Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Захарыі 6 Захарыі 6 разьдзел

1 І я павярнуўся, і ўзьняў вочы мае, і глядзеў, і вось, чатыры калясьніцы выяжджаюць паміж двух гор; і горы тыя — горы мядзяныя.
2 У першай калясьніцы коні чырвоныя, а ў другой калясьніцы коні чорныя;
3 а ў трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні стракатыя, [усе яны] моцныя.
4 І я адказаў, і сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Што гэта, пане мой?”
5 І адказаў анёл, і сказаў мне: “Гэта чатыры духі нябесныя, якія выходзяць пасьля стаяньня перад Госпадам усёй зямлі.
6 Той, у якога коні чорныя, ідуць у зямлю паўночную, а [коні] белыя ідуць за імі, а [коні] стракатыя ідуць у зямлю паўднёвую”.
7 І выйшлі [коні] моцныя, і шукалі, каб ісьці па зямлі. І ён сказаў: “Ідзіце, прайдзіце па зямлі”, і яны прайшлі па зямлі.
8 І ўсклікнуў ён да мяне, і прамовіў да мяне, кажучы: “Глядзі, тыя, якія пайшлі ў зямлю паўночную, супакоілі Дух Мой у зямлі паўночнай”.
9 І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
10 “Вазьмі [дары] ў тых, [якія прыйшлі], у Хэлдая, і ў Товіі, і ў Едаі, якія прыйшлі з Бабілону, і прыйдзеш у той самы дзень, і пойдзеш у дом Ёшыі, сына Сафоніі.
11 І возьмеш срэбра і золата, і зробіш кароны, і ўложыш на галаву Егошуа, сына Егацадака, сьвятара вялікага,
12 і скажаш яму, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: 'Вось Муж, Парастак імя Ягонае, і Ён вырасьце з месца Свайго, і пабудуе сьвятыню ГОСПАДА.
13 І Ён пабудуе сьвятыню ГОСПАДА, і будзе насіць славу, і сядзе, і будзе панаваць на пасадзе Сваім, і будзе сьвятаром на пасадзе Сваім, і рада супакою будзе паміж імі абодвума'”.
14 А тыя кароны будуць для Хэлема, для Товіі, для Едаі і для Хэны, сына Сафоніі, як памятка ў сьвятыні ГОСПАДА.
15 І далёкія прыйдуць, і будуць будаваць сьвятыню ГОСПАДА; і вы даведаецеся, што ГОСПАД Магуцьцяў паслаў мяне да вас. І гэта станецца, калі вы слуханьнем слухаць будзеце голас ГОСПАДА, Бога вашага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Захарыі, 6 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023