Адкрыцьцё 12 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
І паказаўся вялікі знак на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і пад яе нагамі — месяц, а на яе галаве — вянок з дванаццаці зорак,
І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,
і яна мае ў лоне і крычыць ад родавых боляў і мукаў нараджэння.
і была яна цяжарная, і крычала ад болю і мук радзільных.
І паказаўся другі знак на небе; і вось, вялікі агніста-чырвоны дракон, які мае сем галоў і дзесяць рагоў, а на яго галовах — сем дыядэм,
І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, руды, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,
і яго хвост сцягвае трэць зорак нябесных; і ён скінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая мелася нарадзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.
і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.
І яна нарадзіла хлопчыка, якому належыць пасвіць усе народы жалезным жазлом; і было ўзята яе дзіця да Бога і да Яго трона.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.
А жанчына ўцякла ў пустэльню, дзе ёсць у яе там месца, падрыхтаванае Богам, каб там кармілі яе тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.
І адбылася вайна ў небе: Міхаіл і яго Анёлы ваявалі з драконам27. І дракон ваяваў, і анёлы яго,
I пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон ваяваў [супраць іх] са сваімі анёламі,
але ён не адолеў28, і не знайшлося ўжо для іх месца ў небе.
і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.
І быў скінуты вялікі дракон, змей старадаўні, які называецца д’яблам і сатаною, які ўводзіць у зман увесь населены абшар; ён быў скінуты на зямлю, і яго анёлы былі скінуты з ім.
I скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.
І я пачуў гучны голас ў небе, які казаў: Цяпер настала збавенне, і сіла, і царства нашага Бога і ўлада Яго Хрыста, бо скінуты абвінаваўца нашых братоў, які абвінавачвае іх перад нашым Богам удзень і ўночы.
I пачуў я голас магутны на небе, кажучы: «Цяпер настала збаўленне і магутнасць, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.
І яны перамаглі яго крывёю Агнеца і словам свайго сведчання, і не любілі свайго жыцця29 аж да смерці.
I тыя перамаглі яго дзякуючы крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі душ сваіх нават да смерці.
Таму весяліцеся, нябёсы і хто жыве ў іх! Бяда зямлі і мору30, бо сышоў д’ябал да вас у вялікім гневе, ведаючы, што мала ў яго часу.
Дзеля таго цешцеся, неба і жыхары яго. Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай злосці, ведаючы, што мае мала часу!»
І, калі дракон убачыў, што ён скінуты на зямлю, ён пачаў гнаць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.
І былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустэльню ў сваё месца, дзе яна кармілася там тэрмін і тэрміны і палавіну тэрміну ўдалечыні ад аблічча змея.
I былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе будзе карміцца далёка ад змея праз пару і поры ды паўпары.
І змей выкінуў са сваёй пашчы ўслед за жанчынаю ваду, як раку, каб яе знесла ракою.
I пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сцягнуць.
І зямля дапамагла жанчыне, і раскрыла зямля свае вусны і праглынула раку, якую дракон выкінуў са сваёй пашчы.
І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.
І дракон раззлаваўся на жанчыну і пайшоў, каб весці вайну з астатнімі з яе патомства, якія выконваюць Божыя запаведзі і маюць сведчанне Ісуса.
I ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе патомства, які трымаўся загадаў Божых і меў сведчанне Ісуса.