Захарыі 13 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Таго дня адчыніцца жарало дому Давідаваму а жыхарам ерузалімскім дзеля абмыцьця грэху а нечысьці.
 
У той дзень выб’ецца крыніца для дома Давіда і жыхароў Ерузаліма для абмыцця грахоў і нячыстасці.

І станецца таго дня, — агалашае СПАДАР войскаў, — Я адатну ймёны балваноў ізь зямлі, і іх ня будуць болей памятаваць, і таксама прарокаў і нячыстага духа вывяду ізь зямлі.
 
“Ды будзе ў той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — сатру імёны ідалаў з зямлі і не будуць болей памятаць іх; і выганю з зямлі лжэпрарокаў і дух нячысты.

І станецца, калі хто-колечы будзе яшчэ праракаць, тады айцец ягоны й маці ягоная, што нарадзілі яго, скажуць яму: "Ты ня маеш жыць, бо ты гукаеш ману ў імя СПАДАРА"; і праб’юць яго айцец ягоны а маці ягоная, што нарадзілі яго, як ён праракае.
 
І будзе: калі хто будзе праракаваць залішне, дык хай скажуць яму бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго: “Не будзеш жыць, бо лжыва праракуеш у імя Госпада”; і паб’юць яго бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго, калі ён будзе праракаваць.

І будзе таго дня, што засароміцца прарокі, кажны за відзень сваю, калі б праракаў, і не адзенуцца ў касматае адзецьце, каб ашукаваць;
 
І будзе: у той дзень пасаромеюцца прарокі, кожны ў бачанні сваім, калі хто будзе праракаваць; і не будуць ужо болей насіць плашчоў з радна для падману, але ён скажа:

Але скажа: "Я не прарока, бо чалавек прыдбаў мяне за нявольніка з маладосьці мае".
 
“Я не прарок; я земляроб, бо ад юнацтва майго зямля — маёмасць мая”.

І скажуць яму: "Што гэта за болькі на руках тваіх?" Тады ён адкажа: "Біў мяне дом любячых мяне".
 
Ды скажуць яму: “Што гэта за раны на руках тваіх?” І ён скажа: “Гэта мяне білі ў доме тых, якія мяне любілі”.

Прачхніся, мечу, на пастыра Майго й на мужа, сябру Майго! — агалашае СПАДАР войскаў: — Вытні пастыра, і рассыпяцца авечкі! І Я зьвярну руку Сваю на маладых.
 
“Меч, падыміся на пастыра Майго і на чалавека, які звязаны са Мною, — кажа Госпад Магуццяў. — Удару пастыра, і разбягуцца авечкі, і павярну руку Сваю супраць малых.

І станецца на ўсёй зямлі, — агалашае СПАДАР, — дзьве часьці на ёй будуць выгублены, сканаюць, а трэйцяя застанецца на ёй.
 
І будзе ва ўсёй зямлі, — кажа Госпад, — Дзве часткі на ёй будуць знішчаны і вымруць, і трэцяя частка застанецца на ёй;

І правяду гэтую трэйцюю перазь цяпло, і пералітую іх, як літуюць срэбра, і выпрабую іх, як прабуюць золата: ён будзе гукаць імя Маё, і Я адкажу яму: "Гэта люд Мой", і ён скажа: "СПАДАР — Бог мой!"»
 
і трэцюю частку правяду праз агонь і ачышчу іх, як чысціцца срэбра, і выпрабую іх, як выпрабоўваюць золата: ён будзе прызываць імя Маё, і Я выслухаю яго. Я скажу: “Гэта народ мой”; і ён скажа: “Госпад — Бог мой”.