Езэкііля 23 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І прамовіў да мяне Госпад гэтыя словы:

«Сыне чалавечы! Былі дзьве жанчыны, дочкі адной маці.
 
«Сын чалавечы! Былі дзве жанчыны, дочкі адной маці,

І яны распусьнічалі ў Эгіпце, ад маладосьці сваёй распусьнічалі. Там ціскалі грудзі іхнія і там тапталі дзявочыя ўлоньні іхнія.
 
і распуснічалі яны ў Егіпце, ад маладосці займаліся распустай; там ціскалі іх саскі і закраналі грудзі дзявоцтва іх.

А імёны іхнія: Аголя, старэйшая, і Агаліва, сястра ейная. І сталіся яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок. Імёны іхнія: Аголя — Самарыя, а Агаліва — Ерусалім.
 
А імёны іх: старэйшай — Агола, і сястры яе — Агаліба; і сталі яны Маімі, і нарадзілі сыноў і дачок; і імёны іх: Агола — Самарыя, а Агаліба — Ерузалім.

І чужаложыла Аголя каля стопаў Маіх, і загарэлася пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх Асірыйцаў, суседзяў сваіх,
 
Такім чынам, Агола, адступаючы ад Мяне, распуснічала; і загарэлася любоўю да сваіх палюбоўнікаў асірыйцаў:

да магнатаў і намесьнікаў, апранутых у пурпур, да юнакоў прывабных і ўсіх вершнікаў, якія сядзяць на конях.
 
да ваяроў, апранутых у гіяцынт, да кіраўнікоў і намеснікаў, да ўсіх прывабных юнакоў, да вершнікаў на конях.

І аддавалася яна ў распусьце сваёй усім найлепшым сынам Асірыі і з усімі, якіх пажадала, з імі ўсімі паганілася.
 
І ўсім пасярод абраных асірыйцаў аддавала яна свае распусныя пяшчоты; і апаганілася ўсімі ідаламі ўсіх тых, што распалілі пажадлівасць яе.

І не пакінула распусты сваёй з Эгіптам, бо там спалі з ёй у маладосьці ейнай, і тапталі ўлоньне ейнае дзявочае, і вылівалі на яе распусту сваю.
 
Акрамя таго, не спыніла яна свайго чужаложства з Егіптам, бо і там спалі з ёй у маладосці яе, і ціскалі саскі дзявоцтва яе, і распуснічалі з ёю.

Дзеля гэтага Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў ейных, у рукі сыноў Асірыі, да якіх мела пажаданьне.
 
Дзеля таго Я аддаў яе ў рукі палюбоўнікаў яе, у рукі асірыйцаў, да якіх гарэла яна пажадлівасцю;

Яны адкрылі голасьць ейную, забралі сыноў ейных і дочак ейных, а яе забілі мячом, і сталася яна ганьбаю для жанчынаў, і ўчынілі над ёю суд.
 
яны адкрылі сорам яе, забралі сыноў яе і дачок і яе самую забілі мечам; і стала яна ганьбаю для жанчын, бо здзейснілі над ёю прысуд.

І бачыла гэта сястра ейная Агаліва, і паганілася пажаданьнем сваім больш за яе, і распуста ейная [была большая], чым чужалоства сястры ейнай.
 
Хоць бачыла гэта сястра яе Агаліба, але загарэлася яна пажадлівасцю і чужаложствам сваім яшчэ большым, чым распуснасць сястры яе.

Яна [запалала] пажаданьнем да сыноў Асірыі, да магнатаў і намесьнікаў, суседзяў багата апранутых, да вершнікаў, якія сядзяць на конях, да ўсіх юнакоў прывабных.
 
Загарэлася пажадлівасцю да асірыйцаў: магнатаў і намеснікаў, ваяроў, багата апранутых, да коннікаў, што ездзілі вярхом на конях, да ўсіх прывабных юнакоў.

І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзьве ідуць тою самай дарогай.
 
І ўбачыў Я, што яна апаганілася і што абедзве ідуць тою самаю дарогай.

І дадала яна да распусты сваёй, калі ўбачыла на сьцяне намаляваных мужчынаў, маляваныя чырвонай фарбай абразы Халдэйцаў,
 
І калі ўбачыла на сцяне намаляваных мужчын, маляваныя фарбай выявы халдэяў,

якія падперазаныя вакол сьцёгнаў сваіх паясамі, з вялікімі завоямі на галовах, усіх з выгляду мужных ваяроў, абразы сыноў Бабілону, якія родам з зямлі Халдэйскай.
 
падперазаных вакол сцёгнаў паясамі, і тыяры, надзетыя на іх галовах, — усіх з выгляду мужных ваяроў, падобных да бабілонцаў, родам з зямлі Халдэйскай,

І пажаданьнем пажадала яна іх з прычыны абраза, які бачылі вочы ейныя. І выправіла пасланцоў да іх, у Халдэю.
 
дык загарэлася пажадлівасцю да іх толькі дзеля выяў, якія бачылі яе вочы, ды выправіла пасланцоў да іх, у зямлю Халдэйскую.

І прыйшлі да яе сыны Бабілону на ложак каханьня, і спаганілі яе распустай сваёй, а калі яна апаганілася з імі, душа ейная адвярнулася ад іх.
 
І калі прыйшлі да яе бабілонцы на ложак чужаложны, апаганілі яны яе распуснасцю сваёю, і калі яе апаганілі, душа яе адвярнулася ад іх.

І выявіла яна распусту сваю, і адкрыла сорам свой, і душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры ейнай.
 
Калі выявіла яна свае ўчынкі распусныя ды адкрыла сорам свой, тады душа Мая адвярнулася ад яе, як адвярнулася душа Мая ад сястры яе.

І памнажала яна распусту сваю, калі ўзгадала дні маладосьці сваёй, калі яна чужаложыла ў зямлі Эгіпецкай.
 
Памножыла ж яна сваю распуснасць, калі ўспомніла дні маладосці сваёй, калі чужаложыла ў зямлі Егіпецкай,

І [запалала] пажаданьнем да палюбоўнікаў сваіх, у якіх чэлясы — чэлясы аслоў і юр іхні — юр коняў.
 
і загарэлася пажадлівасцю да сваіх палюбоўнікаў, у якіх цела, як цела ў аслоў, і ў якіх жаданне, як жаданне ў коней.

І ты шукала распусты маладосьці тваёй, калі ў Эгіпце тапталі ўлоньне тваё і ціскалі грудзі маладосьці тваёй.
 
Ды зажадала ты злачынства маладосці сваёй, калі ў Егіпце ціскалі саскі твае і чапалі грудзі дзявоцтва твайго.

Дзеля гэтага, Агаліва, так кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я падыму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; зьбяру іх супраць цябе з усіх бакоў,
 
Дзеля таго, Агаліба, вось што кажа Госпад Бог: “Вось, Я падніму супраць цябе палюбоўнікаў тваіх, ад якіх адвярнулася душа твая; і збяру іх супраць цябе з усіх бакоў,

сыноў Бабілону і ўсіх Халдэйцаў, Пэкод, Шоа і Коа, усіх сыноў Асірыі, прывабных юнакоў, магнатаў і намесьнікаў, усіх ваяроў магутных, слаўных мужоў, якія сядаюць на коней.
 
бабілонцаў і ўсіх халдэяў, з Пакода, Шуа і Куэ, а з імі ўсіх асірыйцаў, прывабных юнакоў, кіраўнікоў і намеснікаў усіх, магутных ваяроў і слаўных мужоў усіх, якія гатовы сесці на коней.

І прыйдуць на цябе з поўначы на вазах жалезных і калясьніцах, і з дружынамі народаў. У панцырах, са шчытамі і шаломамі стануць адусюль супраць цябе. І Я дам перад абліччам іхнім суд, і яны будуць судзіць цябе паводле судоў сваіх.
 
І нахлынуць на цябе на вазах жалезных і калясніцах і з вялікімі дружынамі; зусюль падымуцца супраць цябе ў панцырах, са шчытамі і шлемамі, і дам ім судзіць цябе паводле судоў іх.

І Я зьвярну супраць цябе лютасьць Маю, і яны будуць абыходзіцца з табою ў гневе, адрэжуць табе нос і вушы, а тое, што ў табе застанецца, упадзе ад мяча. Яны забяруць сыноў тваіх і дочак тваіх, а рэшту тваю зьнішчыць агонь.
 
І звярну супраць цябе Маю лютасць, так што люта будуць з табою абыходзіцца: адрэжуць табе нос і вушы твае, а тое, што ад цябе застанецца, упадзе ад меча; яны забяруць у цябе сыноў тваіх і дачок тваіх, і рэшту цябе знішчыць агонь.

І Я здыму з цябе шаты твае, і забяру каштоўныя аздобы твае.
 
І здымуць яны з цябе адзенне тваё, і забяруць пасудзіны славы тваёй;

І Я спыню распусту тваю ў цябе і чужалоства тваё з зямлі Эгіпецкай, і ты не падымеш на іх вачэй тваіх і больш не ўзгадаеш пра Эгіпет.
 
і выдалю Я злачынства тваё ад цябе і чужаложства тваё з зямлі Егіпецкай, і ўжо больш не падымеш на іх вачэй тваіх ды не ўзгадаеш пра Егіпет”.

Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Вось, Я аддаю цябе ў рукі таго, каго ты ненавідзіш, у рукі тых, ад якіх адвярнулася душа твая".
 
Бо гэта кажа Госпад Бог: “Вось, Я аддам цябе ў рукі тых, каго ненавідзіш, у рукі тых, ад каго адвярнулася душа твая,

І яны будуць абыходзіцца з табою з нянавісьцю, забяруць усе набыткі твае і пакінуць цябе голай і неакрытай, і выявіцца голасьць юрлівасьці тваёй, распуснасьць твая і чужалоства тваё.
 
і з нянавісцю будуць яны абыходзіцца з табою, і забяруць усе плады працы тваёй, і пакінуць цябе голай і поўнай сораму, і выявіцца сорам распусты тваёй, злачынства і твая распуснасць.

І зробяць гэта табе, бо ты распусьнічала з народамі і паганілася ідаламі іхнімі,
 
Гэта зрабілі яны з табою, бо чужаложыла ты з чужымі народамі, сярод якіх апаганілася іх ідаламі.

і пайшла па шляху сястры тваёй, і Я дам келіх ейны ў рукі твае.
 
Пайшла ты шляхам сястры сваёй, і яе келіх Я дам у тваю руку”.

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: "Келіх сястры тваёй ты будзеш піць, глыбокі і шырокі, і станеш ты на насьмешку і на зьдзек, [бо] шмат зьмясьцілася [ў ім].
 
Гэта кажа Госпад Бог: “Будзеш ты піць келіх сястры сваёй, глыбокі і шырокі, будзеш ты ў пасмяянне і ганьбаванне, бо вельмі многа змяшчаецца ў ім.

Ап’яненьнем і болем будзеш напоўненая, [бо гэта] келіх спусташэньня і смутку, келіх сястры тваёй, Самарыі.
 
Напоўнішся ты ап’яненнем і болем, келіхам жалобы і смутку, келіхам сястры тваёй, Самарыі,

І вып’еш яго аж да дна, і ў кавалкі разаб’еш яго, і грудзі свае скалечыш, бо Я прамовіў [гэта], кажа Госпад ГОСПАД".
 
і вып’еш яго, і вып’еш аж да дна ды яшчэ на кавалкі разаб’еш і грудзі свае скалечыш, бо Я сказаў гэта”, — кажа Госпад Бог.

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: "За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты насі цяпер распусту тваю і чужаложнасьць тваю"”».
 
Дзеля таго вось што кажа Госпад Бог: “За тое, што ты забылася пра Мяне і кінула Мяне за плечы свае, ты нясі таксама сваё злачынства і чужаложнасць сваю”».

І сказаў мне ГОСПАД: «Сыне чалавечы, ці будзеш судзіць Аголю і Агаліву? Выяві ім брыдоту іхнюю.
 
І сказаў мне Госпад: «Сын чалавечы, ці не маеш судзіць Аголу і Агалібу? Выяві, такім чынам, ім іх злачынствы.

Бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх, і чужаложылі яны з ідаламі сваімі, а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, яны праводзілі [праз агонь] на спажыву ім.
 
Бо яны чужаложылі, і кроў на іх руках, і распуснічалі яны з ідаламі сваімі; а таксама сыноў сваіх, якіх для Мяне нарадзілі, прынеслі ім на пажыранне.

Яшчэ гэта яны зрабілі Мне: сьвятыню Маю апаганілі ў той дзень і зьняважылі суботы Мае.
 
Але і гэта Мне яны зрабілі: святыню Маю апаганілі ў той дзень, а таксама зняважылі Мае суботы.

Бо калі яны ахвяроўвалі сыноў сваіх ідалам сваім, у той самы дзень прыходзілі ў сьвятыню Маю, паганячы яе. Вось так яны рабілі ў сярэдзіне Дому Майго.
 
І калі ахвяроўвалі яны сваіх сыноў ідалам сваім і ў той самы дзень прыходзілі ў святыню Маю, каб апаганіць яе, вось так рабілі яны ў сярэдзіне дома Майго.

І нават пасылалі па мужчынаў чужых і далёкіх, і як толькі пасланец быў пасланы да іх, яны адразу прыходзілі. Дзеля іх ты мылася, фарбавала вочы свае і апраналася аздобна,
 
І нават паслалі па мужчын, што прыходзілі здалёк, да якіх пасланец быў адпраўлены; такім чынам, яны зараз жа прыйшлі. “Дзеля іх ты выкупалася, падвяла сурмою вочы свае і адзелася ў жаночыя аздобы;

і сядала на каштоўным ложку, і пры ім быў застаўлены стол, і ставіла на ім кадзіла Маё і алей Мой.
 
і села на найпрыгажэйшым ложку, і перад табою быў застаўлены стол, ты паклала на ім Маё кадзіла і Мае духмянасці”.

І галасы натоўпу [былі] там, а да мужчынаў натоўпу таго прыводзілі п’яніцаў з пустыні, і яны ўскладалі бранзалеты на рукі свае і ўпрыгожаныя кароны на галовы свае.
 
І гучалі ў яе разгульныя галасы, і да мужчын мноства людзей далучаліся, якіх прыводзілі з пустыні; і ўсклалі яны ім на рукі бранзалеты, а на галовы іх — раскошныя тыяры.

І Я сказаў да той, якая нішчыла сябе чужалоствам: “Ці будзе яна [яшчэ], распусьнічаючы, чыніць распусту?”
 
І Я так сказаў аб той, што знішчыла сябе ў чужаложстве: “Цяпер яна таксама будзе распуснічаць у распуснасці сваёй”.

І прыходзяць да яе так, як прыходзяць да жанчыны чужаложніцы. Так прыходзілі да Аголі і Агалівы, жанчынаў распусных.
 
І прыйшлі да яе, як да чужаложніцы; так прыходзілі да Аголы і Агалібы, жанчын распусных.

І мужы праведныя будуць судзіць іх судом чужаложніцаў і судом тых, якія разьліваюць кроў, бо яны чужаложылі і кроў на руках іхніх.
 
Такім чынам, людзі справядлівыя: будуць яны судзіць іх так, як судзяць чужаложніц і забойцаў, бо яны чужаложнічалі, і кроў на руках іх.

Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Склічуць супраць іх супольны сход і аддадуць іх на страхоцьце і на рабунак,
 
Бо вось што кажа Госпад Бог: “Прывядзі супраць іх сход і выдай іх на гора і на рабунак;

і сход гэты закідае іх камянямі, пасячэ іх мячамі, заб’е сыноў іхніх і дочак іхніх, а дамы іхнія спаліць агнём.
 
і сход гэты ўкамянуе іх, і пасячэ іх мечамі на кавалкі; заб’е іх сыноў і дачок і дамы іх спаліць агнём.

І Я спыню распусту ў зямлі гэтай, і будуць навучаныя ўсе жанчыны і ня будуць чыніць распусту, [падобную] да распусты іхняй.
 
І ачышчу Я зямлю ад злачынства, і ўсе жанчыны атрымаюць перасцярогу, каб не рабіць паводле злачынства вашага;

І пакладуць яны на вас распусту вашую, і будзеце насіць грахі ідалаў вашых, і даведаецеся, што Я — Госпад ГОСПАД”».
 
і пакладуць яны на вас ваша злачынства, і будзеце несці грахі сваіх ідалаў, і даведаецеся, што Я — Госпад Бог”».