Захарыі 9 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Цяжар слова ГОСПАДА на зямлю Хадрах і на Дамаск, супачынак Ягоны, бо вока ГОСПАДА — на чалавека і на ўсе калены Ізраіля,
 
Прысуд. «Слова Госпада ў зямлі Гадрах і ў Дамаску, дзе будзе яго адпачынак, бо Госпадава ёсць вока Арама, як і ўсе пакаленні Ізраэля.

і на Хамат таксама, які мяжуе з ім, Тыр і Сідон, бо ён стаў надта мудрым.
 
Таксама Эмат у яго межах, і Тыр, і Сідон, які з’яўляецца вельмі мудрым.

І пабудаваў сабе Тыр горад умацаваны, і назьбіраў срэбра, як пылу, і шчырага золата — як балота вулічнага.
 
І Тыр пабудаваў свой вал абароны і назбіраў срэбра, як пылу, і золата, быццам смецця на дарогах.

Вось, Госпад зруйнуе яго і кіне ў мора багацьце ягонае, і ён будзе зьедзены агнём.
 
Вось, Госпад авалодае ім і знішчыць моц яго на моры; і ўсё будзе спалена агнём.

Убачыць [гэта] Ашкелон і спалохаецца, і Газа, і вельмі задрыжыць, і Экрон, бо будзе асаромлена спадзяваньне ягонае, і згіне валадар у Газе, і Ашкелон будзе незаселены.
 
Убачыць гэта Аскалон — і спалохаецца, і Газа ўстрывожыцца надта, ды Акарон, бо пасаромлена яго надзея; і прападзе цар Газы, і Аскалон стане бязлюдным.

І будзе жыць байструк у Ашдодзе, і Я зьнішчу пыху Філістынцаў,
 
І ў Азоце будзе жыць народ, што народжаны па-за шлюбам, ды сатру пыхлівасць філістынца.

і выкіну кроў ягоную з роту ягонага, і брыдоты ягоныя — спаміж зубоў ягоных; і ён таксама застанецца для Бога нашага, і ён будзе як князь у Юдзе, а Экрон — як Евусэй.
 
І выму яго кроў з вуснаў яго і агіднасць яго з зубоў яго, і ён таксама будзе пакінуты Богам нашым, і будзе як бы правадыром у Юдзе, і Акарон, як евусей.

І Я стану табарам каля Дому Майго супраць войска, супраць таго, хто праходзіць, і супраць таго, хто вяртаецца, і ня пройдзе больш праз іх прыгнятальнік, бо цяпер Я буду бачыць [гэта] вачыма Маімі.
 
І Я пастаўлю дом Свой, як абарону ад уваходзячых і выходзячых; і не ўвойдзе болей да іх крыўдзіцель, бо Я цяпер гляджу Маімі ўласнымі вачамі.

Радуйся моцна, дачка Сыёну, усклікай, дачка Ерусаліму. Вось, Валадар твой прыходзіць да цябе, Ён праведны і збаўляе, Ён пакорны і сядзіць на асьле і на асьляняці, сыне асьліцы.
 
Цешся радасна, дачка Сіёна, гамані, дачка Ерузаліма. Вось, ідзе да цябе Валадар твой, Ён справядлівы і збаўца, ціхмяны, Які сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.

Я вынішчу калясьніцы ў Эфраіма і коней у Ерусаліме, і будзе зьнішчаны лук баявы. І Ён прамовіць пра супакой народам, і ўлада Ягоная — ад мора аж да мора і ад ракі аж да канцоў зямлі.
 
І Я знішчу калясніцы Эфраіма і коней у Ерузаліме; і будзе зламаны лук ваенны, і Ён абвясціць супакой народам. І Яго валадаранне ад мора аж да мора, і ад ракі аж да канцоў зямлі.

А што да цябе, праз кроў запавету твайго Я выпушчу вязняў тваіх з ямы, у якой няма вады.
 
Ты таксама: дзеля крыві прымірэння твайго выцягваю вязняў тваіх са студні, у якой няма вады.

Вярніцеся ў крэпасьць, вязьні надзеі! Таксама сёньня паведамляю, што падвойна аднагароджу табе,
 
Вярніцеся ў крэпасць, вязні надзеі; сёння таксама абвяшчаю, што аддам табе ў два разы.

бо Я нацягну Юду да Сябе як лук, напоўню [сагайдак] Эфраімам і ўзьніму сыноў тваіх, Сыёне, супраць сыноў тваіх, Яване, і зраблю цябе як меч волата.
 
Бо нацягнуў Сабе Юду, як лук, напоўніў Эфраім; і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супраць сыноў тваіх, Грэцыя, і зраблю з цябе меч магутны.

І ГОСПАД зьявіцца над імі, і выляціць, як маланака, страла Ягоная, і Госпад ГОСПАД задзьме ў рог, і выйдзе як бура паўднёвая.
 
І з’явіцца над імі Госпад, і, як маланка, вылеціць яго страла; і загрыміць Госпад Бог у трубу, і пойдзе ў бурах паўднёвых.

ГОСПАД Магуцьцяў будзе бараніць іх, і яны пажруць і патопчуць камяні для кіданьня, і будуць піць, і будуць раўсьці, нібы ад віна, і напоўняцца [крывёю] як чаша [ахвярная], як рагі ахвярніка.
 
Госпад Магуццяў бараніць іх будзе; і знішчаць яны, і стопчуць камяні прашчаў, і будуць піць, шумець, як віно, і напоўняцца, як ахвярныя чашы і як рогі ахвярніка.

І збавіць іх ГОСПАД, Бог іхні, у той дзень, як авечак [збавіць] народ Свой; бо яны будуць як камяні [каштоўныя] ў дыядэме, якія зьзяюць у зямлі Ягонай.
 
І ў той дзень збавіць іх Госпад, Бог іх, як статак народа Свайго, бо яны, як каштоўныя камяні ў вянцы, будуць свяціцца над Яго зямлёй.

Якая добрасьць Ягоная, і якая прыгажосьць Ягоная! Збожжа дасьць расьці юнакам, і маладое віно — дзяўчатам.
 
Што бо ёсць добрае ў Яго і што ёсць прыгожае ў Яго! Збожжа будзе расціць юнакоў, і маладое віно — дзяўчын.