Езэкііля 21 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё на Ерусалім і скіруй [слова] супраць сьвятых месцаў, і прароч супраць зямлі Ізраіля.
 
«Сын чалавечы, звярні аблічча сваё на Ерузалім і яшчэ — на святыя месцы і праракуй супраць зямлі Ізраэльскай.

І скажы зямлі Ізраіля: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, і Я выцягну меч Мой з похваў, і ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка.
 
І скажы зямлі Ізраэльскай: гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я супраць цябе, і выцягну меч Свой з ножан яго, і заб’ю ў цябе справядлівага і бязбожніка.

Дзеля таго, што Я ўдару пасярод цябе праведніка і бязбожніка, выйдзе меч Мой з похваў ягоных на ўсякае цела ад поўдня да поўначы.
 
Дзеля таго, што Я заб’ю ў цябе спавядлівага і бязбожніка, таму выйдзе меч Мой з ножан яго на ўсё жывое ад поўдня аж да поўначы,

І даведаецца ўсякае цела, што Я, ГОСПАД, выцягнуў меч Мой з похваў ягоных, і ён [да іх] ужо ня вернецца”.
 
каб усе даведаліся, што Я — Госпад; выцягнуў меч Мой з ножан яго, і ён да іх ужо не вернецца”».

А ты, сыне чалавечы, стагні, нібыта маеш сьцёгны паламаныя, у горычы стагні на вачах іхніх.
 
І ты, сын чалавечы, стагні, як быццам маеш сцёгны паламаныя, і ў горычы стагні на іх вачах.

І станецца, калі скажуць табе: “Чаму ты стогнеш?” — ты скажы: “Дзеля весткі, якая прыйдзе, і самлее кожнае сэрца, і аслабеюць усе рукі, і згасьне ўсякі дух, і ўсе калені захістаюцца, як вада”. Вось, яна прыходзіць, і станецца так, кажа Госпад ГОСПАД».
 
І калі скажуць табе: “Чаму стогнеш?” — адкажы: “Дзеля весткі, бо прыйшла яна”; і самлее кожнае сэрца, ды ўсе рукі аслабеюць, і ўсякі дух згасне, і калені захістаюцца, як вада; вось, яна прыйшла і спраўджваецца, — кажа Госпад Бог».

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І прамовіў Госпад да мяне гэтыя словы:

«Сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад. Гавары: “Меч, меч завостраны і адшліфаваны;
 
«Сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог! Гавары: “Меч, меч завостраны і таксама бліскучы;

завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчэў”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.
 
завостраны, каб забіваць ахвяры, адшліфаваны, каб блішчаць”. Хіба будзем радавацца? Скіпетр сына Майго пагарджае кожным дрэвам.

І дадзены ён, каб быў вычышчаны, каб узяць яго рукою, меч гэты завостраны і адшліфаваны, каб быў ён у руцэ таго, які забівае.
 
І дадзены ён, каб сціраць у парашок, каб узяць яго рукою. Меч гэты завостраны і бліскучы, каб быў ён у руцэ забіваючага.

Крычы і галасі, сыне чалавечы, бо ён накіраваны супраць народу Майго, супраць усіх князёў Ізраіля. Яны аддадзеныя на меч разам з народам Маім. Таму ўдар сябе па сьцёгнах,
 
Крычы і галасі, сын чалавечы, бо ён накіраваны супраць народа Майго, супраць усіх князёў Ізраэля, якія выведзены на меч разам з Маім народам. Таму ўдар сябе ў сцягно,

бо выпрабаваньне надыйшло. І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Ён не ўстаіць, кажа Госпад ГОСПАД”.
 
бо выпрабаванне надышло. “І што, калі ён пагарджае скіпетрам? Такі не ўстаіць”, — кажа Госпад Бог.

І ты, сыне чалавечы, прароч і ўдар далоняй у далонь, і няхай меч падвоіць, і няхай меч патроіць забітых. Гэта меч забіваньня вялікага, які паварочваецца навокал іх.
 
Дык ты, сын чалавечы, праракуй і ўдар рукой аб руку. І хай меч падвоіцца ды хай патроіцца меч забітых: гэта меч вялікага забівання, меч вялікі, які акружае іх,

Каб сэрца млела, каб памнажаліся забітыя, у-ва ўсіх брамах іхніх Я пастаўлю меч на зарэз, вычышчаны як бліскавіца, завостраны, каб забіваць.
 
каб сэрца млела і каб памнажаліся ахвяры. Ва ўсіх брамах іх Я ўчыніў забойства мечам: ах, мечы, завостраныя і вычышчаныя, як бліскавіца, гатовая, каб забіваць!

“Сячы направа і ўдарай налева, туды, куды вострыва тваё скіраванае”.
 
“Навострывайся, хадзі направа і налева, куды толькі лязо тваё скіравана”.

І Я таксама буду біць далоняй Маёй у далонь, і заспакою лютасьць Маю. Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]».
 
Таксама і Я буду біць рукой аб руку, і заспакою гнеў Мой. Я, Госпад, сказаў гэта».

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І сказаў Госпад да мяне гэтыя словы:

«А ты, сыне чалавечы, вызнач два шляхі, па якіх пойдзе меч валадара Бабілонскага. Абодва выйдуць з адной зямлі. І пастаў [дарожны] знак, на пачатку шляху ў горад пастаў [яго].
 
«І ты, сын чалавечы, намалюй дзве дарогі, па якіх пойдзе меч цара Бабілонскага: абедзве будуць выходзіць з аднае зямлі; і пастаў дарожны знак, пастаў на пачатку дарогі, накіраванай у горад.

Падрыхтуй шлях, па якім пойдзе меч у Раббу сыноў Амона і ў Юду, і ў Ерусалім умацаваны.
 
Выяві дарогу, па якой пойдзе меч у Рабу сыноў Амона, і да Юды, і ў Ерузалім надта ўмацаваны.

Бо стаіць валадар Бабілонскі на раздарожжы, на пачатку двух шляхоў, каб атрымаць прадказаньне, ён кідае стрэлы, пытаецца ў тэрафімаў і прыглядаецца да вантробаў.
 
Бо цар Бабілона стаіць на раздарожжы, на пачатку абедзвюх дарог; каб запытацца прароцтва, ён кідае стрэлы, пытае тэрафіма і раіцца з печанню.

У правай руцэ ягонай прадказаньне: “Ерусалім”, каб паставіць тараны, адкрыць вусны ў крыку баявым, узь- няць голас гармідару ваеннага, паставіць тараны супраць брамаў, насыпаць вал і збудаваць вежы.
 
У яго правай руцэ прароцтва пра Ерузалім: каб паставіў ён тараны, каб адчыніў вусны дзеля забойства, каб падняў крык баявы, каб паставіў тараны супраць брам, каб насыпаў вал, каб збудаваў вежы.

І будзе [падавацца] марным у вачах іхніх прадказаньне гэтае, бо яны прысягаю запрысягнулі [яму], але ён памятае пра беззаконьне [іхняе], каб яны былі схопленыя.
 
І ў іх вачах гэтае прадказанне як быццам падманнае; і найсвяцейшымі прысягамі прысягалі яны, а ён прыгадае, аднак, правіннасць іх, каб захапіць яго.

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “Каб вы ўзгадалі беззаконьні вашыя, і каб злачынствы вашыя сталіся яўныя, і каб грахі вашыя ў-ва ўсіх паводзінах вашых былі відочныя, каб вы ўзгадалі [гэта], далоняй [варожай] вы будзеце схопленыя”.
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што прыпомнілі вы сабе сваю злачыннасць і вашы правіны сталі яўнымі і вашы грахі праз усе вашы паводзіны сталі відавочнымі; таму, — кажу Я, — з уласнай віны будзеце злоўленыя.

А табе, нягодны бязбожнік, князь Ізраіля, якога дзень прыходзіць у час беззаконьня апошняга,
 
А ты, нягодны бязбожнік, кіраўнік Ізраэля, якога дзень набліжаецца з апошняй тваёй злачыннасцю, —

гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Здымі мітру, скінь карону, бо гэтага ня [будзе больш]. Прыніжанае будзе ўзвышана, а ўзвышанае — прыніжана.
 
гэта кажа Госпад Бог: — Здымі кідар, скінь карону; бо ўсё гэта мінула. Што было малое, будзе павышана, і што высокае — паніжана.

Руіну, руіну, руіну зраблю з цябе; падобнага ня будзе, пакуль ня прыйдзе той, да якога [належыць суд], і якому Я аддам яго”.
 
Руіны, руіны, руіны зраблю з яго; і гэтага не здарыцца, пакуль не прыйдзе той, якому належыць суд і якому Я аддам яго”.

А ты, сыне чалавечы, прароч і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД адносна сыноў Амона і адносна зьнявагі іхняй”. І скажаш: “Меч, меч выхаплены [з похваў] для забіваньня, адшліфаваны для вынішчэньня і бляску.
 
І ты, сын чалавечы, праракуй і кажы: гэта кажа Госпад Бог да аманіцян і адносна іх знявагі; і кажы: “Меч, меч быў вынуты з ножан для забівання, завостраны для вынішчэння і блішчыць”.

У гэты час для цябе бачаць відзежы пустыя і прадказваюць падман, каб апусьціць меч на карак бязбожнікаў, якіх дзень прыйдзе ў час беззаконьня апошняга.
 
Каб, калі табе з’яўляюцца пустыя бачанні і прарочаць падманныя прадказанні, апусціць меч і на цябе, як на каркі бязбожных злачынцаў, якіх дзень прыходзіць з апошняй іх злачыннасцю.

Схавай вострыва ягонае ў похвы. У месцы, дзе ты быў створаны, і ў зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду судзіць цябе.
 
Схавай яго ў ножны яго. У месцы, дзе ты быў створаны, у зямлі, дзе ты нарадзіўся, буду цябе судзіць.

І выльлю на цябе гнеў Мой, распалю супраць цябе ярасьць, і аддам цябе ў рукі людзей раз’ятраных для гвалту і зьнішчэньня.
 
І вылью на цябе Свой гнеў, распалю супраць цябе лютасць абурэння Свайго; і аддам цябе ў рукі дзікіх людзей і рабаўнікоў.

Ты будзеш спажывай для агню, кроў твая будзе пасярод зямлі, і не пакінеш пасьля сябе ўспаміну, бо Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта]”».
 
Ты будзеш пажывай для агню, кроў твая пацячэ пасярод зямлі; не пакінеш па сабе ўспаміну — бо Я, Госпад, сказаў гэта».