Які ходзіць пасярод сямі залатых светачаў:

«ведаю дзеі твае і працу тваю, і цярплівасьць тваю, і тое, што ты ня можаш трываць распусных, і выпрабаваў тых, якія называюць сябе апосталамі, а яны не такія, і выявіў, што яны хлусы;
 
Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасць тваю, і што не можаш пераносіць ліхіх, і што выпрабаваў ты тых, якія называюць сябе апосталамі, а імі не ёсць, і знайшоў іх ашуканцамі.

ты шмат перажываў і маеш цярплівасьць, і на імя Маё працаваў і не зьнемагаў.
 
І маеш ты цярплівасць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знямогся.

Але маю супроць цябе тое, што ты занядбаў першую любоў тваю.
 
Але маю Я супраць цябе тое, што пакінуў ты сваю першую любоў.

Дык узгадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся, і рабі ранейшыя ўчынкі; а калі ня так, дык неўзабаве прыйду да цябе і зрушу сьветач твой зь месца ягонага, як не пакаешся.
 
Памятай тады, адкуль ты ўпаў, і навярніся, і выконвай першыя ўчынкі. Інакш бо прыйду да цябе і зрушу твой светач са свайго месца, калі не навернешся.

Аднак тое ў табе добрае, што ненавідзіш ты дзеі Мікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
 
Але маеш тое, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.

Хто мае вуха, хай чуе, што Дух кажа цэрквам: хто перамагае, таму дам паспытаць ад дрэва жыцьця, што сярод раю Божага».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я спажываць з дрэва жыцця, якое ў раі Божым.

І анёлу Сьмірненскай царквы напішы: «Так кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і вось, жывы:
 
І анёлу царквы, што ў Смірне, напішы: вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:

ведаю твае дзеі, і скруху, і галечу, — але ж ты багаты, — і праклёны ад тых, якія кажуць пра сябе, што яны Юдэі; але яны не такія, а зборня сатанінская.
 
Ведаю прыгнёт твой і беднасць тваю, але ты багаты; і зневажанні тых, якія называюць сябе Юдэямі, а імі не ёсць, бо яны — сінагога шатана.

Ня бойся нічога, што табе выпадзе перацярпець. Вось, д’ябал будзе ўкідаць з асяродзьдзя вас у цямніцу, каб спакусіць вас, і будзеце мець скруху дзён дзесяць. Будзь верны да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця.
 
Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці. Вось жа, пашле некаторых з вас д’ябал у вязніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора на працягу дзесяці дзён. Будзь верны аж да смерці, і дам табе вянец жыцця.

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможца не зазнае шкоды ад другое сьмерці».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, другой смерці не сустрэне.

І анёлу Пергамскай царквы напішы: «Так кажа Той, Хто мае востры з двух бакоў меч:
 
І анёлу царквы, што ў Пергаме, напішы: гэта кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:

ведаючы твае дзеі, і што ты жывеш там, дзе трон сатаны, і што трымаеш імя Маё, і ня зрокся веры Мае нават у тыя дні, калі ў вас, дзе жыве сатана, забіты верны сьведка Мой Анціпа.
 
Ведаю, што жывеш, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сведка Антыпа.

Але маю крыху супроць цябе, бо ёсьць у цябе там такія, што трымаюцца вучэньня Валаама, які навучыў Валака ўвесьці ў спакусу сыноў Ізраілевых, каб яны елі ідалаахвярнае і любаблуднічалі.
 
Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых , каб елі ахвяры ідалам і займаліся распустай.

Так і ў цябе ёсьць прыхільнікі вучэньня Мікалаітаў, якое Я ненавіджу.
 
І ты маеш таксама такіх, што трымаюцца навукі Мікалаітаў.

Пакайся; а калі ня так, неўзабаве прыйду да цябе і ўступлю зь імі ў бой мечам вуснаў Маіх.
 
Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх.

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам спажываць патаемную манну, і дам яму белы камень і на камені напісанае новае імя, якога ніхто ня ведае, акрамя таго, хто атрымлівае».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу гэтаму дам Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто атрымае.

І анёлу Фіятырскай царквы напішы: «Так кажа Сын Божы, у Якога вочы — як полымя вогненнае, і ногі падобныя да халкалівану:
 
І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: гэта вось кажа Сын Божы, Які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.

ведаю твае дзеі, і любоў, і служэньне, і веру, і цярплівасьць тваю, і тое, што апошнія дзеі твае большыя за першыя.
 
Спазнаў Я справы твае, і любоў,  і веру тваю, і служэнне, і цярплівасць тваю, і учынкі твае апошнія больш шматлікія, чым раней.

Але маю крыху супроць цябе, бо ты патураеш жонцы Езавэлі, якая сябе называе прарочыцай, навучаць і зводзіць у зман рабоў Маіх, любаблуднічаць і есьці ідалаахвярнае.
 
Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць слуг Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў.

Я даў ёй часу пакаяцца ў распусьце яе, але яна не пакаялася.
 
І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакутаваць.

Вось, Я кідаю яе на ложак і тых, што ў распусьце зь ёю, у вялікую скруху, калі не пакаюцца ў дзеях сваіх.
 
Вось жа, кіну яе на ложак, і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за правіны свае.

І дзяцей яе аддам сьмерці, і зразумеюць усе цэрквы, што Я Той, Хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы; і аддам кожнаму з вас паводле ўчынкаў вашых.
 
І дзяцей яе пакараю смерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я — Той, Які пранікае вантробы і сэрцы, і дам кожнаму паводле ўчынкаў яго.

А вам і астатнім, хто ў Фіятыры, якія ня трымаюцца гэтага вучэньня і якія ня ведаюць так званых глыбіняў сатанінскіх, кажу, што не ўскладу на вас іншага цяжару;
 
Вам жа кажу ды іншым, што ёсць у Тыятыры, якія не прызнаюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздонняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасці,

толькі тое, што маеце, трымайце, пакуль прыйду.
 
апроч той, якую маеце; трымайцеся, пакуль да вас прыйду.

Хто перамагае і захоўвае дзеі Мае да канца, таму дам уладу над язычнікамі,
 
А хто пераможа і захавае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,

і будзе пасьвіць іх жазлом жалезным; і, як посуд гліняны, яны скрышацца, як і Я атрымаў уладу ад Айца Майго;
 
і валадарыць будзе над імі кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд гліняны,

і дам яму зорку золкавую.
 
як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раннюю зорку.

Хто мае вуха (каб чуць), хай чуе, што Дух кажа цэрквам».
 
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.