Захарыі 13 разьдзел
Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2017
У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і для жыхароў Ерусаліму дзеля [абмыцьця] грэху і нячыстасьці.
У той дзень выб’ецца крыніца для дома Давіда і жыхароў Ерузаліма для абмыцця грахоў і нячыстасці.
І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вынішчу імёны ідалаў з зямлі, і ня будуць іх болей узгадваць, і таксама прарокаў [фальшывых] і духа нячыстага Я выганю з зямлі.
“Ды будзе ў той дзень, — кажа Госпад Магуццяў, — сатру імёны ідалаў з зямлі і не будуць болей памятаць іх; і выганю з зямлі лжэпрарокаў і дух нячысты.
І станецца, калі нехта будзе яшчэ прарочыць [хлусьліва], тады бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, скажуць яму: «Ты ня маеш жыць, бо ты гаворыш хлусьню ў імя ГОСПАДА»; і праб’юць яго [мячом] бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, за тое, што ён [хлусьню] прарочыць.
І будзе: калі хто будзе праракаваць залішне, дык хай скажуць яму бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго: “Не будзеш жыць, бо лжыва праракуеш у імя Госпада”; і паб’юць яго бацька яго і маці яго, якія нарадзілі яго, калі ён будзе праракаваць.
І станецца ў той дзень, што засаромеюцца прарокі, кожны за відзеж свой, калі прарочылі яны, і ня будуць апранаць кажух касматы, каб ашукваць.
І будзе: у той дзень пасаромеюцца прарокі, кожны ў бачанні сваім, калі хто будзе праракаваць; і не будуць ужо болей насіць плашчоў з радна для падману, але ён скажа:
І скажа ён: «Я — не прарок, я — чалавек, які абрабляе зямлю, бо зямля — набытак мой з маладосьці маёй».
“Я не прарок; я земляроб, бо ад юнацтва майго зямля — маёмасць мая”.
І скажуць яму: «Што гэта за раны на руках тваіх?» І ён скажа: «Паранілі мяне ў доме тых, якія любяць мяне».
Ды скажуць яму: “Што гэта за раны на руках тваіх?” І ён скажа: “Гэта мяне білі ў доме тых, якія мяне любілі”.
Абудзіся, меч, на Пастыра Майго і на Мужа, Які блізкі Мне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Удар пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я павярну руку Маю на ягнятак.
“Меч, падыміся на пастыра Майго і на чалавека, які звязаны са Мною, — кажа Госпад Магуццяў. — Удару пастыра, і разбягуцца авечкі, і павярну руку Сваю супраць малых.
І станецца на ўсёй зямлі, кажа ГОСПАД, што дзьве часткі на ёй будуць вынішчаны, загінуць, а трэцяя [частка] застанецца на ёй.
І будзе ва ўсёй зямлі, — кажа Госпад, — Дзве часткі на ёй будуць знішчаны і вымруць, і трэцяя частка застанецца на ёй;
І Я правяду гэтую трэцюю [частку] праз агонь, і ачышчу іх, як ачышчаюць срэбра, і выспрабую іх, як выпрабоўваюць золата. Ён будзе клікаць імя Маё, і Я адкажу яму і скажу: «Гэта народ Мой», і ён скажа: «ГОСПАД — [гэта] Бог мой!»
і трэцюю частку правяду праз агонь і ачышчу іх, як чысціцца срэбра, і выпрабую іх, як выпрабоўваюць золата: ён будзе прызываць імя Маё, і Я выслухаю яго. Я скажу: “Гэта народ мой”; і ён скажа: “Госпад — Бог мой”.