Адкрыцьцё 14 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І глянуў я, і вось, Ягня стаіць на гары Сыёне, і зь Ім сто сорак чатыры тысячы, у якіх імя Айца Ягонага напісана на лобе.
 
I глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Яго і імя Айца Яго.

І пачуў я голас зь неба, як шум ад мноства водаў і як гук вялікага грому; і пачуў голас быццам гусьляроў, што ігралі на гусьлях сваіх:
 
I пачуў я голас з неба, быццам голас многіх вод і быццам рэха магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, граючых на гуслях сваіх.

яны сьпяваюць быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма жывымі істотамі і старцамі; і ніхто ня мог навучыцца гэтай песьні, акрамя гэтых ста сарака чатырох тысяч, адкупленых у зямлі.
 
І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырма жывёлінамі, і перад старымі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

Гэта тыя, якія не апаганіліся з жанчынамі, бо яны цнотнікі; гэта тыя, якія ідуць сьледам за Ягнём, куды б яно ні пайшло. Яны адкуплены зь людзей, як першынцы Богу і Ягняці,
 
Гэта тыя, што не спляміліся з жанчынамі і ёсць нявінныя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,

і ў вуснах іхніх няма падступнасьці: яны беспахібныя перад тронам Божым.
 
і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны.

І ўбачыў я другога анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, які меў вечнае Дабравесьце, каб зьвеставаць насельнікам зямлі і кожнаму племені і пакаленьню, і роду і народу;
 
I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць пражываючым на зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,

і гаварыў ён гучным голасам: пабойцеся Бога і ўзьнясеце Яму славу, бо настала гадзіна суду Ягонаму; і пакланецеся Стваральніку неба і зямлі, і мора і крыніц водаў.
 
усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».

І другі анёл сьледаваў за ім, кажучы: упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы.
 
I другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон той вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».

І трэйці анёл пасьледаваў за імі, кажучы гучным голасам: хто пакланяецца зьверу і вобразу ягонаму і прымае кляймо на лоб свой альбо на руку сваю,
 
I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,

той піцьме віно лютасьці Божай, віно цэльнае, прыгатаванае ў чары гневу Ягонага, і будзе мучаны ў вагні і серцы перад сьвятымі анёламі і перад Ягнём;
 
той будзе піць віно гневу Божага, якое змяшана без дадатку [вады] ў келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі, і перад Ягнём.

і дым цярпеньняў іхніх будзе ўзыходзіць ва векі вечныя, і ня мецьмуць спакою ні ўдзень, ні ўначы тыя, што пакланяюцца зьверу і вобразу ягонаму і прымаюць кляймо імя ягонага.
 
І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».

Тут цярплівасьць сьвятых, якія захоўваюць запаведзі Божыя і веру ў Ісуса.
 
Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.

І пачуў я голас зь неба, які мне казаў: напішы: ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе; так, кажа Дух: яны супакояцца ад працы сваёй, і дзеі іхнія ідуць сьледам за імі.
 
I пачуў я голас з неба, кажучы мне: «Напішы: шчасныя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі».

І глянуў я, і вось сьветлае воблака, а на воблаку сядзіць падобны да Сына Чалавечага; на галаве ў Яго залаты вянок, і ў руцэ ў яго востры серп.
 
I ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.

І выйшаў другі анёл з храма і ўсклікнуў гучным голасам да таго, хто сядзеў на воблаку: пусьці серп твой і пажні; бо прыйшоў час жніва; бо жніво на зямлі дасьпела.
 
I іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».

Той, хто сядзеў на воблаку, кінуў серп свой на зямлю, і зямля была выжата.
 
І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.

І другі анёл выйшаў з храма, які быў на небе, таксама з вострым сярпом.
 
I выйшаў іншы анёл са святыні, якая ёсць у небе, трымаючы таксама серп востры.

І іншы анёл, які меў уладу над вагнём, выйшаў ад ахвярніка і зь вялікім крыкам усклікнуў да таго, хто меў востры серп: пашлі востры серп твой і абрэж гронкі вінаграду на зямлі, бо дасьпелі на ім ягады.
 
I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, [выйшаў] ад алтара і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».

І кінуў анёл серп свой на зямлю, і абрэзаў вінаград на зямлі, і кінуў у вялікую чавільню гневу Божага.
 
I кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.

І патаптаны ягады ў чавільні за горадам, і пацякла кроў з чавільні аж да вуздэчак конскіх, на тысячу шасьцьсот стадыяў.
 
I выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.