Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Захарыі 13 Захарыі 13 разьдзел

1 У той дзень адчыніцца крыніца для дому Давіда і для жыхароў Ерусаліму дзеля [абмыцьця] грэху і нячыстасьці.
2 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я вынішчу імёны ідалаў з зямлі, і ня будуць іх болей узгадваць, і таксама прарокаў [фальшывых] і духа нячыстага Я выганю з зямлі.
3 І станецца, калі нехта будзе яшчэ прарочыць [хлусьліва], тады бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, скажуць яму: «Ты ня маеш жыць, бо ты гаворыш хлусьню ў імя ГОСПАДА»; і праб’юць яго [мячом] бацька ягоны і маці ягоная, якія нарадзілі яго, за тое, што ён [хлусьню] прарочыць.
4 І станецца ў той дзень, што засаромеюцца прарокі, кожны за відзеж свой, калі прарочылі яны, і ня будуць апранаць кажух касматы, каб ашукваць.
5 І скажа ён: «Я — не прарок, я — чалавек, які абрабляе зямлю, бо зямля — набытак мой з маладосьці маёй».
6 І скажуць яму: «Што гэта за раны на руках тваіх?» І ён скажа: «Паранілі мяне ў доме тых, якія любяць мяне».
7 Абудзіся, меч, на Пастыра Майго і на Мужа, Які блізкі Мне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Удар пастыра, і расьсеюцца авечкі! І Я павярну руку Маю на ягнятак.
8 І станецца на ўсёй зямлі, кажа ГОСПАД, што дзьве часткі на ёй будуць вынішчаны, загінуць, а трэцяя [частка] застанецца на ёй.
9 І Я правяду гэтую трэцюю [частку] праз агонь, і ачышчу іх, як ачышчаюць срэбра, і выспрабую іх, як выпрабоўваюць золата. Ён будзе клікаць імя Маё, і Я адкажу яму і скажу: «Гэта народ Мой», і ён скажа: «ГОСПАД — [гэта] Бог мой!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Захарыі, 13 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023