Захарыі 9 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Цяжар слова СПАДАРОВАГА на зямлю Гадрах, а Дамашк — будзе супачынкам Ягоным, бо да СПАДАРА зьвернецца вока людзкое і ўсіх плямёнаў Ізраелявых.
 
Прысуд. «Слова Госпада ў зямлі Гадрах і ў Дамаску, дзе будзе яго адпачынак, бо Госпадава ёсць вока Арама, як і ўсе пакаленні Ізраэля.

І Гамаф таксама граніца яго, Тыр а Сыдон, дарма шо ён будзе вельма мудры.
 
Таксама Эмат у яго межах, і Тыр, і Сідон, які з’яўляецца вельмі мудрым.

І пастанавіў сабе Тыр моцны горад, і назьбіраў срэбра, як пылу, і чыстага золата, як вулічнага балота.
 
І Тыр пабудаваў свой вал абароны і назбіраў срэбра, як пылу, і золата, быццам смецця на дарогах.

Вось, Спадар пражанець яго і зразе сілу ягоную на мору, і ён будзе зжэрты цяплом.
 
Вось, Госпад авалодае ім і знішчыць моц яго на моры; і ўсё будзе спалена агнём.

Абача гэта Ашкелон і спалохаецца, і Ґаза, і вельма засмуціцца, і Екрон; бо спадзева яго будзе засаромлена, і загіне кароль у Ґазе, і Ашкелон будзе не заселены.
 
Убачыць гэта Аскалон — і спалохаецца, і Газа ўстрывожыцца надта, ды Акарон, бо пасаромлена яго надзея; і прападзе цар Газы, і Аскалон стане бязлюдным.

І будзе жыць бязбацькавіч ув Ашдодзе, і Я адатну пыху Пілішчан.
 
І ў Азоце будзе жыць народ, што народжаны па-за шлюбам, ды сатру пыхлівасць філістынца.

І адбяру кроў ягоную з роту ягонага і агіды ягоныя з памеж зубоў ягоных; але тый, што застанецца, нават тый будзе Богу нашаму, і ён будзе, як вайводца ў Юдзе, і Екрон, як Евусэй.
 
І выму яго кроў з вуснаў яго і агіднасць яго з зубоў яго, і ён таксама будзе пакінуты Богам нашым, і будзе як бы правадыром у Юдзе, і Акарон, як евусей.

І Я разьлягуся табарам каля дому Свайго дзеля войска, дзеля таго, хто праходзе, і дзеля таго, хто зварачаецца, і ня пройдзе больш перазь іх уцісканьнік; бо цяпер я буду бачыць ачыма Сваіма.
 
І Я пастаўлю дом Свой, як абарону ад уваходзячых і выходзячых; і не ўвойдзе болей да іх крыўдзіцель, бо Я цяпер гляджу Маімі ўласнымі вачамі.

Вельма цешся, дачка Сыёну, гукай, дачка Ерузаліму: вось, Кароль твой прыходзе да цябе, справядлівы й маючы спасеньне, Ён лагодны й сядзячы на асьле а на асьляняці, сыну асьліцы.
 
Цешся радасна, дачка Сіёна, гамані, дачка Ерузаліма. Вось, ідзе да цябе Валадар твой, Ён справядлівы і збаўца, ціхмяны, Які сядзіць на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.

Я адатну цялежкі ў Яхрэма і коні ў Ерузаліме, і будзе адцяты ваенны лук; і Ён абесьце супакой народам, і ўлада Ягоная ад мора аж да мора і ад Ракі аж да канцоў зямлі.
 
І Я знішчу калясніцы Эфраіма і коней у Ерузаліме; і будзе зламаны лук ваенны, і Ён абвясціць супакой народам. І Яго валадаранне ад мора аж да мора, і ад ракі аж да канцоў зямлі.

І што да цябе, дзеля крыві змовы твае Я выпусьціў вязьняў тваіх ізь ямы, у каторай няма вады.
 
Ты таксама: дзеля крыві прымірэння твайго выцягваю вязняў тваіх са студні, у якой няма вады.

Зварачайцеся да моцнага гораду і вы, вязьні надзеі! Таксама сядні агалашаю — удвая аддам табе;
 
Вярніцеся ў крэпасць, вязні надзеі; сёння таксама абвяшчаю, што аддам табе ў два разы.

Бо Я напну Юду да Сябе, напоўню лук Яхрэмам і ўзьніму сыноў тваіх, Сыёне, супроці сыноў тваіх, о Грэца, і зраблю цябе як меч дужасіла.
 
Бо нацягнуў Сабе Юду, як лук, напоўніў Эфраім; і падыму сыноў тваіх, Сіёне, супраць сыноў тваіх, Грэцыя, і зраблю з цябе меч магутны.

І СПАДАР будзе бачаны над імі, і выляціць, як маланьня, страла Ягоная, і Спадар СПАДАР затрубе ў рог, і выйдзе ў віхрох паўднявых.
 
І з’явіцца над імі Госпад, і, як маланка, вылеціць яго страла; і загрыміць Госпад Бог у трубу, і пойдзе ў бурах паўднёвых.

СПАДАР войскаў будзе бараніць іх, і яны зжаруць а заваююць пушчальным каменьням, і будуць піць а галасаваць, бы ад віна, і напоўняцца, як крапільніцы, як рагі аброчніка.
 
Госпад Магуццяў бараніць іх будзе; і знішчаць яны, і стопчуць камяні прашчаў, і будуць піць, шумець, як віно, і напоўняцца, як ахвярныя чашы і як рогі ахвярніка.

І выбаве іх СПАДАР, Бог іхны, таго дня, як авечкі, люд Свой; бо яны будуць, як каменчыкі ў кароне, паднятыя, як сьцяг на зямлі Ягонай.
 
І ў той дзень збавіць іх Госпад, Бог іх, як статак народа Свайго, бо яны, як каштоўныя камяні ў вянцы, будуць свяціцца над Яго зямлёй.

О якая дабрыня Ягоная, і якая харашыня Ягоная! Збожжа дзяцюкоў і вінны сок дзяўчат робе квітучымі.
 
Што бо ёсць добрае ў Яго і што ёсць прыгожае ў Яго! Збожжа будзе расціць юнакоў, і маладое віно — дзяўчын.