Адкрыцьцё 20 разьдзел

Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

І я ўбачыў Анёла, што сходзіў з неба і меў ключ ад бездані і вялікі ланцуг у сваёй руцэ.
 
І ўбачыў я анёла,сыходзячага з неба і маючага ў руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг.

І ён схапіў дракона, старадаўняга змея, які ёсць д’ябал і сатана, і скаваў яго на тысячу гадоў,
 
І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў,

і кінуў яго ў бездань, і замкнуў яго, і паклаў над ім пячатку, каб ён не ўводзіў у зман больш народы, пакуль не скончыцца тысяча гадоў; пасля гэтага ён павінен быць вызвалены на кароткі час.
 
і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час.

І я ўбачыў троны, і тых, што селі на іх, — і ім была дадзена ўлада судзіць, — і душы абезгалоўленых за сведчанне Ісуса і за слова Божае, і тых, што не пакланіліся ні зверу, ні яго вобразу, і не прынялі кляйма на свой лоб і на сваю руку. І яны ажылі і валадарылі з Хрыстом тысячу гадоў.
 
І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і бачыў я душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і абразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І жылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.

Астатнія з мёртвых не ажылі, пакуль не скончыцца тысяча гадоў. Гэта — першае ўваскрэсенне.
 
Рэштка памёршых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне.

Шчаслівы і святы, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні; над ім другая смерць не мае ўлады, але яны будуць Божымі і Хрыстовымі святарамі і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.
 
Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

І калі скончыцца тысяча гадоў, будзе вызвалены сатана са сваёй турмы,
 
І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы,

і выйдзе, каб уводзіць у зман народы на чатырох краях зямлі, Гога і Магога, каб сабраць іх на вайну, лік іх — як марскі пясок.
 
і будзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.

І яны ўзышлі на шырыню зямлі і аблажылі стан святых і ўлюбёны горад, і сышоў агонь з неба [ад Бога] і паглынуў іх.
 
І яны выйшлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў з неба агонь і знішчыў іх.

І д’ябал, які зводзіў у зман іх, быў кінуты ў агнявое і сернае возера, дзе таксама звер і лжэпрарок, і будуць яны мучыцца ўдзень і ўночы векі вечныя.
 
І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя.

І я ўбачыў вялікі белы трон і Таго, Хто сядзеў на ім, ад аблічча Якога ўцякалі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.
 
І ўбачыў я пасад вялікі ззяючы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога зніклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.

І я ўбачыў мёртвых, вялікіх і малых, якія стаялі перад тронам38, і былі разгорнуты скруткі; і іншы скрутак быў разгорнуты, гэта — кніга жыцця, і мёртвыя былі суджаны, згодна з напісаным у скрутках, паводле сваіх учынкаў.
 
І ўбачыў я памёршых, вялікіх і малых, што стаяць перад пасадам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памёршымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.

І мора аддало мёртвых, якія былі ў ім, і смерць і пекла аддалі мёртвых, якія былі ў іх, і суджаны быў кожны паводле сваіх учынкаў.
 
І аддала мора памёршых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памёршых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.

І смерць і пекла былі кінуты ў возера агнявое. Гэта — другая смерць, агнявое возера.
 
І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта другая смерць, возера вогненнае.

І, калі хто не быў знойдзены запісаным ў кнізе жыцця, той быў кінуты ў агнявое возера.
 
І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.