Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003
Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Ісуса Хрыста і Бога Бацькі, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых
Паўла, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыі:
і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі:
ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста,
ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада Ісуса Хрыста,
Які аддаў Самога Сябе за нашы грахі, каб выбавіць нас з цяперашняга ліхога веку паводле волі нашага Бога і Бацькі,
Які аддаў Самога Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з нягод цяперашняга свету па волі Бога і Айца нашага,
Якому слава на векі вякоў, амін.
Якому слава на векі вечныя. Амін.
Дзіўлюся, што вы так хутка перабягаеце ад Таго, Хто паклікаў вас у ласцы Хрыстовай, да іншага дабравесця,
Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля,
якое не ёсць іншае дабравесце, а ёсць толькі некаторыя людзі, што бударажаць вас і хочуць перавярнуць дабравесце Хрыстова.
якое і не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова.
Але нават калі б мы ці Анёл з неба дабравесціў вам насуперак таму, што мы дабравесцілі вам, — няхай будзе анафема.
Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма!
Як мы раней казалі, і цяпер я зноў кажу: калі хто вам дабравесціць насуперак таму, што вы прынялі, — няхай будзе анафема.
Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма!
Бо цяпер ці ў людзей я шукаю прыхільнасці ці ў Бога? Ці людзям імкнуся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, я не быў бы слугою1 Хрыстовым.
Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы слугою Хрыстовым!
Бо аб’яўляю вам, браты: Дабравесце, якое я дабравесціў, яно не паводле чалавека;
Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое абвяшчаў я, не ёсць з волі чалавека,
бо і я не ад чалавека прыняў яго і навучыўся яму, а праз адкрыццё Ісуса Хрыста.
бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста.
Бо вы чулі пра мае паводзіны некалі ў іудзействе, што я нястрымна гнаў Царкву Божую і вынішчаў яе,
Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў Юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і ваяваў з ёю,
і апярэджваў у іудзействе шмат каго з аднагодкаў у маім родзе, будучы празмерным рупліўцам паданняў маіх бацькоў.
і вылучаўся ў Юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх.
Калі ж Богу, Які абраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў Сваёю ласкаю, было даспадобы
Калі ж спадабалася Таму, Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
адкрыць ува мне Свайго Сына, каб я дабравесціў Яго між язычнікаў, я не стаў зараз жа раіцца з целам і крывёю,
каб аб’явіць мне Сына Свайго і каб я дабравесціў пра Яго сярод паганскіх народаў, не даў я супачынку целу і крыві
і не ўзышоў у Іерусалім да тых, хто былі Апосталамі да мяне, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамасак.
Потым, праз тры гады, я ўзышоў у Іерусалім пазнаёміцца з Кіфам2 і заставаўся ў яго пятнаццаць дзён;
Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Цэфу і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
але нікога другога з Апосталаў я не бачыў, акрамя Іякава, брата Гасподняга.
З іншых апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадавага.
А ў тым, што пішу вам, — вось, кажу перад Богам: не хлушу.
А ў тым, што пішу вам, вось перад Богам, што не хлушу.
Потым я прыйшоў у краіны Сірыі і Кілікіі;
Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі.
але мяне не ведалі ў твар цэрквы Іудзеі, якія ў Хрысце,
З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія былі ў Хрысце,
а толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас гнаў, цяпер дабравесціць веру, якую некалі вынішчаў»,
а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў,
і славілі Бога за мяне.
і праз мяне славілі Бога.