Захарыі 5 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І я абярнуўся, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і во лётаючы зьвітак.
 
І я падняў вочы свае, і ўбачыў; і вось, ляціць скрутак.

І сказаў ён імне: «Што ты бачыш?» І я адказаў: «Бачу лётаючы зьвітак; удаўжкі ён дваццаць локцяў, і ўшыркі ён дзесяць локцяў».
 
І ён спытаўся ў мяне: «Што бачыш?» І я адказаў: «Я бачу скрутак, які лятае; даўжыня яго дваццаць локцяў, і шырыня яго дзесяць локцяў».

Тады ён сказаў імне: «Гэта праклён, што выходзе на від усяе зямлі; бо кажны, што крадзець із гэтага, подле гэтага будзе адцяты, і кажны, што клінецца гэтым, подле гэтага будзе адцяты.
 
І ён сказаў мне: «Гэта праклён, які выходзіць на паверхню ўсёй зямлі; бо кожны злодзей адсюль, паводле яго ачышчаецца ды кожны клятвапарушальнік адтуль будзе ачышчаны, як напісана на ім».

Я навяду яго, — агалашае СПАДАР войскаў, — і ён увыйдзе ў дом злодзея а ў дом таго, хто манліва прысягае імям Маім, і заначуе ў доме ягоным, і выгубе яго, і дзерва ягонае, і камяні ягоныя».
 
«Выводжу яго, — кажа Госпад Магуццяў, — і прыйдзе ў дом злодзея і ў дом клятвапарушальніка ў імя Маё лжыва, і пабудзе ў доме яго, і знішчыць дом, і дрэвы яго, ды камяні яго».

І выступіў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Узьнімі цяпер вочы свае й абач, што гэта, што выходзе»,
 
І з’явіўся анёл, які гаварыў да мяне і казаў мне: «Падымі, прашу, вочы свае і пабач, што гэта выходзіць?»

І я сказаў: «Што гэта?» і ён сказаў: «Гэта ефа выходзе»; і сказаў: «Гэта вока іх па ўсёй зямлі».
 
І я сказаў: «Дык што ж гэта?» І ён гаворыць: «Гэта выходзіць эфа». І казаў: «Гэта ёсць грэх іх ува ўсёй зямлі».

І во кавалак волава падняўся ды жонка, што пасярэдзіне ефы.
 
І вось, паднялася свінцовая накрыўка, і вось, у сярэдзіне эфы сядзіць жанчына.

І сказаў ён: «Гэта нягоднасьць»; і кінуў яе ў ефу, і кінуў кавалак волава ў вадтуліну яе.
 
І ён сказаў: «Гэта бязбожнасць». І спіхнуў яе назад у эфу, і дзірку яе закрыў свінцовым кавалкам.

І ўзьняў я вочы свае, і глянуў, і вось, дзьве жонкі вышлі, і вецер быў у крылах іхных, і ў іх крылы — як крылы ў бусла; і паднялі яны ефу меж зямлі й неба.
 
І я падняў вочы свае і ўбачыў: і вось, дзве жанчыны выходзяць і вецер на іх крылах, і мелі яны крылы, як быццам крылы каршуна; і паднялі яны эфу высока між небам і зямлёй.

І сказаў я Ангілу, што гутарыў з імною: «Куды яны нясуць гэтую ефу?»
 
Ды я спытаўся ў анёла, які гаварыў да мяне: «Куды нясуць яны эфу?»

І сказаў ён імне: «Станавіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і яна будзе прыгатавана й пастаноўлена на сваім подзе».
 
І ён сказаў мне: «У зямлю Сэнаар, каб пабудаваць яму дом; і там яго пакладуць на падмурак свой, як будзе ўсё прыгатавана».